Альбом Зміцера Вайцюшкевіч «Наша песня» выкладзены ў інтэрнэт
У інтэрнэце адбылася прэзентацыя новага альбома Зміцера Вайцюшкевіча «Наша песня», які складаецца з 12 песень класікаў і сучасных беларускіх аўтараў. Усе кампазіцыі так ці інакш прысвечаныя тэме радзімы.
«Звярнуцца да такой складанай тэмы прымушае час, — лічыць Вайцюшкевіч. — Хопіць дзяліцца на чэсных і нячэсных, на левых і правых, на беларускамоўных і рускамоўных. Хопіць дзяліцца паводле колеру сцяга ці паводле палітычных сімпатыяў. Натуральна, што мы ўсе розныя і маем розныя перавагі. Але глабальна ўсе, хто дбае пра Беларусь і яе культуру — на адным баку».
Альбом спалучае класіку савецкіх часоў з сучаснай лірікай. З аднаго боку «Мой край» Ціхановіча, «Я люблю бярозку» Семянякі, «Вераніка» Лучанка. З іншага — «Паланэз» Агінскага, «Магутны божа» Равенскага, «Я нарадзіўся тут» Вольскага, «Сцяг» Вайцюшкевіча. А таксама цалкам новыя песні Вайцюшкевіча на словы Някляева: «Жыве Беларусь», «Красуня вясна», «На дальняй старане».
«Усе песні ў цалкам новых версіях і ў іншым прачытанні. «Я нарадзіўся тут», напрыклад, гучыць зараз ад імя пасталеўшага героя і з іншым настроем. Пры гэтым яна змяшчае дагэтуль нявыдадзены кавалак першапачатковага тэкста, які ў свой час забракаваў прадусар праекта Алесь Суша. Некалькі песень наогул гучыць з хорам — я вельмі хацеў гэта зрабіць і зараз вельмі задаволены», — тлумачыць спявак.
Обсудим?