Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Аповесць пра незвычайнага беларуса

Старога Цімоха Вострыкава пахавалі менавіта як гераічнага дыверсанта. Недзяржаўныя газеты напісалі пра слаўнага змагара...

Сергей Дубовец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Звычайна бывае наадварот. Памірае ціхі дзядулька «з нашага двара». На пахаванні ўсе кажуць, які ён быў добры для суседзяў, які ласкавы для дзяцей і як клапаціўся пра беспрытульных коцікаў. І толькі нехта недзе ў глыбокім сакрэце ведае, што пахавалі насамрэч адважнага дыверсанта, шпіёна і агента, чый шлях шчодра ўсеяны трупамі падступных ворагаў і ад прыгодаў якога кроў стыне ў жылах...

Але наша гісторыя зусім незвычайная. Тут усё наадварот.

Старога Цімоха Вострыкава пахавалі менавіта як гераічнага дыверсанта. Недзяржаўныя газеты напісалі пра слаўнага змагара, а дзяржаўнае тэлебачанне паказала фільм пра «агента дзвюх разведак». Словам, пахавалі персанажа, нібыта, цалкам сакрэтнага, пры тым глыбокай тайнай засталася зусім не канспіралагічная праўда пра гэтага чалавека.

Найбольш дзіўнае ў нашым сюжэце тое, у чым, на першы погляд, нічога дзіўнага няма. Для вызначэння, хто такі Вострыкаў, дастаткова аднаго слова — беларус. Не такі, як большасць нашых суграмадзян, а самы сапраўдны, такі, якім у нашым уяўленні малюецца звычайны француз, паляк альбо чэх. У нашым уяўленні незвычайным быў бы француз, які не гаворыць па-французску, не імкнецца да сябе ў Францыю і цьмяна ўяўляе сабе айчынную гісторыю. Для звычайнага беларуса — усё наадварот. Незвычайным будзе якраз той, які гаворыць на роднай мове; які так укаранёны ў сваю зямлю, што, куды ні перамясці яго ўлада, будзе ўсімі сіламі дабірацца дахаты; які з запалам раскажа табе легенду паходжання свайго народа. Што да Вострыкава, дык менавіта гэтыя тры рысы, звычайныя для француза і незвычайныя для беларуса, зрабілі яго тым, кім ён быў, і сфармавалі яго незвычайны лёс.

Гэта сляпая цяга дадому змусіла яго ўцячы з усіх уладных структур, што імкнуліся захапіць юнака да сябе. Ён не пайшоў ні да савецкіх партызан, ні ў карнікі, ні ў паліцыю. Выкруціўся. З арміі сам Бог загадваў уцякаць чалавеку, які лічыў калгасную ўладу — ад беса. Апошнія кіпцюры, з якіх яму ўдалося ўцячы, — эміграцыя. Праўда, спосаб уцёкаў аказаўся надта нязвыклы. Але і выбару не было. У 1952-м ён спусціўся з парашутам з амерыканскага самалёту на родную зямлю без усялякага ўцямнага задання і з адзіным памкненнем — патрапіць дадому. Далей, з кіпцюроў ГУЛАГу, ён ужо не ўцёк. Гэтым разам палон зацягнуўся аж на 23 гады.

Дзіўная гісторыя. Чалавек становіцца закладнікам сваёй натуральнай самаідэнтыфікацыі толькі таму, што месца для такога, як ён, у свеце не прадугледжана. Няма той дзяржавы, для якой гэты чалавек быў бы сваім.

Кажуць, да апошніх дзён агенты спецслужбаў сачылі за прыкаваным да ложка хворым старым. Навошта? Можа быць, гэта ягоны лёс і імя беларуса падказваюць нам, што спецслужбы, якія называюцца беларускімі, насамрэч незаслужана прысвоілі сабе гэтае імя?..

Кажуць, усе 23 гады ў мардоўскіх лагерах ён гаварыў толькі па-беларуску.

І вось тут наша паралель нармальнага беларуса з нармальным французам ці палякам абрываецца — на трэцім пункце, пра нацыянальную легенду. Ну, не было дый няма толкам у беларуса такой кніжкі сваёй гісторыі, якія ёсць у паляка з французам. Такой кніжкі, каб вось так разам узяў і ўхапіў сваю мінуўшчыну і праз тое адчуў яе непадзельнасць з эпохі ў эпоху.

Спрабавалі нешта такое зрабіць у нас, але выходзіла заўсёды ласкутная коўдра і швы з белымі ніткамі. Вось у літоўцаў якую эпоху ні вазьмі, заўсёды ёсць Літва і літоўцы. Тое самае ў палякаў з французамі, ды ва ўсіх. А ў нас там крывічы і Полацкае княства і Турава-Пінскае, а там ужо Літва і ліцвіны, Русь і русіны, тутэйшыя... Словам, што ні эпоха, то іншы край і іншыя людзі. А гэта значыць, што нармальны беларус ужо не вымалёўваецца. Сябе ён там не бачыць.

Як гэта так? — пытаецца Вострыкаў, — я ж ёсць! І пачынае ў лагеры сам пісаць канцэптуальную гісторыю беларускага сярэднявечча, звязваць разрозненыя фрагменты ў адно. Пазней гэтую працу паўторыць Мікола Ермаловіч. А вось куды падзяваліся сшыткі Вострыкава — загадка. Нявыдадзеная праца — мноства спісаных акуратным почыркам старонак, зноскі і цытаты — усё з памяці. Чалавек у ГУЛАГу пісаў гісторыю сваёй радзімы для таго, каб пачувацца настолькі ж нармальным, як француз ці паляк ці любы іншы, каб, будучы беларусам, самаідэнтыфікавацца цалкам, каб самому быць тым, кім ты сябе адчуў з пялёнак.

Напачатку 1980-х ён паказваў мне свае гулагаўскія сшыткі — кнігу пра тое, дзе ж насамрэч была гістарычная Літва. Пра свае адкрыцці ў летапісах ён мог гаварыць бясконца. Але куды было падацца гулагаўскаму гісторыку са сваімі адкрыццямі? Тады я параіў яму даслаць працу Генадзю Каханоўскаму, у абласны краязнаўчы музей у Маладзечне. Каханоўскі таксама быў незвычайным (як звычайны паляк ці француз) беларусам. Які далейшы лёс сшыткаў, я не ведаю. Але думаю, што напісаць гісторыю сваёй радзімы ў канцлагеры — зусім не тое, што скокнуць з парашутам і пасля да канца жыцця быць «у распрацоўцы» ў слаўных чэкістаў. Вось і рабіце выснову, кім насамрэч быў гэты «агент» Цімох Вострыкаў.

Я думаю, што «агент дзвюх разведак» — амерыканскай і савецкай — насамрэч быў агентам трэцяй. Толькі яна пра гэта яшчэ не здагадваецца.


  • Был ли Остриков агентом американской разведки? Безусловно был. Какими бы ни были его изначальные мотивы, он впрягся либо сознательно, либо по глупости в авантюру, направленную против советского народа вообще, и белорусского народа в частности. Так что, господин Дубовец, не стоит лепить из предателя героя, приписывая ему какую-то там особенную, едино-правильную с вашей точки зрения белорусскую идентичность. К тому же, Остриков проявил себя довольно не героически, как это ему приписывается. Лагерное геройство и несломленный дух - все это выдумано и обнародовано самим же Остриковым. Почему-то, все националисты типа Дубовца предпочитают не замечать тех фактов, что Остриков сдал и свою же группу диверсантов, в результате чего один из них поплатися жизнью. И активное сотрудничество Острикова с "оккупационным режимом" сразу же после ареста на протяжении около двух годов, и помощь КГБ в аресте американского дипломата в Москве, как и кое-что прочее. Ну а заявление Дубовца, что Остриков был до конца жизни в "распрауцоуцы" вообще смешно. Дубовец не понимает смысл понятия "разработка". Остриков сам был в сознательном контакте со спецслужбами до конца своей жизни, обращался со всякого рода просьбами личного характера. Увы, националисты видят и слышат только то, что им хочется видеть и слышать. Вот будет действительно смешно, если однажды откроются архивы и националистическое братство прочитает какие характеристики Остриков им давал.