Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Беларусь: хрысціянства і дэмакратыя
Павел СЕВЯРЫНЕЦ
Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.
Гісторыя Беларусі пераканаўча даводзіць: за тысячагоддзе існавання беларускай дзяржаўнасці менавіта сплаў хрысціянства і дэмакратыі быў галоўнай платформай для заканадаўчай, выканаўчай і судовай уладаў у пару іх росквіту. Такім чынам, ідэя хрысціянскай дэмакратыі для Беларусі не ёсць чымсьці новым альбо пазычаным — гэта наша глыбокая, спадчынная традыцыя.
Дастаткова працытаваць лiдараў беларускай гiсторыi, каб убачыць, наколькi па-хрысьцiянску разумелi яны ўладу народу:
“У Бiблii ўсе законы i правы, якiмi людзi на зямлi кiравацца маюць, напiсаныя... Тут справа ўсякага збору людзкога i ўсялякага гораду выкладаецца, каб вераю, яднаньнем ласкi й згоды паспалiтае памножана была” (Францiшак Скарына).
“А калi ёсьць рознасьць немалая ў веры хрысьцiянскай, абяцаем сабе за нас, за нашчадкаў нашых, на вечныя часы, пад абавязкам прысягi, пад вераю, годнасьцю i сумленьнем нашым, каб тыя, хто розныя ў веры, спакой мiж сабой захавалi” (Са Статуту ВКЛ 1588 г., рэдагаванага Львом Сапегам).
“Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьцi справядлiвай” (Кастусь Калiноўскi).
“Беларусь павiнна вярнуцца да Хрысьцiянства. Беларусь у XXI стагодзьдзi мусiць адрадзiцца як Хрысьцiянская краiна. Беларуская iдэя, абапертая на традыцыi беларускага Хрысьцiянства, — гэта шлях для нас найбольш унiвэрсальны i правiльны” (Зянон Пазьняк).
Першая беларуская дзяржава, Полацкае княства, выходзіць на арэну сусветнай гісторыі ў Х стагоддзі, з прыняццём хрысціянства.
Трэба адзначыць, што навяртанне да хрысціянства на беларускіх землях было мірным і пашыралася як ва ўсходнім (далей — праваслаўным) варыянце, з Візантыі, так і ў заходнім (потым каталіцкім) — праз варажскіх ды нямецкіх місіянераў (Торвальда Вандроўніка, Улава Трыгвасана, біскупа Рэйнбэрна).
І ўжо ў самым пачатку дзяржаўнага будаўніцтва ў ягоны падмурак закладваецца не толькі хрысціянская архітэктоніка, але і народны дэмакратызм: Полацкае веча, сотнікі, “копныя суды” ды інш.
Эліта Полацкага княства (князі, кіраўнікі дружыны, сакратары, дыпламаты) была хрысціянскай. Уладу князя абмяжоўвала народнае веча (ізноў-жа, пераважна хрысціянскае), вольнае настаяць на стратэгічных рашэннях і нават змяніць князя разам з ягоным атачэннем.
Да ХІІ стагоддзя Беларусь зазнае духоўны, культурны, гаспадарчы і палітычны ўздым, адзначаны постацямі Ефрасінні Полацкай, Кліма Смаляціча, Аўрамія Смаленскага ды Кірылы Тураўскага.
Невялікія, але згуртаваныя натуральныя і самакіроўныя супольнасці (сям’я, прыход альбо парафія, дружына, купецкая гільдыя, рамесніцкі цэх) вызначалі лад і развіццё першых беларускіх дзяржаваў — Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў — у поўнай адпаведнасці з ідэяй сучаснай хрысціянскай дэмакратыі, хіба толькі з той розніцай, што ўладальнікі маёмасці, радавітыя грамадзяне і вайскоўцы мелі адпачатна больш уплыву ці права голасу за астатніх.
Менавіта гэтую асноватворную мадэль пераняла ад Полацкага княства, Турава ды Смаленску і Вялікае Княства Літоўскае.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?