Жыхары вёсак з-пад Магілёва супраць шкодных прадпрыемстваў пад вокнамі
«Калі я іду раніцай на працу, ад вас ідзе смурод, і з вашай трубы ідзе такі аб’ём дыму, што проста вусцішна».
Жыхары дзвюх прыгарадных магілёўскіх вёсак Вейна і Навасёлкі пратэстуюць супраць шкодных вытворчасцяў побач зь іх паселішчамі. Вяскоўцы заяўляюць: выкіды з прадпрыемстваў наносяць шкоду навакольнаму асяродзьдзю ды іхнаму здароўю.
Днямі ў доме культуры вёскі Вейна адбыліся грамадскія слуханні па гэтай праблеме, на якія прыйшлі больш за сто мясцовых жыхароў. Заля дома культуры была поўнай.
Падчас слуханняў гучала жорсткая крытыка на адрас улады і замежнага прадпрыемства «Кронаспан», дзейнасць якога і стала нагодай для вясковага сходу. Людзі вінавацілі чыноўнікаў і прадстаўнікоў прадпрыемства ў нядбанні пра будучыя пакаленні. Наракалі на смурод з коміну прадпрыемства і злівы нечыстот на палі.
«Калі я іду раніцай на працу, ад вас ідзе смурод, і з вашай трубы ідзе такі аб’ём дыму, што проста вусцішна», — абураўся, выступаючы на слуханнях адзін з жыхароў Навасёлак.
«Вы пазбаўляеце нашых дзяцей дзяцінства. Яны, калі шчыра, то хаваюцца па хатах. Вы ж ня будзеце лячыць ані нас, ані нашых дзяцей. Я б вашу арганізацыю перапрафіліраваў, — выказваў сваю пазіцыю вясковец. — Вы высеклі пяцьдзесят гектараў лесу. Няўжо ў гэтым была такая неабходнасць, каб на гэтым месцы ўзвесці замежнае прадпрыемства. Гэта была абаронная паласа ад «Хімвалакна». Хто падпісваў дакументы, каб на гэтай пляцоўцы размясціць гэты завод, прычым у непасрэднай блізкасці ад паселішча?»
«З вашага прадпрыемства выцякае па прарытай канаве атрутная вада, якая знішчае ўсё жывое навокал», — вінаваціў прамыслоўцаў яшчэ адзін вясковец.
«Вы гэтую канаву закапалі, і пасля гэтага там пачаў расці чарот. А да гэтага там жабкі былі сінія», — даводзіў ён.
«Вы абсалютна маеце рацыю, але выкіды празь якія здохла і рыба, і чарот — яны былі ня толькі з нашага прадпрыемства, — адрэагавала на абвінавачванне прадстаўніца «Кронаспана». — Акрамя таго, гэта адбылося з прычыны парушэння тэхналагічнага працэсу і гэта ўсё спынена. І цяпер нічога ня скідваецца».
Прадстаўнікі замежнага прадпрыемства спрабавалі пераканаць грамаду, што іхная вытворчасць ня шкодзіць. Заяўлялі: дым з коміну не пагаршае экалагічнай сітуацыі.
Тлумачылі, як адбываецца працэс вытворчасці прадукцыі. Запрасілі вяскоўцаў на азнаямляльную экскурсію. Запэўнівалі, што ўдасканаляць ачыстку выкідаў з прадпрыемства.
«Калі ласка, адкажыце нам адказна, запэўніце народ, што ваша вытворчасць бяспечная», — прагучала пытанне з залі да прадстаўнікоу «Кронаспану». Адзін зь іх адказаў: «Адказна заяўляю, што нашая вытворчасць — няшкодная».
Што да высечкі зялёнай заслоны паселішчаў ад завадской дзейнасці, то прадстаўнікі прадпрыемства заявілі: яны не высякалі яе.
«Зялёная зона была высечаная не дзеля нас. Нам гэты ўчастак быў выдзелены. Калі б не было нас, то было б іншае прадпрыемства. Акрамя таго, за тэрыторыяй нашага прадпрыемства ўжо пасаджана дзевяць радаў дрэў», — паспрабавала супакоіць незадаволенасць вяскоўцаў прадстаўніца замежнага прадпрыемства.
На яе тлумачэнне заля адказала кпінамі: «Вы думаеце, пасадзіўшы дрэвы ў снежні, яны прымуцца?».
Чыноўнікі ж даводзілі: вытворчасць прайшла неабходныя санітарна-эпідэміялагічныя працэдуры, і хвалявацца няма з чаго.
Паабяцалі пісьмова адказаць на ўсе пытанні ад удзельнікаў слуханняў і звадзіць прадстаўнікоў зь вёсак на ўсе прадпрыемствы, якія месцяцца ў свабоднай эканамічнай зоне разам з «Кронаспанам», каб пераканаліся, што яны няшкодныя.
Апошняе слова — «шяшкодныя» — абурыла грамаду:
«Вы самі сабе хлусіце. Як яны няшкодныя? Пажывіце тут два-тры дні разам з старшынём сельскага савету. Вы цяпер выйдзеце на вуліцу!..» — зь месцаў пачалі крычаць людзі.
На іхную думку, дазвол на ўзвядзенне прадпрыемства быў дадзены чыноўнікамі без належнай праверкі якасці ачысткі выкідаў. Толькі цяпер, настойвалі вяскоуцы, ідзе іх наладка. З залі чуліся заклікі закрыць прадпрыемства.
На прапанову чыноўнікаў, што варта завяршаць сход і падводзіць вынікі абмеркавання, вяскоўцы, не даслухаўшы, падняліся зь месцаў і незадаволена пачалі разыходзіцца. Слуханні гэтак і не былі афіцыйна скончаныя.
Намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкаму Мікалай Шапялевіч на пытанне журналіста, ці пачула ўлада людскую занепакоенасць экалагічнай сітуацыяй, адказаў:
«Робяцца максімальныя захады для таго, каб належным чынам забяспечыць пражыванне грамадзян. Інвестарам выстаўляюцца такія патрабаванні, якія дазволілі б зняць усе пытанні, якія сёння актуальныя для нашага грамадста», — зазначыў службовец.
«Так, сапраўды экалагічная абстаноўка не зусім добрая ў нас у горадзе. І незадаволенасць гэта сёння была выказаная і жыхарамі вёсак. Мы трэці горад у Беларусі па ўзроўні забруджанасці. Але тыя прадпрыемствы, якія узводзяцца на пляцоўцы № 4 Свабоднай эканамічнай зоны, дадуць блізу трох тысяч новых працоўных месцаў. Акрамя таго, тэхналогія гэтых вытворчасцяў — еўрапейскай якасці. Прадпрыемствы, пра якія мы сёння гаварылі, працуюць з натуральным дрэвам, ня ўзьдзейнічаючы на сыравіны тэхнічна», — заключыў Мікалай Шапялевіч.
Адна з актывістак працоўнай групы, створанай жыхарамі Вейна і Навасёлак, пасля сходу прызналася, што яна ў разгубленасці. На пытанне, ці пачулі чыноўнікі і прадстаўнікі прадпрыемства занепакоенасць людзей экалагічнай сітуацыяй, спадарыня адказала:
«Ніводнага канкрэтнага адказу на нашы пытанні мы не пачулі. Толькі адно гучала, што прадпрыемства «Кронаспан» — проста шакаладная фабрыка і ўся карысная такая. Мы ў разгубленасці адносна таго, што трэба далей рабіць. Да каго тут можна дагрукацца? Пакуль я ня ведаю, на што спадзявацца».
На сходзе вяскоўцаў прысутнічаў і актывіст экалагічнай арганізацыі «Экадом» зь Менску Рыгор Фёдараў. Грамадскі эколаг пагадзіўся: занепакоенасць вяскоўцаў экалагічнай сітуацыяй вакол іх паселішчаў апраўданая. У Магілёве нямала экалагічных праблемаў, даводзіць ён. Па некаторых шкодных выкідах перавышэнне нормы сягае некалькіх разоў:
«Наагул ёсць праблема — гэта відавочна. Прадпрыемства, пра якое гаворка, паводле беларускіх правілаў ня лічыцца хімічным, але там ёсць хімічныя рэчывы. Імі насычаюць стружку, перад тым, як рабіць зь яе арыентавана-стружачныя пліты. Людзі, зразумела, незадаволеныя тым, што ў іх пад бокам прадпрыемства, якое сапраўды шкоднае! Па-сутнасці шкоднае. Яно дадае дужа шмат шкодных рэчываў у паветра».
Гэты сход па пытанні экалагічнай абстаноўкі ў Вейна і Навасёлках ня першы. Паводле вяскоўцаў, на адлегласці за 800 метраў ад іх паселішчаў на невялікай пляцоўцы збіраюцца размясціць 29 вытворчасцяў.
Чыноўнікі запэўніваюць: павелічэння колькасці прадпрыемстваў не плануюць. На сходзе агучылі звесткі, што неўзабаве пачнецца ўзвядзенне прадпрыемства «Омск-Карбон». Яно будзе вырабляць тэхнічны вуглярод — сыравіну для вырабу аўтамабільных шын. На гэтае паведамленне вяскоўцы выбухнулі абурэннем, бо, на іхную думку, яно больш шкоднае за «Кронаспан».
Обсудим?