Андрэй Арамнаў: я вельмі хачу ўзяць другое алімпійскае золата

Рэкардсмен планеты ў цяжкай атлетыцы расказвае пра трэніроўкі на мяжы інваліднасці, навуковыя амбіцыі і самае важнае для беларусаў...

Рэкардсмен планеты ў цяжкай атлетыцы расказвае пра трэніроўкі на мяжы інваліднасці, навуковыя амбіцыі і самае важнае для беларусаў — шанаванне сваёй культуры.

Андрэй Арамнаў

Адзін з найярчэйшых беларускіх спартоўцаў Андрэй Арамнаў зноў наганяе жах на сваіх апанентаў. Здавалася, пасля чатырохгадовай паўзы ў выступленнях рэкардсмен свету ўжо не вернецца на памост.

Але сёлета ўвесну асілак хоць і з траўмай, але заявіўся на чэмпіянат Еўропы і адразу ж узяў бронзавы медаль. І хоць на першынстве планеты ў лістападзе Андрэй не выступіць, да красавіка ён плануе далячыць усе балячкі, абкатацца на Еўропе, а потым мэтанакіравана рыхтавацца да Алімпіяды-2016.

Скептыкі былі спісалі Арамнава з рахункаў. Алімпійскі чэмпіён Пекіна гадамі не выступаў, яму татальна не шанцавала ў плане траўмаў. Праблемаў дадаваў і бескампрамісны бунтарскі характар

Аднак кампетэнтныя людзі разумелі, што Арамнаў нават на хатніх спаборніцтвах увесь час набліжаецца да сусветнага рэкорду. Задача перад атлетам насамрэч адна: падводзіцца да чэмпіянатаў без траўмаў.

Андрэй Арамнаў

— І з гэтым у апошні момант я не спраўляюся. Вялікія рэкорды — гэта куча дробязяў. Калі нешта з яе выпадае, уся яна рассыпаецца, — вобразна расказвае асілак пра праблемы. — Я хацеў бы пабіць сусветны рэкорд і маю на гэта сілы. Але не хапае трываласці майму арганізму. За трэніроўку потам выходзіць 2 кг. Каб стаць жалезным, каб не ламаліся кісці, я павінен замяшчаць шмат сур’ёзных мікраэлементаў, каб сэрца працавала і мышцы ўмацоўваліся. Для гэтага патрэбнае адпаведнае харчаванне і фармакалогія. І хоць да мяне ў гэтым плане павышаная ўвага, яна ўсё адно недастатковая.

— Дык ці мае Андрэй Арамнаў імпэт пабіць свой жа сусветны рэкорд?

— У некаторых краінах гэта было б магчыма. Спартсмена з усіх бакоў падтрымліваюць, не пярэчаць, не перашкаджаюць. Мне трымацца каля сусветных рэкордаў — гэта як ісці па вастрыі ляза. Адзін няправільны дробны рух — і інваліднасць. Пры нашай медыцыне і нашых тэхналогіях складана дасягаць найвышэйшых вынікаў. Мы маладая краіна, не падрыхтавалі належнага ўзроўню медыкаў, трэнераў. Працуем з тым, што засталося ад СССР. Усё яшчэ не вельмі абдумана і праверана часам. Таму паспрабуй хаця б раз перамагчы на Алімпіядзе! І калі ўпэўніў сябе і пачынаеш уяўляць, якія выдаткі будуць падчас другога заходу і якія дывідэнды, то думаеш: “Я што, дурань?” Гэта калі шчыра.

Андрэй Арамнаў

— А матывацыя кшталту “для народа, для гісторыі, для высокіх мэтаў”? Усё ж ці варта чакаць вас на Алімпіядзе-2016?

— Я вельмі хачу ўзяць золата. Імкнуся зрабіць усё, каб гэта адбылося. Я ўсё адно буду ісці па вастрыі ляза. Адзінае, што мяне можа выбіць з каляіны, — гэта траўма. І тут я пад пліты лезці не буду. Яны могуць зламаць. Арганізм можа лопнуць, як струна. Таму буду ўпінацца і спрабаваць. Калі дадзена — то дадзена, калі не… Я насамрэч некалі ўжо праверыў сябе на 100 працэнтаў. Зараз я, калі буду выйграваць Алімпіяду, буду гэта рабіць у задавальненне. Калі не атрымаецца, буду трэнерам. Я адчуваю, што разбіраюся ў тым, як падрыхтаваць чэмпіёна. Ужо сёння я дапамагаю некаторым спартсменам. Бываюць і такія, што кажуць: “Я Арамнава слухаю, а ў мяне не атрымліваецца”. Значыцца, няправільна слухаеш. Бо я калі даў алгарытм, адхіляцца ад яго нельга. Я ведаю, што такое ідэальная падрыхтоўка. Гэта калі ты павінен аддаць сябе ўсяго: увесь свой час, усе свае сілы і ўвесь свой настрой. Ты не павінен ні пра што лішняе думаць. Калі шмат думаеш — штанга увесь час падае…

Андрэй Арамнаў

— Як зрабіць так, каб наша цяжкая атлетыка выйшла на топавы ўзровень?

— У Беларусі такая прырода і такія генныя дадзеныя, што нараджаюцца вельмі моцныя людзі. І жывуць у добрай кліматычнай абстаноўцы. Вельмі шмат моцных людзей. Вось Леанід Тараненка. Ніхто дагэтуль не можа пабіць яго рэкорд. Аляксандр Курловіч у свой час рваў больш за ўсіх у свеце. Я пабіў 27 сусветных рэкордаў. І гэта толькі прыклады з аднаго віду спорту. А не хапае у нас таго, што трэба шмат сілаў выдаткаваць на навучанне. Трэба скіроўваць намаганні ў бок пісьменнасці трэнераў і спартсменаў. Пакуль не хапае мазгоў. Нам трэба з усяго свету сабраць веды, тым больш што ёсць такая магчымасць. І праз нейкі час з’явіцца пакаленне, якое дасць добры вынік. Пакуль жа ёсць толькі адзінкі. Веды — золата. Гэта разумеюць, напрыклад, у маёй ВНУ.

— У якой? Ва ўніверсітэце фізкультуры?

— Не, я адтуль сышоў. Цяпер навучаюся ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Там добрыя традыцыі, берагуць важныя веды. Гэта адна з самых разумных ВНУ ў краіне. У нас многае добрае пераймаюць з усяго свету. У БНТУ мяне зразумелі і многім мне дапамаглі. У будучыні я планую адкрыць даследчую лабараторыю, якая магла б працаваць на карысць беларускага спорту. Хацелася б абараніць у гэтай лабараторыі грунтоўную навуковую працу. Але падрабязна пра гэта расказваць пакуль рана.

Андрэй Арамнаў

— Можа быць, не варта рупіцца пра развіццё беларускага спорту? Побач Масква — вялізная і багатая імперыя. Яны не супраць, напэўна, “узяць пад апеку” нашу краіну, укінуць грошы ў спорт.

— Не. Я лічу, што дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Па-другое, трэба помніць і шанаваць усё, што адбываецца ў тваёй краіне. Гэта я пра мову, гісторыю і культуру. Пры гэтым нам нішто не замінае змешвацца з іншымі народамі. Чым больш будзе змешвацца народ, тым будзе мацнейшы чалавек, з лепшым імунітэтам. Гэта чыста мая думка. Але вельмі важна пры гэтым шанаваць сваю культуру і на яе арыентавацца. Добрая культура ці дрэнная — вельмі важна яе шанаваць…

Андрэй Арамнаў


“Байцоўскі ген” — праект кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мэта якога — пазнаёміць грамадства з нашымі выбітнымі спартоўцамі! Часта іх лепш ведаюць за мяжой, чым дома. А яны зазвычай маюць унікальныя лёсы, пра якія варта ведаць. Яны — носьбіты беларускага байцоўскага гену — гатовыя зацята біцца за гонар краіны і кожнага беларуса. Знаёмцеся бліжэй, ганарыцеся імі, заўзейце за нашых!

Фота Аляксандра Tarantino Ждановіча


  • Вот уж не знаю... Тяжеловесу - респект, конечно же. За настойчивость, упорство. Но... ===== { Я ведаю, што такое ідэальная падрыхтоўка. Гэта калі ты павінен аддаць сябе ўсяго: увесь свой час, усе свае сілы і ўвесь свой настрой. Ты не павінен ні пра што лішняе думаць. Калі шмат думаеш — штанга увесь час падае… } Если я напишу "зомби", "робот"... С годами инвалид... Но не мне судить. Но если вся гармония мира отливается лишь в возню с тяжестями... Неправильно это как-то. И "стоит ли игра свеч?" ... Но это вопросы без ответов...
  • Набухаться и гонять на машине - это тоже честь идеальной подготовки? Тем не менее желаю Андрею успехов! А сильным нужно быть не только физически, но и духовно. Все отговорки для слабаков.