Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Які кангрэс нам патрэбен…
Па сёння аб Кангрэсе дэмсілаў мы чуем выключна з вуснаў Статкевіча. Астатнія моўчкі пагаджаюцца, што іх залічваюць у сябры аргкамітэту.
Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ. |
“…Бо пры той нязгодзе, якая ёсьць сёньня ў нашым беларускім доме, мы ня толькі ня дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, якую маем”.
Гэтыя словы са зварота прадстаўнікоў беларускай культуры ад 17 снежня 2015 году да беларускай апазіцыі з заклікам правядзення Кангрэсу дэмакратычных сілаў дзеля кансалідацыі і супольнай працы ў пытаннях, што вызначаюць будучыню нашай краіны, вельмі выразна вымалёўваюць сітуацыю, што склалася як унутры, так і вакол Беларусі.
У Партыі БНФ, як палітычнай сілы, што стаіць на варце нацыянальных інтарэсаў Беларусі, прапановы аб супольнай працы па адстойванню гэтых інтарэсаў заўсёды выклікаюць зацікаўленасць і згоду.
Але казаць сёння толькі пра існуючую незалежнасць — гэтага вельмі замала. Пра гэта сёння і А.Лукашэнка кажа амаль кожны дзень, але беларускасць у Беларусі з кожным днём толькі звужаецца.
Мы ў БНФ стаім на платформе Адраджэння Незалежнасці і Суверэнітэту. Для нас Адраджэнне Незалежнасці і Суверэнітэту азначае скасаванне Саюзу Расіі і Беларусі дзеля адраджэння палітычнай незалежнасці, выхад з АДКБ — дзеля адраджэння вайсковай незалежнасці, выхад з Эўразійскага эканамічнага саюзу — дзеля адраджэння эканамічнай незалежнасці.
Для нас Адраджэнне Суверэнітэту — гэта ўсталяванне мяжы з Расіяй і спыненне панавання на тэрыторыі нашай краіны расійскіх наркабаронаў, кантрабандыстаў, іншых крымінальных элементаў, гэта адсутнасць замежных вайсковых базаў з самалётамі, што нясуць ядзерную зброю пад сваімі крыламі.
Мы хочам зрабіць у нашым Доме — Беларусь Еўрарамонт, каб увесці еўрапейскія каштоўнасці — дэмакратычныя выбары, падзяленне ўладаў, спрошчаны памежны пераход, бязвізавы рэжым і інтэграцыю ў рынак Еўрапейскага зьвязу. Урэшце, мы хочам адраджаць Нацыянальную дзяржаву са старажытнай эўрапейскай мовай ды сімволікай, з адукацыяй па беларуску.
Мы сыходзім з таго, што гісторыя Беларусі мае шмат стагодзьдзяў і лёсавызначальных момантаў. І прынцып пераемнасці для нас асноватворны. Мы прызнаем ролю стваральнікаў БНР ва ўтварэнні Незалежнай Беларусі і высока цэнім ролю Рады БНР.
Для Партыі БНФ вось гэтыя каштоўнасныя прынцыпы былі, ёсць і будуць заставацца непарушнымі. І, менавіта, кансалідацыя і супраца дэмакратычных сілаў на грунце гэтых прынцыпаў пры падрыхтоўцы да кангрэса будзе выклікаць зацікаўленасць у нашых партыйцаў.
Па інфармацыі з раснастайных СМІ, ужо створаны і працуе аргкамітэт па падрыхтоўцы кангрэсу ў складзе 8 вядомых палітыкаў, якія ўвайшлі ў яго склад па сваіх асабістых жаданнях без рашэнняў арганізацыяў, якія яны прадстаўляюць. Аргкамітэтам вызначаны мэты і парадак дня кангрэсу.
І калі паглядзець на склад запісаўшыхся ў аргкамітэт, то адразу ўзнікаюць сумневы ў поспеху гэтага хаўруса, а тым больш ва ўтварэнні Супольнасці дзеля Адраджэння Нацыянальных Незалежнасці і Суверенітэту. Узнікае пытанне, якім чынам працаваць у аргкамітэце прадстаўніку БНФ побач з Саннікавым, які ў 2012 годзе адмовіўся падпісаць Віленскі мемарандум “У абарону незалежнасці”, прапанаваны І.Сурвіллай.
3 лістапада 2012 г. у Вільні ўсімі запрошанымі беларускімі апазыцыйнымі палітыкамі, акрамя Саннікава, быў падпісаны “Выніковы мэмарандум нарады старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадскіх арганізацыяў са старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі аб захадах для забяспячэння незалежнасці Беларусі”.
Можна сказаць — гэта выпадковасць… Тады вернемся яшчэ на два гады назад. У 2010 годзе БНФ прапанаваў падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі аб’яднацца ўсім удзельнікам на базе “Маніфеста аб абароне нацыянальных інтарэсаў”.
І вось як пракаментаваў тады Маніфест патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, лідэр грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” А. Саннікаў.
“Ні адзін разважны палітык Беларусі не падпіша выпушчаны цяперашнім кіраўніцтвам БНФ маніфест. Недарэчнасць гэтага дакумента настолькі відавочная, што прымушае задумацца пра сапраўдныя мэты яго ініцыятараў. Чаму ён з’явіўся менавіта цяпер, калі пазіцыя Расеі ў стаўленні да апошняй дыктатуры Еўропы пачынае мяняцца? Чым гэта прадыктавана? Адказ напрошваецца адзін: спалохам, што ў Беларусі сапраўды нешта можа памяняцца і імкненнем гэтаму перашкодзіць. Нядаўняя наша гісторыя вучыць, і давайце шчыра пра гэта казаць, што змены ў Беларусі адбываліся пасля імпульсаў з Масквы. Гарбачоўская перабудова прывяла да абвяшчэння незалежнасці, а ельцынскія рэформы дазволілі гэтую незалежнасць увасобіць у жыццё. Што дрэннага ў тым, што сёння менавіта Масква зноў прыцягвае ўвагу да расследавання спраў зніклых, гаворыць пра карумпаванасць дыктатара Лукашэнкі і яго атачэння? У гэтых ўмовах спроба кіраўнікоў БНФ прадставіць апазіцыю сляпой і глухой не вытрымлівае ніякай крытыкі”.
І як нам супрацоўнічаць у аргкамітэце з такім чакальнікам імпульсаў дэмакратыі з Масквы? Да якой імкнуцца мэты? Па сёння Саннікаў не адцураўся ні ад сваіх ацэнак прапанаванага БНФ “Маніфеста аб абароне нацыянальных інтарэсаў” у 2010-м годзе, ні ад ацэнак мемарандума апазіцыі "Аб захадах для забеспячэння незалежнасці Беларусі", які ў 2012 годзе прапанавала старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. Больш таго, ён не падпісаў гэтыя дакументы па сёння і робіць выгляд, што нічога такого не было.
Мы лічым, што супрацоўнічаць з прамаскоўскім палітыкам для нас будзе амаральна і бессэнсоўна, нават шкодна дзеля мэтаў Адраджэння Нацыянальных Незалежнасці і Суверенітэту.
Падчас выбараў 2010 года мы не атрымалі ніякага адказу на нашу прапанову аб’яднацца на базе “Маніфеста аб абароне нацыянальных інтарэсаў” і ад іншых кандыдатаў у прэзідэнты. Па сёння мы не маем адказу “Чаму?” Але затое чуем ад іх прапанову аб удзеле ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў?
І ў той жа час некаторыя прадстаўнікі аргкамітэту адмовіліся ад удзелу ў Кангрэсе за незалежнасць, арганізаваным у снежні 2014 году Таварыствам беларускай мовы.
Так палітыка не робіцца. Так супольныя саюзы не ладзяцца.
І яшчэ шэраг пытанняў узнікае перад намі. Па сёння аб Кангрэсе дэмсілаў мы чуем выключна з вуснаў М.Статкевіча. Астатнія моўчкі пагаджаюцца, што іх залічваюць у сябры аргкамітэту. Але ж няма ніводнай інфармацыі пра тое, што сябры арганізацыяў ды супольнасцяў, якія гэтыя асобы прадстаўляюць, сабраліся, абмяркавалі ідэю і мэты кангрэса ды дэмакратычным шляхам прынялі рашэнне.
Ні ад партыі Шушкевіча, ні ад супольнасці Статкевіча, ні ад РЭПа, ні ад чальцоў новай структуры Някляева нічога не чуваць. Але ж пагадзіцеся, што ладзіць Кангрэс дэмакратычных сілаў аўтарытарнымі метадамі ня варта. Бо можа атрымацца як з Т.Караткевіч, калі сацыял-дэмакратычная партыя не прыняла рашэнне аб яе падтрымцы ў прэзыдэнцкіх выбарах 2015 г. Можа і структуры сябраў аргкамітэту таксама не ўхваляць ідэю кангрэсу з дэкларуемымі мэтамі і сябрамі аргкамітэту?
Як вядома, зарэгістраваныя партыі і рухі маюць свае праграмы і статуты. Згодна ім сябры партыі прымаюць рашэнні аб сваёй дзейнасці на сходах, соймах, і некаторыя рашэнні дэлігуюцца і прымаюцца больш вузкім колам кіраўнікоў. І вось цікава, як уяўляюць сябры аргкамітэту сітуацыю, калі рашэнне кангрэсу будзе прынята з палажэннем, якое пярэчыць праграме ці статуту партыі?
Адзін з чальцоў аргкамітэту У. Някляеў на адным з мітынгаў заявіў, што ўсе, хто прыйшоў на гэты мітынг, лічацца чальцамі ягонага новастваральнага руху. Цікава даведацца, ці плануе Уладзімір Пракопавіч тое самае заявіць удзельнікам плануемага кангрэсу?
Вельмі важна пачуць адказы і на пытанні ад спадара Някляева наконт ролі агентаў КДБ у ягоным атачэнні.
Ці не атрымаецца так, што зноў новыя хаўруснікі Някляева ў ягонай чарговай “кампашцы “ апынуцца з шэрагаў спэцслужбаў, як і ў руху “Гавары праўду”, пра што ён шчыра прызнаўся.
І тады гэтыя агенты, трапіўшы на кангрэс ад супольнасці Някляева, зробяць усё, каб разваліць адзінства апазыцыі? Ці можам мы ў БНФ прымаць рашэнне аб удзеле ў кангрэссе з патэнцыйнымі ворагамі беларушчыны?
Калі арганізатары дадуць празрыстыя адказы на пастаўленыя пытанні, а тут няма нічога цяжкага, тады можна размаўляць пра супрацу.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?