Уладзімір Падгол. ДЫКТОЎКА. Падарунак на дзень народзінаў

Падарункі да дня народзінаў бываюць розныя. Мужыку, які мае досьвед у напоях, лепшы падарунак — вельмі якаснае віно, ці віскі, ці каньяк...

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол. 55 гадоў. Жанаты трэці раз. Мае трох дзяцей, аднаго ўнука. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Стваральнік Музея жорнаў.

Падарункі да дня народзінаў бываюць розныя. Мужыку, які мае досьвед у напоях, лепшы падарунак — вельмі якаснае віно, ці віскі, ці каньяк. Жанчыне дораць кветкі, парфуму. Дзецям — цацкі, кнігі, дыскі, кампутары. Падарункаў можа быць некалькі.

Калі даведаўся, што Лявону Баршчэўскаму 4 сакавіка споўніцца 50 год, ідэя падарунка прыйшла імгненна.

Паважаны Лявоне!

Лявон БаршчэўскіДа твайго Дня нашы паганскія Богі перадалі праз Сёмуху бутэльку «Пегасаўкі» і мы абавязкова кульнём па чарцы і не адной за твае 50 год і пачастуем гасьцей магічнай натхняльніцай.

Ты маеш унікальны густ на напоі, і бадай што дэгустатары страцілі свайго генія. Затое беларусы набылі яго ў тваёй асобе, як дэгустатара Моваў. І гэта мой тост на першую чарку: «За геніяльнага дэгустатара моваў!»

Але ж юбілей твой незвычайны, і чалавек ты грамадзкі. Вялікую частку жыцьця ты аддаў ліцэю. За свае гады выкладаў на сотнях, на тысячах ўрокаў. Склаў безьліч раскладаў заняткаў.

Калісьці ты ў цяжкія моманты майго жыцьця ратаваў мяне ад арыштаў і голаду, даючы мажлівасьць пісаць «Кулю для прэзыдэнта», потым ты рэдагаваў яе.

Сёньня я магу аддзячыць напоўніцу. Вось табе мой падарунак, Лявоне, адмысловы: Расклад заняткаў і метадычныя рэкамендацыі да ўрокаў Роднай Мовы ў сімвалічнай сусьветнай грамадзкай беларускай школе.

Я першы раз у жыцьці склаў расклад урокаў — дылетант. Таму на хібы расклада ўвагу зьвяртай і людзям даючы, папраўляй.

РАСКЛАД УРОКАЎ У ГРАМАДЗКАЙ БЕЛАРУСКАЙ ШКОЛЕ НА 2008 ГОД

УРОКІ РОДНАЙ МОВЫ

Першы ўрок: БЕЛАРУСКАЙ ТАЛАКІ

Агульнанацыянальная дыктоўка 23 сакавіка.

Рыхтуем тэкст дыктоўкі разам. Кожны, хто жадае, чытае і перачытвае кнігі беларускіх пісьменьнікаў, робіць нарэзкі выказваньняў пра Незалежнасьць, Свабоду, Родную мову, гістарычную спадчыну і дасылае ў аргкамітэт. Прапановы друкуюць незалежныя газэты. Агучваюцца па радыё і тэлебачаньні. Спецыялісты па складаньню дыктовак адбіраюць з нарэзак адпаведнае і ўтвараюць узорны тэкст. Прапановы, якія не трапілі ва ўзорны тэкст, выкарыстоўваюцца для наступнай дыктоўкі.

На дыктоўку бярэм кнігі любімых, паважаных пісьменьнікаў і кладзем іх перад сабой.

Пішам сем’ямі і суполкамі. Зьбираемся на сходы па ўсёй Беларусі і ўсім сьвеце, абмяркоўваем будучыню нашай мовы, лёс беларускай школы. Пішам разам сказы славутых землякоў. Паэтаў, пісьменьнікаў і публіцыстаў, якія выйшлі зь іх душы і не зьніклі ў стагодзьдзях, дайшлі да нас. Пішам і фатаграфуемся. Дэманструем Мове, беларусам, людзям усяго сьвету павагу, пашану, любоў да мовы, культуры.

Ладзім дыктоўку талакой.

Другі ўрок: БЕЛАРУСКАЙ СЬМЕЛАСЬЦІ

Сустрэчы пісьменьнікаў з удзельнікамі дыктоўкі ў Беларусі.

Прэзэнтацыя пісьменьнікамі, грамадзкімі дзеячамі і выдатнікамі першага ўрока фотавыставы ўдзельнікаў Першай агульнанацыянальнай дыктоўкі падчас сустрэч з чытачамі ў регіёнах Беларусі.

Трэцьці ўрок: БЕЛАРУСКАЙ ЛУЧНАСЬЦІ

Сустрэчы пісьменьнікаў з удзельнікамі дыктоўкі за мяжой.

Прэзэнтацыя пісьменьнікамі, грамадзкімі дзеячамі і выдатнікамі першага ўрока фотавыставы ўдзельнікаў Першай агульнанацыянальнай дыктоўкі пад час сустрэч з чытачамі краінаў, дзе беларусы пісалі дыктоўку.

Чацьвёрты ўрок: БЕЛАРУСКАЙ ЭЎРАПЕЙСКАСЬЦІ

Фестываль беларускай мовы ў Эўрапарляманце.

Падарунак Лявона Баршчэўскага эўрапейцам Слоўніка моваў краінаў Эўразьвязу. Дорыцца ўкладальнікам Баршчэўскім у Эўрапарляманце.

Прэзэнтацыя ў Эўрапарляманце фотавыставы ўдзельнікаў Першай агульнанацыянальнай дыктоўкі беларусаў. Ладзяць пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы і выдатнікі першага ўрока.

Паказ дакументальнага фільма пра Першую агульнанацыянальную дыктоўку.

Выстава кнігаў беларускіх пісьменьнікаў, выдадзеных насуперак дзяржаўнай цэнзуры: «Вольная беларуская кніга».

Сярод кніг будзе і адмысловая са сьпісам усіх удзельнікаў дыктоўкі, тых, хто пажадаем трапіць у такую кнігу. Тамсама — сьпіс пераможцаў конкурса сачыненьняў і паэзіі, што ладзяць ПЭН цэнтр, Саюз пісьменьнікаў і БНФ да 90-х угодкаў БНР. Гэтую кнігу можна назваць «За Свабоду Роднай Мовы».

Выстава незалежных газэтаў, якія шануюць Родную мову.

Выстава твораў нашых мастакоў з суполкі Пагоня і прэзэнтацыя Звана Волі.

Пяты ўрок: ЗНАЧНАСЬЦІ БЕЛАРУСАЎ У СЬВЕЦЕ

Фестываль беларускай мовы ў ААН.

Пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы і выдатнікі першага ўрока прэзэнтуюць фотавыставу ўдзельнікаў Першай агульнанацыянальнай дыктоўкі беларусаў.

Паказ дакументальнага фільма пра Першую агульнанацыянальную дыктоўку.

Выстава кнігаў беларускіх пісьменьнікаў, выдадзеных насуперак дзяржаўнай цэнзуры: «Вольная беларуская кніга».

Сярод кніг будзе і адмысловая са сьпісам усіх удзельнікаў дыктоўкі, тых, хто пажадае трапіць у такую кнігу. Там будзе сьпіс пераможцаў конкурса сачыненьняў і паэзіі, што ладзяць ПЭН цэнтр, Саюз пісьменьнікаў і БНФ да 90-х угодкаў БНР. Гэтую кнігу можна назваць «За Свабоду Роднай Мовы».

Выстава незалежных газэтаў, якія шануюць Родную мову.

Выстава твораў нашых мастакоў з суполкі Пагоня і прэзэнтацыя Звана Волі.

Прапанаваныя урокі роднай мовы ёсьць і ЎРОКІ СВАБОДЫ І ВОЛІ, калі ўлічыць наступныя рэкамендацыі.

Метадычныя рэкамэндацыі да першага ўрока роднай мовы,
ці першы ЎРОК СВАБОДЫ І ВОЛІ

Мы звыкліся да таго і амаль не заўважаем, што нашаму народу штодня і па некалькі разоў дыктоўку дыктуюць дыктатары.

Яны прасуюць мазгі людзям, дыктуючы з ранку да вечара:

«Белорусы и русские — это один и тот же народ».
«Белорусы — это русские, только со знаком качества».
«Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке, потому, что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык — бедный язык. В мире существует только два великих языка — русский и английский».
«На белорусском языке трудно сформулировать понятия в естественных науках…»
«Почему я сейчас больше на русском говорю? Чтобы говорить идеально, надо что-то почитать, документы и пр. Почитаешь вечер на белорусском — и уже забываешь русские слова. Давайте откровенно. Кто в мире знает белорусский язык? А русский?»

Мы можам, сабраўшыся разам, прадыктаваць нашым грамадзянам зусім іншыя словы, сказы, думкі пра старажытную мову, культуру, мараль і палітыку.

Мы можам прадыктаваць нашым дзецям пра вартасьць і няўміручасьць мовы і культуры. Пра нашу любоў і павагу да яе.

Людзі пачуюць нас толькі тады, калі мы зьбярэмся разам, напішам разам. Людзі пачуюць нас, калі дыктоўку абвесьцяць званы волі і зайграюць музыкі. Урэшце мы пачуем адзін аднаго і нашых продкаў. Мы пададзім голас нашчадкам, якія яшчэ не нарадзіліся. Як падалі нам голас заснавальнікі БНР.

Мы можам прадыктаваць дыктатарам:

Беларусы — гэта старажытны эўрапейскі народ — і гэта наша якасьць.

Мы маем родную мову — і гэта наша адметная якасьць.

На нашай мове пісаліся першая Біблія ўсходніх славянаў і першая Эўрапейская Канстытуцыя — і ў гэтым наша якасьць.

Мы можам прадыктаваць так, каб дыктатары і іхныя нашчадкі пачулі: мова жыве, гучыць і мае шмат непахісных абаронцаў.

Мы напішам дыктоўку і тым самым прадыктуем дыктатарам, што 90 гадоў таму ўрад БНР абвясьціў дзяржаўнасьць беларускай мовы і мы сёньня сьвяткуем тую падзею. І сьвяткаваць будзем, пішучы беларускімі словамі вечныя ісьціны.

Наша слова дойдзе да кожнага беларуса, у тым ліку і да ўладатрымальніка краіны. Яно дойдзе, бо нашу дыктоўку мы пашлем і дыктатарам.

Захопнікі страшацца ня толькі зброі. Для дыктатара «перо — самое грозное оружие», а «средства массовой информации — оружие массового поражения».

Але і памесныя ўладары адчуваюць уплывы жыцьця. Сабраўшыся на саміт СНД у Маскве, яны пастанавілі абвясьціць 2008 год годам літаратуры і літаратурнага пераклада.

Пішучы дыктоўку талакой, робячы фотавыставы і яе імпрэзы, мы тым самым утворым Народны тэлевізар, які немажліва падпарадкаваць чужой волі, які немажліва разьбіць, выключыць, сьцерці.

Гэтую фотавыставу мы пакажам кожнаму беларусу, эўрапейцам і людзям з усяго сьвету. Хай яе ўбачаць і памесныя ўладатрымальнікі.

Метадычныя рэкамэндацыі да другога ўрока роднай мовы,
ці другі ЎРОК СВАБОДЫ І ВОЛІ

Прэзэнтацыя фотавыставы сучасных талакоўцаў — сябраў па дыктоўцы — стануць урокам свабоды ад страху, урокам адвагі. Бо каб паказаць свой твар, на які нацэліцца процьма агентаў, публічна прадэманстраваць свой удзел у напісаньні словаў пра Незалежнасьць, Волю, Мову, Бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню, патрэбная мужнасьць. Бо гэта — ўчынак, гэта тое самае, што прайсьці несанкцыянаваным шэсьцем па ўсёй Беларусі. Гэта — Шлях Волі зь няволі. Гэта — Шлях беларускага слова і характару.

Шлях фотавыставы — гэта і ўрок Надзеі. З фотаздымкаў на нас і ўвесь сьвет будуць глядзець нашыя дзеці, на якіх ляжа адказнасьць, што тыя, што валодаюць роднай мовай, здольныя на самыя высокія дасягненьні ва ўсіх галінах тэхнікі, навукі, культуры і мастацтва.

Упэўнены, што з фотаздымка будзе глядзець на нас і пабачыць увесь сьвет будучы прэзыдэнт вольнай незалежнай Беларусі. Можа гэта будзе навучэнец твайго ліцэя, Лявоне.

Метадычныя рэкамэндацыі да трэцяга ўрока роднай мовы,
ці трэці ЎРОК СВАБОДЫ І ВОЛІ

Беларусы раскіданыя па ўсім сьвеце. Толькі эліты маюць мажлівасьць сустракацца з землякамі ў іншых краінах. Прэзэнтацыя фотавыставы талакоўцаў агульнанацыянальнай дыктоўкі дасьць усім нам нагоду паглядзець адзін аднаму ў твар, зазірнуць у душу. Зладзіць сапраўдны Ўсенародны Сход Беларусаў. Разам з беларусамі ўсяго сьвету мы ўтворым сучасную Беларускую Народную Рэспубліку. І яна таксама ўвойдзе ў гісторыю і год у год будзе пашыраць кола сваіх грамадзянаў пад час традыцыйных сходаў на дыктоўку і Шляхоў Волі.

Метадычныя рэкамэндацыі да чацьвёртага ўрока роднай мовы,
ці чацьвёрты ЎРОК СВАБОДЫ І ВОЛІ

Урок беларускай эўрапейскасьці ня раз давалі нашыя продкі. Скарына друкаваў Біблію ў Празе. Статут Вялікага Княства быў узорам Эўрапейскай Канстытуцыі. Эўрапейцы вучыліся ў нас, мы вучыліся ў эўрапейцаў. Ты, Лявоне, зрабіў унікальную кнігу — слоўнік моваў усіх краінаў Эўразьвязу. Такога падарунка ад беларуса эўрапейцы не маглі і ўявіць. Яны ў Эўрапарляманце пераводзяць прамовы адзін аднаго. І слоўнік іхных моваў разам з беларускай — гэта ўзор інтэграцыі па-эўрапейску, узор падарунка па-беларуску. Пераклады кніг з эўрапейскіх моваў на беларускую, што мы пакажам у Эўрапарляманце, — гэта таксама падарунак па-беларуску. Кнігі свабоды і карціны свабодных творцаў могуць застацца ў Эўрапарляманце як якары беларушчыны. І будуць чакаць, покуль беларусы абяруць у Эўрапарлямант сваіх дэпутатаў. Застанецца і фотавыстава са здымкамі першых удзельнікаў беларускай дыктоўкі ды кнігай са сьпісам удзельнікаў дыктоўкі. І можа стацца, што некаторыя зь іх стануць эўрапейскімі дэпутатамі.

Метадычныя рэкамэндацыі да пятага ўрока роднай мовы,
ці пяты ЎРОК СВАБОДЫ І ВОЛІ

Перад тым, як везьці нашу дыктоўку-талаку ў ААН, трэба абавязкова паказаць яе помніку Касьцюшку ў Вашынгтоне. Хай прыйдуць беларусы Вашынгтона да помніка славутаму беларусу і таксама пабачаць, што ў Беларусі мільёны шанавальнікаў мовы. Хай хоць хвіліну пабудуць разам тыя беларусы ў Амерыцы, што пісалі разам з намі дыктоўку.

Мы — нацыя людзей, якія гавораць па-беларуску, — можам зрабіць значна больш, чым покуль робім. Шлях нашай дыктоўкі да Брусэля, Вашынгтна і Ню-Ёрка праз самыя маленькія куточкі Беларусі стане сапраўдным сталеньнем нацыі. З эўрапейскіх сталіцаў і амерыканскіх офісаў шлях нашага шэсьця будзе зноў да сшытка, кампутара, да дыктоўкі і пахода ў рэгіёны. І так кожны год будзем хадзіць кругамі, ладзіць наш Шлях да волі Роднай мовы, покуль ня выйдзем з рабства. А калі мова стане вольнай, мы ўсё роўна будзем пісаць дыктоўку, як напамін пра выхад з духоўнага рабства кожным новым пакаленьням.

Маісей выводзіў габрэяў з Эгіпта, з рабства. Наша мова можа вывесьці нас з рабства ў савецкіх уладароў, з падпарадкаваньня імперскім дыктатарам. Кожная літара, слова, сказ дыктоўкі — гэта крокі па Шляху да Волі Роднай мовы, які можа быць доўгім. Але мы мусім пісаць разам, крочыць упарта. Сучаснасьць дае мажлівасьць людзям усяго сьвету сачыць за нашым выхадам з моўнага рабства, балець за нас, дапамагць нам. Але ніхто ня пойдзе замест нас. Нашая сусьветная значнасьць у тым, што ў нас ёсьць воля да свабоды і заможнага жыцьця. І рабская пахлёбка з дыктатарскіх сталоў, прыпраўленая чарнобыльскімі атамамі, ды танны дургаз не затлумяць нам глузды, не зьнявечаць Роднае Мовы.

Бяры мой падарунак, Лявоне, і шчодра, як ты гэта ўмееш рабіць, падзяліся ім зь беларусамі.

P.S. Адзін мой стары знаёмы падзяліўся сваімі пакутамі: выбіраю, што падарыць Баршчэўскаму, якога вельмі паважаю, на дзень народзінаў. Я параіў, што адным з дарункаў яму будзе, калі Вы прыйдзеце пісаць дыктоўку на роднай мове разам зь ім.

І да ўсіх чытачоў зьвяртаюся: 23 сакавіка зьбірайцеся разам, як на сьвята, пісаць дыктоўку ў грамадзкія месцы, кватэры, офісы, бібліятэкі. Дзе б вы ні былі. Калі ня будзе памяшканьня, стаўце сталы на вуліцы і пішыце. Зьбярыцеся на сходы па ўсёй Беларусі і ўсім сьвеце, каб абмяркаваць будучыню Роднай мовы. Абмяркуйце нашае жыцьцё і лёс дзяржавы, стан нашай мовы і душы.І напішыце разам словы славутых землякоў. Паэтаў, пісьменьнікаў і публіцыстаў, якія выйшлі зь іх душы і не зьніклі ў стагодзьдзях, дайшлі да нас. Выведзіце іх сваёй рукой, каб глыбей запалі ў вашу душу і сэрцы вашых дзетак. І такім чынам мы перададзім эстафету неўміручасьці Роднай мовы нашчадкам.

Удзел у дыктоўцы талакой будзе цудоўным падарункам ня толькі славутаму земляку Лявону Баршчэўскаму, які перакладае кнігі на беларускую з 14 моваў. Гэта стане падарункам вашым сябрам, дзецям, будучым пакаленьням і ўрэшце — Роднай мове.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

  • Спадар Лявон, шчыра Вас віншую ды жадаю яшчэ шмат год плённай працы. Мы, Вашыя вучні, заўсёды ўзгадваем Вас з удзячнасьцю ды вялікай павагай. Посьпехаў Вам ды добрага здароўя! Ганна Асіповіч
  • Спадар Лявон, хачу далучыцца да вiншаванняу Ганны i падзякаваць Вас за Багушэвiча, Багдановiча, Мицкевича, Шэйкспiра, Мальера, Дантэ, Фолкнера, Пушкiна, Маркеса, Сервантэса ... Добрага здароуя i шчасця Вам! Ларыса Валачко + 11-41 grupa
  • Паважаны Лявон, віншую Вас з днём народзінаў! Жадаю Вам многа год здароўя, маладосьці, дабрабыту, плёну ва усіх добрых справах, каханьня, любові і Радасьці. Творчага натхненьня, новых твораў, новых перакладаў і новых вучняў. Вялі дзякуй спадар Лявон за слоўнікі, за пераклады. Чытач Вашых твораў, Георгій Несьцер з Берасьця.