Глеб Лабадзенка. БЕЛАРУСЬ. Дом Багдановіча і Курапаты

Хлопцы, калі пры вашым удзеле і за вашымі подпісамі зьдзяйсьняецца злачынства, у тым ліку і маральнае злачынства, вашыя душэўныя пакуты і сьветлыя памкненьні ў разьлік прымацца ня будуць...

Фота Джона Кунстадтэра

Глеб Лабадзенка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Коласаўскі ліцэй (2004), журфак БДУ (2009). Працуе журналістам ад 2000 году. У 2004-2008 гадох – у газэце “Комсомольская правда” в Беларуси”, у 2009-2011-х – у “Звяздзе”. Ад 2011-га – фрылансер.

Выдаў кнігі “Pager-вершы” (2005),“дзіцячая заМова” (2013), уклаў непадцэнзурнае выданьне “Ладдзі Роспачы” Уладзімера Караткевіча (2010). Інтарэсы – дасьледваньне гісторыі роду Радзівілаў, архітэктура, краязнаўства, вандроўкі па Беларусі. Ад 2007 году вядзе блог.


Апошнімі днямі закранулі дзве рэчы.

Першая — дом Багдановіча. Вы, пэўна, бачылі фотаздымкі гэтай красаты. Кароткая перадгісторыя такая. Максім Багдановіч нарадзіўся ў Менску. Той дом стаяў у двары сёньняшняга гастранома “Траецкі” на рагу вуліц Старажоўская і Багдановіча. Дом, як пішуць у такіх выпадках савецкія дасьледчыкі, “быў страчаны”. Ад яго захаваліся падмуркі. Якія былі знішчаныя ў часе будаўніцтва пляўка ў душу менчукоў — “Дома Чыжа” над Траецкім прадмесьцем. Грамадзкасьць стала шумець.

На гэта кампанія “Трайпл” адрэагавала узорна-дыпляматычна: прызнала памылку і паабяцала аднавіць дом Багдановіча. Што было нават зацьверджана дакумэнтальна так званым Міністэрствам культуры. І вось цяпер усе ўбачылі “адноўлены дом Багдановіча” — як трапна напісаў Міхась Скобла, “будку Багдановіча”. Выйшла крэатыўна — у самым горшым сэнсе гэтага слова.

Пытаньне тут у іншым. На этапе “грамадзкай бучы” некаторыя людзі паверылі кампаніі “Трайпл” і нават зрабіліся іхнымі хаўрусьнікамі і абаронцамі. Давалі інтэрвію прэсе: так, падмуркі грохнулі, але нічога страшнага, затое — ого-го! — дом адновяць! Я дапускаю, што тыя людзі паверылі ў намеры “Трайпла” абсалютна шчыра. А зь іх, фактычна, насьмяяліся. Выставілі іх каласальнымі дурнямі.

Другі выпадак, які закрануў — Курапаты. На паседжаньні навукова-метадычнай здрады, даруйце, рады Міністэрства культуры рукамі яшчэ ўчора прыстойных людзей быў узаконены “Бульбаш-хол”. Бо ахоўная зона Курапатаў з боку бульбаш-хола была зьменшаная ўдвая: з 100 мэтраў да 50. 50 — гэта роўненька да плоту бульбаш-хола.

І вось ува ўласьнікаў бульбаш-хола зьяўляюцца абаронцы з шэрагаў грамадзкасьці. Якія з фэнаменальным імпэтам даводзяць, што “нічога страшнага”. Афіцыйную вэрсыю прыдумалі праўдападобную — зьменшылі, бо там ідзе водавод, які сілкуе частку Менску пітной вадой.

Верагодна, што гэта сапраўды так. Пытанне стаяла ў іншым: хоць бы сімвалічна падпаліць хвост бульбаш-холу. Каб паказаць, што ня ўсё можна тварыць нават у сітуацыі неправавой дзяржавы. Бо паводле існай ахоўнай зоны, 4 невялікія пабудовы падлягалі зносу, бо былі ўзьведзеныя незаконна ў гэтай самай ахоўнай зоне.

Чальцы навукова-метадычнай здрады ці самі дурачкі, ці нас трымаюць за дурачкоў. Вадаводы, пітная вада… Хлопцы, ды каню панятна, чаму менавіта цяпер і менавіта з таго боку была зьменшаная гэтая ахоўная зона.

Вядома, біць самога сябе па пысе — няўдзячная справа. Спачатку вы дазваляеце будаваць частку бульбаш-хола ў ахоўнай зоне. Не выключаю, што нехта з вас нават пагрэўся на гэтым дазволе. А цяпер вы самі прымусіце іх зруйнаваць тыя некалькі дамочкаў?.. Ну гэта ж будзе неяк “не па-паняціях”!

Будучыя наведнікі бульбаш-хола — да іх таксама ёсьць пытаньні. Ня менш, чым да тых, хто яго будуе. Калі для вас будуюць дыскатэку каля самых страшных беларускіх могілак — а вы ідзяце туды танчыць і блядаваць, то вы маральныя вырадкі. “Мы ня зналі” ўжо ня скажаш — занадта шырока разьнеслася гэтая інфармацыя па інтэрнэце.

Я зь дзівам пазіраю і на прэкрасный катэджный пасёлак Солнечный каля самых Курапатаў. Якія сны будуць сьніцца ягоным жыхарам?.. У якой аўры будуць гуляць у пясочніцах іхныя дзеткі?..

Хоць не выключаю і іншага варыянта развіцьця падзеяў. Аднойчы чуў у тралейбусе размову двох цётачак. Адной зь іх, відавочна, “далі кварціру” насупраць Кальварыйскіх могілак. І яна ўсяляк нахвальвала каляжанцы тую кварціру, а ў канцы зазначыла: “Толькі із акна кладзьбішча відна, нада яго куда-нябудзь перанясьці”. Можа, у некага ўжо пасяляюцца думкі “перанясьці” Курапаты?..

Гэтыя прыклады сьведчаць, што не бывае так — і вашым, і нашым. Вы паверылі, што вам адбудуюць дом Багдановіча — а аб вас выцерлі ногі, зрабілі вас ідыётамі. Вы бароніце ўласьнікаў бульбаш-хола — а яны задаволена пасьміхаюцца, што “пранясло”. Што ўсё пучком, можна галівудзіць паводле плану.

Я гутарыў зь некаторымі сябрамі рады, чыноўнікамі Міністэрства культуры. Ведаеце, як яны апраўдваюцца? Сыдзем мы — прыдуць яшчэ горшыя. Мы робім усё, што можам. Але інвестары, высокія чыны ціснуць… Мы робім хоць нешта, бо гэта лепей, чым не рабіць нічога. Хлопцы, калі пры вашым удзеле і за вашымі подпісамі зьдзяйсьняецца злачынства, у тым ліку і маральнае злачынства, вашыя душэўныя пакуты і сьветлыя памкненьні ў разьлік прымацца ня будуць.

Зачараваньне тым, што “власьцьімушчые” вядуць з табою перамовы, ціснуць табе руку, ляпаюць цябе па плячы — прыцягвае некаторых людзей, як магніцік да лядоўні. Але некаторыя магніцікі з часам перастаюць падабацца і ідуць у сьметніцу.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.