Спектакль пра Скарыну ў Магілёве паставілі на рускай мове
Прэм’ера ў лістападзе. У пастаноўцы занятая амаль уся тэатральная трупа.
«Скарына апярэдзіў час, здзівіўшы ведамі навукоўцаў-сучаснікаў, — кажа пра галоўнага героя спектакля яго рэжысёр літовец Саўлюс Варнас. — Спачатку сваёй любоўю да вучобы, а ў далейшым — навуковай працай і выбарам місіі першадрукара».
У п’есе беларускага асветніка і друкара будуць суправаджаць чатырохметровы пітон, юная гімнастка на ровары ды анёл на цыркавым шары.
У рэпертуары Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру няшмат пастановак, галоўнымі героямі якіх выступаюць беларускія гістарычныя персанажы. У новым спектаклі адзін з самых вядомых, беларускі першадрукар Францыск Скарына, звернецца да гледача на рускай мове.
На афішы назва спектакля таксама пададзена па-руску.
З гэтай недарэчнасці і пачалася размова з пастаноўшчыкам спектаклю, галоўным рэжысёрам абласнога тэатра Саўлюсам Варнасам, які кіруе Магілёўскім драматычным хутка тры гады.
— Саўлюс, спектакль «Скарына» — рускамоўны. Чаму? Ці дарэчы ў Беларусі рабіць спектаклі пра гістарычных беларускіх персанажаў па-руску?
— Я згодны, што слушна было б іграць спектакль на беларускай мове. Але, нажаль, п’еса была напісаная па-руску (аўтары п’есы Саўлюс Варнас і беларускі драматург Мікалай Рудкоўскі. — рэд.), ды й над тэкстам я працягваў працаваць таксама на рускай мове, бо на беларускай пісаць пакуль ня ўмею. Магу толькі разумець гаворку, але ня болей за тое.
Прымаю ваша пытанне як дакор і згаджаюся, што вы маеце рацыю.Трэба падумаць, як выправіць гэтую памылку — можа, ужо ня ў гэтай, а ў будучай пастаноўцы.
— А чаму ўзяліся за пастаноўку гэтага спектакля? Што вас зацікавіла: сама асоба Скарыны, час, у якім ён жыў? Якая асноўная думка спектакля?
— Усіх і заўжды прыцягваюць асобы, якія апярэджваюць свой час. Скарына апярэдзіў яго, здзівіўшы ведамі навукоўцаў-сучаснікаў — спачатку сваёй любоўю да вучобы, а ўдалейшым — навуковай працай і выбарам місіі першадрукара. Ён першым пераклаў на беларускую мову Біблію.
У той час існавала мноства розных тайных арганізацыяў, якія маглі ўвесці ў зман маладога чалавека і адцягнуць яго ад сапраўднай місіі — несці святло ведаў беларускаму народу, сярод якога ён нарадзіўся і зрабіў першыя крокі пазнання.
Спрыяла раскрыццю здольнасцяў Скарыны і тое, што ён нарадзіўся ў Беларусі, якая ўваходзіла ўсклад Вялікага Княства Літоўскага. Дзякуючы гэтаму першадрукар увабраў еўрапейскія веды таго часу, вярнуўся ў сваю краіну, да свайго народу, і падарыў яму гэтыя веды праз самастойна перакладзеныя і выдрукаваныя кнігі.
Чалавецтва даўно ўжо страціла любоў да бліжняга ў тым разуменні, якое падаецца ў Бібліі. Але калі ў чалавеку запаноўвае абыякавасць да бліжняга, з таго моманту пачынаецца тэрыторыя зла. Імпэт да нажывы, да грошай займае сабою ўсё — сумленне, імкненне да ісціны, жаданне ствараць...
Спадзяюся, што сустрэча з ідэямі Скарыны і эпізодамі ягонага жыцця некаторым дапаможа ўсім нам устаць на шлях ачышчэння нашых душ і пакладзе пачатак нашаму духоўнаму выздараўленню.
Мяркую, што ў спектаклі кожны знойдзе для сябе тое, што ўмацуе ў ім веру ў мару, дасць сілы і натхнення ісці да абранай мэты.
— Саўлюс, а ў чым інтрыга спектакля? Ці будуць у ім нечаканыя выдумкі?
— Спектакль пачнецца са звароту да гледача маладога чалавека, які падзеліцца агульнавядомай інфармацыяй пра Скарыну.
У спектаклі будзе занятая амаль уся акторская трупа тэатру, а таксама некалькі людзей па дамове — утаймавальнік змеяў з чатырохметровым пітонам ды юная гімнастка на спецыяльным ровары. Будуць і іншыя трукі. Напрыклад, Анёл на вялікім цыркавым шары будзе суправаджаць Скарыну па ягоным жыццёвым шляху.
— Саўлюс, ці можна ў Скарыне разгледзець цяперашняга беларуса? Ці ёсць хоць нейкае характэрнае падабенства?
— Усе мы хрысціяне, і між намі нашмат больш агульнага, чым адрознага, хоць мы ўсе дужа розныя. Для многіх з нас жыццё Францыска Скарыны можа стаць прыкладам, і кожны возьме ад яго нешта для сябе, у залежнасці ад таго, які шлях ён прайшоў, куды і якой дарогай ідзе...
— А ці вядомы беларусам Скарына, каб з яго браць прыклад?
— Думаю, што імя Скарыны вядомае беларусам. Кожны пра яго хоць нешта чуў, чытаў — нехта больш, а нехта менш. Аднак усе нашы веды адносныя, таму варта рухацца шляхам пазнання. Кожны чалавек — таямніца нават для самога сябе, ня кажучы ўжо пра другіх.
— Саўлюс, вы самі з Літвы, а якімі вы ўбачылі беларусаў? Ці любяць беларусы тэатр? Які жанр нам бліжэйшы: драма, сатыра?
— Мне падабаюцца беларусы. Мне падаецца, што беларусы зычлівыя, справядлівыя (ва ўсякім разе, яны імкнуцца да гэтага). Яшчэ працавітыя ды законапаслухмяныя. Мяне яны «перавыхавалі». Напрыклад, навучылі не пераходзіць вуліцу на чырвонае святло, нават калі паблізу няма машын...
Згледачамі назіраецца тая ж тэндэнцыя, што і ўЛітве. Гледачоў, якія жадаюць працаваць, то бок разважаць падчас спектакля, становіцца ўсё меней. Гэта дужа небяспечная тэндэнцыя — адмаўляцца ад сталай працы мозгу, ад сталага самаўдасканальвання. Яна пагражае ментальнаму і маральнаму здароўю ня толькі асобна ўзятага чалавека, але і ўсёй нацыі. Мы не павінны задавальняцца духоўнай «ежаю», якая труціць нашу душу. Нібыта яна смачная, лёгка засвойваецца, але насамрэч далёка не карысная і неспажыўная.
— Калі вы прыехалі ў Беларусь, ці здзівіліся, што беларусы не гавораць на сваёй мове? Якая была ваша рэакцыя?
— Я не здзівіўся. У шмат якіх былых рэспубліках Савецкага Саюзу дамінавала расейская мова. Нават у Рызе пад 50 працэнтаў насельніцтва было расейскамоўным. Амаль усе гаварылі на рускай мове.
Памятаю, як аднойчы працаваў з галоўным мастаком аднаго рыжскага тэатру. Неяк ён вярнуўся дужаў збуджаны і збянтэжаны з пасяджэння па вырабе дэкарацыяў. Ён паскардзіўся мне, што дзве гадзіны абмяркоўваў праблемы на рускай мове, а прыканцы гутаркі высветлілася, што ўсе прысутныя былі латышы...
У Прыбалтыцы толькі ў Літве і Эстоніі заўжды ўдавалася абараняць сваю мову. Хоць, як вы цудоўна ведаеце, за часамі Вялікага Княства Літоўскага быў перыяд, калі дзяржаўнай мовай была беларуская і на ёй складаліся ўсе афіцыйныя дакументы.
Дужа добра, што сёння, нягледзячы ні нашто, усе мы здолелі захаваць сваю родную мову. На шчасце, адбываецца і адраджэнне беларускай мовы, у тым ліку і ў штодзённай гаворцы, што дужа важна для самасвядомасці народу.
Обсудим?