Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Ген беларуса

Тое, што народ стары — бясспрэчна, як праўда і тое, што сёння беларусам бракуе чагосьці істотнага, каб пачувацца старым народам Еўропы...

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Нядаўна прыяцель азадачыў мяне пытаннем: што значыць выхоўваць дзіця ў беларускім духу? Зразумела, што ёсць мноства знешніх прыкмет беларускасці, але пытанне было пра дух. І вось спакваля выснаваўся ў мяне такі адказ: гэта значыць, пасяліць у душы дзіцёнка перакананне, што ён — прадстаўнік старога народа.

Тое, што народ стары — бясспрэчна, як праўда і тое, што сёння беларусам бракуе чагосьці істотнага, каб пачувацца старым народам Еўропы, «такім самым» завершаным вобразам, якім нам уяўляюцца паляк або француз. Можа быць, адсюль (а не толькі ад таго, што ямо бульбу, ці ад таго, што «ніякі народ не хоча рэвалюцыі») і наша нерашучасць у імкненні да перамен. Якойсьці частачкі саміх сябе нам не хапае.

Гэты недахоп адлюстраваны ў слове, якім мы, беларусы, сябе называем. Два стагоддзі русіфікацыі («младшие братья», «те же русские», «мы одно целое») і саветызацыі («беларус — значыць, бальшавік») звузілі назву Беларусь да невялікай зоны, адкрытай ў бок крамлёўскага начальства і закрытай у бок Захаду і ў бок сваёй уласнай дасавецкай і дарасійскай гісторыі, а нават у бок тых імпульсаў, што ідуць з нашай крыві. Такім чынам, самаўсведамленне беларуса апынулася на пятачку і яму папросту няма як разгарнуцца ўва ўсёй сваёй красе.

Нашы інтэлектуалы ўпарта шукаюць «ген» беларуса, які, з аднаго боку, не дае нам перастаць быць беларусамі (як такімі), а з іншага — уяўляецца той запаветнай кнопкай, націснуўшы на якую, можна выклікаць старт ракеты нацыянальнага адраджэння.

Надоечы паэт Васіль Зуёнак у сваім вершы сцвердзіў, што «беларус жывучы кропляй балцкай крыві».

Яшчэ раней Зянон Пазьняк прапанаваў называць краіну праз злучок Беларусь-Вялікалітва.

Сама хада развагаў тут слушная — не шукаць замены назвы, а пашырыць і паглыбіць наша звужанае ўспрыманне саміх сябе да нармальнага, дастатковага аб’ёму — да нацыянальнай «кандыцыі». Адно бянтэжыць, што ў слове Вялікалітва зашмат пафасу, яно занадта кніжнае, каб яго мог адчуць як сваю ўласную назву кожны сённяшні беларус.

На тыдні мне давялося глядзець тэлеперадачу пра Юзафа Пілсудскага. У маладосці будучы начальнік Польскай дзяржавы пісаўся ў анкетах беларусам, але і ў сталасці ён называў сябе не палякам, а — старалітвінам. Паміж гэтымі дзвюма саманазвамі аднаго чалавека няма супярэчнасці, яны складаюцца ў адно цэлае. Амаль усе беларускія пісьменнікі 19-га стагоддзя называлі сябе літвінамі. Што да сучасных літоўцаў, дык іх Пілсудскі называў жмудзінамі, а яшчэ больш дакладна — новалітвінамі ці младалітвінамі. І гэта было для ўсіх зразумелай нормай.

Тым часам паняцце старалітвінства ў закалотах ХХ стагоддзя аказалася забытым і незапатрабаваным ніводнай з новаствораных нацый. Літоўцам яно непатрэбнае, бо яны і ў Вялікім Княстве часта пачуваліся сепаратыстамі, а цяпер, нарэшце, маюць магчымасць жыць сваім адасобленым жыццём. Палякі ўспрымаюць гэты кавалак зямлі, як страчаную тэрыторыю. А беларусы ніяк не праб’юць бар’ер, які аддзяляе іх ад другой часткі іхняй уласнай сутнасці.

Старалітвінства наша ляжыць «где-то в шкафу». Разам з нашай культурнай спадчынай і самае галоўнае — з тым азарэннем душы, якое нязменна выклікаюць у маладой беларускай асобе ці то бяздонныя яры Крывога гораду, якім калісьці была Вільня, ці то Барысавы камяні і камяніцы Якуба Бабіча, першы беларускі буквар, выдадзены ў Еўі, і словы прысягі студэнтаў-філаматаў, што некалі прыдумалі сваю Беларусь, чарэйскія таямніцы Оскара Мілаша і паляўнічыя акварэлі менскага шляхціца Янкі Лучыны, мячэці Іўя і замкі Любчы і Крэва, скарбы Тышкевічаў, сады Жалібера, песні нашых бабуль па-над Прыпяццю, у якіх заўсёды сьпявалася пра Дунай (пры чым Дунай там не рака, а мора), альбо пра туман (Warning fog!), бо «за туманам нічога ня відна»...

Сотні і тысячы славутых імёнаў, падзеяў, рэчаў і з’яваў прыходзяць увадначассе на розум. Нашы людзі крадуць кветкі з чужога агароду. Хоць няма канца знакам Старой Літвы, якія тут чакаюць сваіх спадкаемцаў — калі тыя нарэшце скінуць з сябе «старую отцовскую буденовку» і даведаюцца, з чаго менавіта для іх пачынаецца Радзіма.

Цяпер, здаецца, я магу растлумачыць гэтае адчуванне Беларусі больш-менш яснымі словамі. Белая Русь — Старая Літва. У гэтай пары — уся паўната. А беларусы — старалітвіны. Як бы вы, замежнікі, ні называлі нашу краіну — Belarus ці White Russia, дадайце ў дужках ці праз злучок — Old Lithuania. А вы, землякі, проста прымерце да сябе гэтае азначэнне — я беларус і я стралітвін або старалітвінка. Упэўнены, што адпрэчання не адбудзецца, бо гэты ген — у вашай крыві. Магчыма, вам захочацца дазнацца, што гэта значыць і пазнаёміцца, нарэшце, з другой часткай сваёй уласнай асобы.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 


  • Якойсьці частачкі саміх сябе нам не хапае… Гэты недахоп… ==================== Хопіць мазахізму! Мы нармальныя і не маем, прынамсі, прыдуманага аўтарам недахопу. Пазьняк прапанаваў называць краіну праз злучок Беларусь-Вялікалітва. Сама хада развагаў тут слушная ============================= Развагі на ўзроўні малодшай групы дзіцячага садка. Да ўсім вядомай назвы прышпіліць яшчэ адну! ды яшчэ малавядомую ці малазразумелую. Як нас будуць пазнаваць пад такім грувасткім імём? прысягі студэнтаў-філаматаў, што некалі прыдумалі сваю Беларусь ======================== Каюся, не ведаю пра такую прысягу, а пагатоў пра тое, што філаматы карысталіся словам "Беларусь". Прашу даць нейкую дакладную спасылку. Белая Русь — Старая Літва. У гэтай пары — уся паўната. А беларусы — старалітвіны =========================== Такі падыход не мае НІЯКІХ шанцаў на прышчапленне, што тут абмяркоўваць?
  • Мне прыснілася поле кветак У ліпеньскім яркім дне, Белы, складзены з белай газеты Карабель над полем плыве. Пакідаючы бераг турэцкі, Ён прыплый у свой родны край; Невядома, хто быў газетчык – Разгарнуўся газеты акрай... І яна, нібы ветразь пад сонцам, Хутка ўздзёрнулася увышыню; Хай ляціць... Хай лунае бясконца, Я прыйшоў на сваю зямлю.
  • Маленько добавить надо. Сначала литвины бунтовали и воставали 2 столетия, их методично убивали ( причем просвещенные друзья Пушкина даже!) а уж потом оставшихся русифицировали. Так что, можно сказать, беларусов-литвинов почти нет. Есть только “бацины дзетачки” - продукт советский – щкварка-чарка Никогда не буду русским! Не надейтесь москали! В поляки пойду! По стопам Славки Выдрицкого!