Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Росквіт шляхецкай хрысціянскай дэмакратыі
Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
Калі ў сярэдзіне ХІІІ — пачатку ХІVстагоддзя ўладная сістэма Вялікага Княства Літоўскага яшчэ зазнае сужыццё полацкіх хрысціянскіх і дэмакратычных традыцыяў з паганскімі балцкімі (справа хросту Міндоўга ды Гедзіміна), дык ужо з другой паловы ХIVстагоддзя, з часоў Альгерда, Вялікае княства пачынае набываць абрысы вялікай еўрапейскай хрысціянскай дзяржавы.
Нават для эпохі рэлігійнага Сярэднявечча ВКЛ была краінай ўнікальна хрысьціянскай паводле свайго характару.
— Большасць земляў была далучаная да ВКЛ мірам — і гэта ў эпоху, што жыла войнамі;
— У дзяржаве кіраваў Закон, шэдэўр юрыспрудэнцыі таго часу, правобраз еўрапейскіх канстытуцыяў — Статут ВКЛ, грунтаваны на тэзах са Святога пісьма.
— Грамадства адрознівала талеранцыя ў сутоцы канфесіяў. Тым часам як кантынент скаланалі рэлігійныя войны, інквізіцыя й варфаламееўскія ночы, ВКЛ абавязвала да верацярпімасьці нават караля Францыі;
— Поўнае спрыянне аказвалася габрэям, практычна ўраўнаваным у правох са шляхтай — і гэта сярод пандэміі антысемітызму тых стагоддзяў.
ВКЛ згенеравала найбольш паспяховую вунію паміж праваслаўнымі й каталікамі; пазбегла пандэміі акультызму, атэізму, разбэшчанасці;
Палітычны лад ВКЛ набліжаўся да шляхецкай хрысціянскай дэмакратыі — параўнайце з тагачаснымі еўрапейскімі манархіямі ці маскоўскай дэспатыяй!
Сплаў Рэфармацыі і Рэнесансу спарадзіў феервэрк рамантычнага і духоўнага мастацтва, музыкі, літаратуры — культуры Залатога веку;
ВКЛ сталася галоўнай друкарняй Святога Пісьма й эпіцэнтрам евангельскай місіі ва Ўсходняй Еўропе: Скарына пераклаў Біблію на беларускую, Фёдараў і Мсціславец выканалі апостальскую ролю ў Расеі й на Ўкраіне, Радзівіл і Будны друкавалі дзясяткі выданняў на лаціне й польскай для Захаду;
XVI ст. — росквіт хрысціянскага кнігадрукавання і культуры. Дзясяткі выданняў Святога Пісьма, катэхізмаў, тэалагічнай публіцыстыкі і навучальнай літаратуры. Першае ва Ўсходняй Еўропе барока ў Нясвіжскім касцёле Божага Цела ў наступных стагоддзях дасць цэлы выбух шэдэўраў. Мураванка, Сынкавічы, збор у Заслаўі, Фара ў Горадні. Сотні адчыненых школаў — кальвінскія, езуіцкія, брацкія. Віленская Акадэмія...
У эпоху ВКЛ Біблія старонку за старонкай расхінала перад беларускай місіяй усю Ўсходнюю Еўропу. Выданне Францішка Скарыны адкрывала Бога Вялікай Літве, "Апостал" Івана Фёдарава й Пётры Мсціслаўца ды "Псалтыр рыфматворны" Сімяона Полацкага ператваралі Расею, львоўскія й астрожскія выданні беларускіх друкароў — будавалі Украіну, Радзівілаўская Біблія і "Новы Запавет" Сымона Буднага фармавалі Польшчу.
Як у агромністым тыглі, у сярэднявечнай Беларусі пераплаўляліся пераклады і друкі праваслаўнага і каталіцкага канонаў, пратэстанцкай і юдэйскай традыцыі — каб даць свету вялікія асобнікі Бібліі. Скарынаўскую "Біблію Руску" чацвёртую ў сьвеце (пасля нямецкай, італійскай і чэскай) друкаваную на жывой мове народу, з бліскучымі прадмовамі й унікальнымі гравюрамі. “Берасцейскую” або “Радзівілаўскую”, 1563 г., з найвялікшай руплівасцю перакладзеную й шыкоўна аздобленую. “Астрожскую Біблію” 1581 г., першую поўную сярод славянскіх народаў.
Найбольш хрысціянскае ў гісторыі ВКЛ XVI ст. спарадзіла бурнае развіццё рынкавай гаспадаркі: цяпер гэта называецца “эканамічны бум”. За некалькі дзесяцігоддзяў нацыянальны даход ВКЛ павялічваецца ў 4 разы й азалачае казну. Уніфікаваны грашовы абарот. Пратэстантам Астафеем Валовічам праводзіцца аграрная рэформа паводле лепшых еўрастандартаў, "Устава на валокі", пасля якой Беларусь пачала экспартаваць збожжа. Створаная таварная сельская гаспадарка: вёскі ў адну вуліцу й фальваркі робяцца галоўным беларускім ландшафтам на бліжэйшыя 400 гадоў.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”
Працяг будзе
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?