Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Вейшнорыя 1920-х

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

У сакавіку 1921 года ў Рызе быў падпісаны мір паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Беларусаў на перамовы не запрасілі — і ў выніку Беларусь аказалася падзеленай напалам. Усходняя частка краіны засталася пад уладай бальшавікоў — і любая грамадзянская, рэлігійная праца пачала там згортвацца пад страхам рэпрэсіяў, а заходняя (на захад ад Бягомля, Ракава, Слуцку, Лельчыцаў) апынулася ў складзе Польскай дзяржавы, і тут беларусам давялося зазнаць нацыянальны ўціск.

У выніку далейшая дзейнасць БХД амаль цалкам працякала ў Заходняй Беларусі — і мела сваёй задачаю як супрацьстаянне бальшавіцкай прапагандзе з Усходу, так і трыванне ціску з боку польскага дзяржаўнага ды касцёльнага апарату.

Першыя рэпрэсіі супраць сябраў БХД адзначаюцца ўжо ў чэрвені 1921 году: польскія ўлады беспадстаўна арыштавалі і змясцілі ў Лукіскі астрог найактыўнейшага ксяндза-беларуса, які працаваў на Віленшчыне — Міхала Пятроўскага, пробашча парафіі ў Барунах, як быццам за спробу дзяржаўнага перавароту. Заступніцтва беларускіх арганізацыяў і віленскіх дзеячаў прымусіла жандараў перавесці ксяндза Міхала на хатні арышт — але працаваць яму так і не дазволілі.

Гэтаксама пад хатні арышт быў змешчаны Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк).

Напрыканцы 1921-га і на пачатку 1922-га улады спрабавалі задушыць “Крыніцу” — пад ціскам рэдактар Уладзіслаў Грыневіч адмовіўся ад выдання, і толькі ахвярнасць і настойлівасць хадэкаў дазволіла газэце, якую зачынялі і канфіскоўвалі па некалькі разоў на год, уваскрасаць зноў і зноў.

Віленшчына, занятая польскімі легіёнамі генерала Жалігоўскага, нібыта павінная была вызначыць свой лёс і прыналежнасць сама, на адпаведным Сейме — але, паколькі польская ўлада не стварыла роўных умоваў меншым нацыям і вяла справу да прызнання Віленшчыны польскай — беларусы гэты Сейм напачатку 1922-га году байкатавалі.

Разам з тым, БХД вырашыла ўдзельнічаць у выбарах у польскі Сейм увосені 1922 году.

Беларусы ішлі на гэтыя выбары супольным фронтам — сацыялісты, хадэкі, беспартыйныя дамовіліся на прынцыпах агульнай згоды. Каардынаваў сумесную працу Беларускі цэнтральны выбарны камітэт у Вільні. Пра ролю і ўплыў БХД кажа той факт, што з 38 чальцоў камітэта 12 былі хрысціянскімі дэмакратамі.

Агулам беларусы атрымалі 11 пасольскіх мандатаў і 3 сенатарскіх. З хрысціянскіх дэмакратаў падчас гэтых выбараў дэпутатам Сейму быў абраны ксёндз Адам Станкевіч, які прайшоў па акрузе Дзісна, Паставы, Браслаў, Свянцяны. Сярод выбраных сенатараў апынуліся будучыя прыхільнікі БХД праваслаўныя Вячаслаў Багдановіч і Аляксей Назарэўскі.

Трэба адзначыць, што асноўную працу ў стварэнні беларускай хрысціянскай дэмакратыі правялі рыма-каталікі, прычым ядро БХД склалі непасрэдна ксяндзы. Прычына тут у тым, што праваслаўная плынь хадэцыі аказалася пад бальшавіцкай акупацыяй — і многія беларускія праваслаўныя святары — носьбіты агульнахрысціянскай адкрытасці й дэмакратызму — былі проста фізічна вынішчаныя Саветамі.

Так, яшчэ ў чэрвені 1917 года ў Маскве адбыўся з’езд беларускага праваслаўнага духавенства, у якім брала ўдзел каля 700 (!) святароў. Пры гэтым з’езд прыняў рашэнне дамагацца аўтаноміі Беларусі ў федэратыўнай дэмакратычнай расейскай рэспубліцы і навучання ў школах па-беларуску.

Калі мы супаставім гэты з’езд з гістарычным паседжаннем беларускага каталіцкага духавенства ў Менску 24-25 траўня 1917-га — дык убачым, што і каталікі, і праваслаўныя рушылі адной дарогай: патрабаванні супадалі амаль даслоўна. Пры гэтым праваслаўных святароў было на парадак больш, чым іх братоў-каталікоў. Але трагедыя праваслаўя была ў тым, што яно пасля Рыскай дамовы апынулася ў жорнах крывавага савецкага атэізму.

Рэхам чэрвеньскага з’езду 1917 года была і спроба стварыць ува Ўсходняй Беларусі 1920-х Беларускую аўтакефальную царкву на чале з мітрапалітам Мельхісэдэкам — але пасля масавых арыштаў, судоў і расстрэлаў гэтая мара беларускага праваслаўя была пахаваная.

Але чым глыбей хрысціянская дэмакратыя пранікала ў масу беларускага народу ў Заходняй Беларусі (збольшага праваслаўнага), тым большую ролю ў БХД пачалі адыгрываць і грэка-каталікі, і свецкія вернікі, і, нарэшце, уласна праваслаўныя.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.