Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Беларускае хрысціянскае трыадзінства

«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага трыадзінства, сфармуляваны ў Евангеллі.

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Асаблівай увагі ў беларускім Залатым веку заслугоўвае феномен беларускага хрысціянскага трыадзінства — супраца і ўзаемадапаўненне трох галоўных канфесіяў, якія пашыраліся нават на самакіраванне і дзяржаўнае кіраванне ВКЛ.

У час рэлігійнай нецярпімасці на Захадзе і на Ўсходзе праваслаўныя, каталікі і пратэстанты Вялікага княства разам займалі пасады ў Паны-радзе, урадавых установах, судах, магістратах; міжканфесійная дамова была хутчэй правілам, чым выключэннем; еднасць веравызнанняў шматкроць пацвярджалася адпаведнымі прывілеямі, пастановамі і Статутамі.

Беларускі менталітэт, працоўная этыка, сямейны лад, правасвядомасць былі сфармаваныя хрысціянскім сумежжам Залатога веку: праваслаўем, каталіцтвам і пратэстанцтвам ва ўзаемным уплыве, канкурэнцыі і кампрамісах. Унікальнасць беларускай сітуацыі, нашая моц і нашая слабасць тлумачацца якраз формуламі геапалітычнага хрысціянскага сінтэзу эпохі ВКЛ ў самым сэрцы еўрапейскага кантынэнту.

«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага трыадзінства, сфармуляваны ў Евангеллі. Талеранцыя, унія, унікальны іканапіс, віленскае барока касцёлаў, цэркваў і збораў — плён хрысціянскага трыадзінства па-беларуску.

«Беларусь — краіна найперш хрысціянская, а затым ужо праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая… Нас аб’ядноўвае крыж», — піша Адам Мальдзіс.

Гістарычна менавіта хрысціянскае трыадзінства было кропкай кіпення і пунктам грамадскага росту ў ВКЛ і Беларусі. Узаемапранікненне, канкурэнцыя і сумоўе трох канфесіяў далі нам абуджэнне Залатога веку — час найвышэйшых дасягненняў. Праваслаўная Расея, каталіцкая Польшча, пратэстанцкія Нямеччына ды Швецыя ў розныя часы расцягвалі Беларусь на кавалачкі. Але для краіны, што тысячу гадоў жыве на геапалітычным крыжы, увесь сэнс цэласці не ў выбары якой-небудзь адной канфесіі, а якраз ва ўсведамленні ўласнага трыадзінства.

Так беларускі геній Скарына, праваслаўнай традыцыі, на каталіцкай працы, паводле перакананняў евангелік, сумясціў у сабе ўсё найлепшае з канфесійнай Тройцы — і стаў постаццю № 1 у нацыянальнай гісторыі.

Так трыяда нацыянальных сімвалаў — герб, гімн і сцяг — у Беларусі адпаведная Боскім іпастасям: «Магутны Божа» ад Бога-Айца, бел-чырвона-белы сцяг Хрыста ад Бога-Сына і імклівая «Пагоня», што перадае палымяную моц Духа Святога.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.