Абаронцы архітэктурнай спадчыны сабралі свае прапановы на адзін дыск

Дыск складаецца з чатырох раздзелаў — “Берасце”, “Жыдоўская спадчына”, “Магілёў” і “Мінск”...

У мінулую суботу адбылася чарговая вандроўка з серыі “Падарожжы ў Еўропу”, што сумесна ладзяць “Еўрапейскі клуб”, “Будзьма” і Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК). Гэтае падарожжа было адметнае не толькі цікавым маршрутам, але і прэзентацыяй мультымедыйнага дыска з навукова-праектнымі працамі архітэктурнай секцыі БДТАПГК.

У ролі экскурсавода “Падарожжаў у Еўропу” нязменна выступае старшыня таварыства Антон Астаповіч. І кожны раз ён здзіўляе ўдзельнікаў вандровак цікавасцямі пра цудоўныя сваёй малавядомасцю мясціны Беларусі. Ну а чаму серыя экскурсій атрымала такую назву — “Падарожжы ў Еўропу”? Таму, што Беларусь была, ёсць і будзе часткай Еўропы.


Слаўгарад. (злева направа) Антон Астаповіч, Юры Меляшкевіч
і мясцовы жыхар пісьменнік Фелікс Шкірманкоў каля царквы.

Па словах арганізатара вандровак Юрыя Меляшкевіча, у мінулым годзе было семь падарожжаў, у якіх прынялі ўдзел больш за 430 чалавек. У гэтым сезоне таксама запланавана семь экскурсій, дзве вандроўкі ўжо адбыліся.

На гэты раз вандроўка мела назву “Дняпроўска-Сожскае міжрэчча”: Рагачоў — Доўск — Слаўгарад — Лясная (мемарыял у памяць бітвы пад Лясной (1708 г.) — Быхаў — Грудзінаўка (палацава-паркавы комплекс Талстых пач. 19 ст.).

Не будзе перабольшаннем сказаць, што гэтым разам вялікае ўражанне вандроўшчыкі атрымалі яшчэ і ад паводкі. Хоць з’ява лічыцца прыродным катаклізмам, але якая гэта прыгажосць — вялікая вада!

На шляху падарожнікаў было шмат старых паштовых станцый, дзе нашы продкі мянялі коней. Цяпер гэтыя моцныя яшчэ будынкі ў заняпадзе, а маглі ж быць аб’ектамі прыдарожнага сервісу, аб атсутнасці якога ўжо і гаварыць няёмка.

У Быхаве мясцовая моладзь палічыла, што “минчане сдурели: приехали в эту дыру”, затое жыхары Грудзінаўкі, ідучы на вячэрні шпацыр у панскі парк, прівітальна махалі рукамі нашаму двухпавярховаму аўтобусу.

У вялікім перапынку ў час пераездаў паміж кропкамі маршрута Антон Астаповіч наладзіў нефармальную прэзентацыю мультымедыйнага дыска з навукова-праектнымі працамі архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Дыск складаецца з чатырох раздзелаў — “Берасце”, “Жыдоўская спадчына”, “Магілёў” і “Мінск”. Усяго 29 праектаў, з іх 14 — канчаткова завершаны, астатнія знаходзяцца ў распрацоўцы.

З “Жыдоўскай спадчыны” асобна хацелася б распавесці пра сінагогу ў вёсцы Лужкі Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці. Калі Лужкі былі мястэчкам, то ў сінагоге дзейнічаў хедэр — пачатковая школа па вывучэнню Торы і Талмуда. Менавіта тут першасную рэлігійную адукацыю атрымаў Эліэзер Бен-Іегуда (Перэльман) (1859, Лужкі — 1922, Іерусалім) — заснавальнік сучаснага іўрыту.

Сінагога ў Лужках спыніла сваю дзейснасць у ліпені 1941 года, калі ў мястэчку нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі гета. Летам 1942 года мясцовыя габрэі пад узброенай вартай пайшлі ў свой апошні шлях па брукаванай дарозе уніз ад сінагогі да вялікай ямы...

Пасля вайны ў памяшканні сінагогі працавала газавая крама. З 70-х гадоў мінулага стагоддзя будынак у заняпадзе.

Сябры архітэктурнай секцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапануюць эскізны праект, распрацаваны ў якасці інвестыцыйнай праграмы па рэканструкцыі і аднаўленню руінаў былой сінагогі з прыстасаваннем пад музейна-культурны цэнтр імя Эліэзера Бен-Іегуды.

Вёска Лужкі зараз мае статус аграгарадка, але ў ёй вельмі трывалы дух мінулых часоў, таму можна не сумнявацца, што пры наяўнасці такога цэнтра яна стала бы папулярным турыстычным аб’ектам.

У раздзеле “Мінск” прапануецца пераўтварыць Бернардынскі кляштар у гасцініцу і аб’екты гандлёва-бытавога прызначэння.

Вельмі амбітная і цікавая ідэя аднаўлення Дамініканскага касцёла. Гэты прыгожы будынак у стылі барока быў ўзяты пад ахову дзяржавы як помнік архітэктуры яшчэ ў ліпені 1926 года. Пад час нямецка-фашысцкай акупацыі Мінска будынак касцёла моцна пацярпеў. У канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя ў касцёле выканалі працы па яго першаснай кансервацыі, а ў пачатку 50-х — разбурылі.

Адноўлены касцёл Антон Астаповіч з калегамі прапануе прыстасаваць як “канцэртную залу для двух вядучых музычных калектываў Рэспублікі Беларусь” — Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна і Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Можа, хто скажа, што такія планы — пустое пражэкцёрства. Асабліва, калі ўлічваць, што дзяржава да аднаўлення гістарычных будынкаў і да захавання гістарычнай спадчыны наогул падыходзіць выключна са спажывецкага пункта гледжання. Але і дзяржава час ад часу вымушана прыслухоўвацца да грамадскай думкі, асабліва калі да гэтай думкі яе падводзяць з упартасцю, якая ёсць у абаронцаў гістарычнай спадчыны з каманды Антона Астаповіча.


  • Менавіта тут першасную рэлігійную адукацыю атрымаў Эліэзер Бен-Іегуда (Перэльман) (1859, Лужкі — 1922, Іерусалім) — заснавальнік сучаснага іўрыту. ----- ой, а здесь тоже архитектор перельман... или о том, как одна и та же беларусь для одни одна, а для других другая... Цена 1 950 000 USD. http://realt.by/sale/cottages/object/357451/ сколько и за какую зарплату вам надо работать на такой дом, милачки?