ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Леанід Дранько-Майсюк. Капялюш у паветры і вершы для Хомкі
Леанід Дранько-Майсюк расказвае пра свой працоўны кабінет, паказвае рукапісы і фотаздымкі, чытае вершы...
Калі ўваходзіш ва ўтульную кватэру вядомага пісьменніка, “галоўнага Дон Жуана беларускай паэзіі” Леаніда Дранько-Майсюка, насустрач адразу выбягае французскі бульдог Хама. Хомка, як ласкава называе яго гаспадар — і надзейны сябар, і адданы таварыш, і крыніца натхнення.
Леанід Дранько-Майсюк расказвае пра свой працоўны кабінет, паказвае рукапісы і фотаздымкі, чытае вершы, а Хомка тым часам ляжыць на ложку, пасопваючы: сочыць, як праходзіць размова.
Найлепшы пакой у найлепшай кватэры
Гэта кватэра — самая лепшая ў свеце, бо яна — мая кватэра. А гэты пакой таксама самы лепшы, бо мне ў ім заўсёды творча ўтульна. Тут ёсць іконы, карціны, фотапартрэты… Іконы з Давыд-Гарадка. Калі кудысьці еду, у Вільню, напрыклад, ці ў той жа Давыд-Гарадок, то не толькі хрышчуся, але і дакранаюся да кожнай.
Графіка Рыгора Сітніцы
Гэту каляровую літаграфію цудоўны мастак Рыгор Сітніца падараваў мне на 50-годдзе. Карціна створана ў 1989 годзе і мае назву “Гальшанскія мроі”. Яна мне вельмі падабаецца. У ёй пазнаю свой Давыд-Гарадок. І зусім невыпадкова тое, што фрагмент рэпрадукцыі гэтага твора упрыгожыў вокладку маёй кнігі “Гаспода”. Я рады, што сябрую з Сітніцам. Рыгор — мастак натхнёны, паэтычны, старанны. І менавіта на творчую стараннасць ён і настройвае сваіх вучняў. Вучні Сітніцы ведаюць, што мастацтва — гэта не перформансы, а вельмі цяжкая праца. Сітніца — асоба! Ён не ўмее баяцца! Рэдкая, дарэчы, якасць. Мноства нашых творцаў баязліва маўчаць, калі на іх вачах зневажаюць Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Так, мноства маўчыць, калі “гамбургскія раппаўцы”, “пражскія белаппаўцы” і тутэйшыя псеўдаінтэлектуалы топчуць сапраўдную літаратуру! А Сітніца не маўчыць. Ён бароніць ад бяздушнікаў роднае. Ягоныя артыкулы ў абарону беларускай культуры, як і ягоная паэзія — з’явы высокага гучання. Я ганаруся, што Рыгор — мой сябар і што ягоны твор упрыгожвае мой кабінет.
Вольга і Васіль
Быў у Мінску фотамайстар, франтавік Якаў Мяцеліца. Мы пазнаёміліся ў годзе 1989-м, дзякуючы паэтцы Галіне Булыка. Спадар Якаў сфатаграфаваў Вольгу, маю жонку. Атрымаўся проста выдатны партрэт! І тады ж ён зрабіў партрэт Васіля, нашага сына… Адзін з вершаў Галіны Булыкі пачынаўся радком “Пішы святлом”. Я запомніў, як Якаў Мяцеліца сказаў: “Гэта мой дэвіз!” Сапраўды, фотамастацтва — гэта пісьмо святлом.
Работа фотапаэта
А гэта работа майго сябра фотапаэта Генадзя Жынкова. Ён мяне фатаграфаваў неаднаразова, і я высока цаню ягоны талент. У гэтай рабоце няма нічога пастановачнага. Мы з Рыгорам Сітніцам ля майго дома проста пілі піва, і раптам, навёўшы на нас аб’ектыў, з’явіўся Генадзь. Абсалютна натуральны здымак! Дарэчы, я люблю фатаграфавацца, але не абы з кім!
І капялюш у паветры
А гэта ўжо фотафіласофія Анатоля Клешчука. З Анатолем я пазнаёміўся ў пачатку 90-х. У маім Давыд-Гарадку Анатоль зняў на плёнку (і не на плёнку, вядома!) літаральна кожны дом, кожную вуліцу. Выканаў шмат партрэтаў гарадчукоў, фатаграфаваў і маіх бацькоў. З Анатолем я падрыхтаваў да друку альбом пра Давыд-Гарадок “Горад Боны і Давыда”…
Гэты здымак Анатоль зрабіў у 1992 годзе. Я тады складаў вершы для спадарыні А., працаваў над “Стомленасцю Парыжам”… Мусіць жа, абсалютнай радасці я тады не адчуваў, нібыта разумеў, што вынік любой прыгожай з’явы — расчараванне. Усё ў сваім развіцці прыходзіць да расчаравання… Магчыма, каб падкрэсліць гэта, тонкі псіхолаг Анатоль Кляшчук змясціў мой капялюш не на вешалцы, не на канапе, не на падлозе, а ў паветры. Гэты ход мне вельмі спадабаўся.
Кнігі для сяброў
Часта сустракацца з сябрамі неабавязкова. І званіць сябрам часта таксама не трэба. Сустрэчы і званкі павінны быць шчасліва-выпадковымі! Бачыце, з гэтага лета ляжаць у мяне падпісаныя кнігі… 12 чэрвеня 2012 года Генадзь Жынкоў быў у Музеі гісторыі беларускай літаратуры на прэзентацыі маёй “Кнігі для спадарыні Эл”. Але ён не дачакаўся канца вечарыны, і я не паспеў падарыць яму сваё выданне… Спадзяюся, Генадзь, калі прачытае гэта інтэрв’ю, завітае да мяне па кнігу, як і спадзяюся на такую ж сустрэчу з Анатолем Клешчуком, бо і яго чакае “Кніга для спадарыні Эл”.
Бацькі
Гадоў пятнаццаць таму вядомая фотакарэспандэнтка Марыя Жылінская прыехала ў Давыд-Гарадок і спыталася ў першай цёткі, якую сустрэла: “А дзе знайсці бацькоў Дранько-Майсюка?” А цётка і кажа: “А от жа яны ідуць!”. Сапраўды, у гэты момант бацька і маці праходзілі міма — вярталіся з базара дадому. Яны пачулі, што гаворка пра іх і ўсміхнуліся… І вось маю цудоўны партрэт, за які вельмі ўдзячны спадарыні Марыі.
Самы ахвярны паэт
Невыпадковы ў мяне і партрэт Аляксандра Блока. Чытаць ягоныя дзённікі, лісты, артыкулы, асобныя паэтычныя творы — асалода! Заўсёды ўражвае вялікая ахвярнасць паэта. З разуменнем ён ставіўся да нашай культуры, да нашай мовы і ў сваёй аналітычнай прозе па-беларуску (!) цытаваў нашы народныя песні.У 1990 годзе ў букіністычнай краме на Нямізе я набыў шасцітомнік Блока. Аднойчы пра гэту маю пакупку мне нагадаў Барыс Пятровіч. Ён, аказваецца, быў тады у той краме і бачыў, як я купляў блокаўскія тамы. Прыемны ўспамін…
Кніжны куточак
Мне неабходны мінімум літаратуры. Кніг не павінна быць шмат, а толькі іх патрэбная колькасць. Вось тое, што ёсць у гэтым кутку, мяне цалкам задавальняе. Гэтымі кнігамі часта карыстаюся. У асноўным, тут слоўнікі і даведачная літаратура.
Вершы для Хомкі
Кожны дзень, ранкам і вечарам, выгульваю Хомку і складаю для яго вершы. Бяру з сабой цвёрдую паперу, кардон, асадку, іду за Хомкам у Купалаўскі парк і пішу радкі проста на хаду. На кардоне на хаду крэсліць зручна! І так штодня з’яўляюцца два вершы для Хомкі. Ранішні і вечаровы. Дома перапісваю гэтыя творы на мяккую паперу і складаю ў папку пад назвай “Вершы для Хомкі”. Ужо амаль на кнігу назбіралася! А пачалося ўсё з прапановы спадарыні Радмілы, супрацоўніцы дзіцячага часопіса “Кважды ква”, даць у гэты часопіс вясёлыя творы. Прапанову падтрымала і Алена Маліноўская… Магчыма, з нашага супрацоўніцтва нічога і не атрымаецца, аднак жа я ўдзячны гэтым жанчынам за падказку тэмы, якая вывела мяне на цэлую кнігу! Вось, напрыклад, раніцай 18 кастрычніка з’явіўся такі верш:
Хомка і лохі
Угаворваў лоха лох
Прачытаць ягоны блог.
“Гэта лепшы ў свеце блог!” —
Так хваліўся лоху лох.
“Я даўно вядомы блогер
І таму — усё мне похер!
Я, здыхаючы, не здох,
Бо сабе самому бог!
Я працую за пяцёх
Без ніякіх мух і блох,
І таму чытай мой блог!” —
Прыставаў да лоха лох.
Хомка пастаяў ля лохаў, —
Выгляд лохаў не палохаў.
Лоху, што як пень маўчаў,
“Не чытай!” — Хама сказаў.
А, скажам, раніцай 8 кастрычніка, зноў жа гэтага 2012 года, склаўся больш далікатны вершык:
Хомка і саломка
На Хаму не стог саломы,
А саломінка-саломка
Зверху ўпала і, вядома,
Не спалохаўся наш Хомка.
Што палохацца саломку,
Калі гэтая саломка
Мякка ўпала так на Хомку,
Што і не заўважыў Хомка!
Вершаваныя дзённікі
Я вывеў формулу: “Самы лепшы дзённік — перапісваць вершы, якія спадабаліся…” Гэта дапамагае настроіцца на патрэбны лад. Як піаніст развучвае гамы, так і я занатоўваю добрую паэзію. Паэты ў маім нататніку самыя розныя — Уладзімір Жылка, Якуб Колас, М.Арол, Андрэй Зязюля, Генадзь Бураўкін, Тодар Кляшторны, Пятро Глебка, Максім Багдановіч, Тарас Шаўчэнка, Валеры Маслюк, Уладзімір Марук, Фелікс Баторын, Васіль Зуёнак, Анатоль Вярцінскі, Людка Сільнова, Рыгор Барадулін, Юлі Таўбін, Цыпрыян Каміл Норвід, Іван Лагвіновіч, Віктар Слінко, Эдуард Акулін…
Вельмі хачу, каб наведнікі вашага сайта прачыталі мой любімы верш Эдуарда Акуліна “Ной”:
Сорак раз пасылаў сякеру
у сваты да сырых камлёў
і каўчэг будаваў свой з веры,
што ўратуе жыццё Любоў.
Давяраўся, як брату, зверу,
з птушкай раіўся, як з сястрой,
і каўчэг будаваў свой з веры
у Гасподняе слова Ной.
Моўчкі зносіў людскія кпіны:
— Дзе ты плаваць сабраўся, Ной?
І ў каўчэг запрашаў расліны,
як паломнікаў на пастой.
Перамогшы ў вайне з патопам
здзейсніў Госпадаў запавет…
І — ужо не з нуля, а з Ноя
нарадзіўся нанова свет!
Змястоўныя закладкі
Кніжныя закладкі павінны несці інфармацыю — ці духоўную, ці матэрыяльную. Вось у якасці закладкі служыць мне паштовы квіток, — нядаўна я выпісаў газету “Народная Воля” і часопіс “Дзяслоў”. А вось у часопісе “Верасень” закладка, на якой змешчаны словы Якуба Коласа з трылогіі “На ростанях”: “Лабановіч ніколі, нават у думках, не дазваляў сабе зняважыць дзяўчыну. Адно слова “дзяўчына” выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк…”.
Спісаныя да апошняй старонкі
Я вельмі рацыянальна скарыстоўваю паперу. Не люблю, калі папера проста белая, без слоў, без сказаў. Таму ў мяне ўсё спісанае, да апошняй старонкі… У Летувіскім Цэнтральным Дзяржаўным Архіве гісторык Алена Глагоўская дапамагла мне знайсці справы, заведзеныя польскай паліцыяй на Яўгена Скурко, будучага вялікага паэта Максіма Танка. Гэтыя матэрыялы скарыстоўваю ў сваёй новай прозе “У Вільні і больш нідзе”, якая публікавалася ў “Дзеяслове” і часткова ў “Народнай Волі”, а таксама ў газеце “Новы Час” — у яго дадатку “Літаратурная Беларусь”. Проза мая будзе завяршацца аповесцю пра Максіма Танка “…натуральны, як лінія небасхілу”. Дык вось, матэрыялы збіраюцца ў свеце, а пішацца толькі дома! Канечне, калі вандрую, раблю занатоўкі, але для канчатковага пісьма неабходна атмасфера самага лепшага пакоя ў свеце.
На адвітанне праз гэты вершык “Хомка і маленькі дурань” пажадаю ўсім беларускай весялосці:
Ясь ваду наліў у скрыпку
І пусціў у скрыпку рыбку.
Так акварыумам скрыпка
Стала, бо жыве ў ёй рыбка…
Але здохла тая рыбка,
Ад вады збабоўкла скрыпка,
І сумуе Ясь па рыбцы
Гэтак жа, як і па скрыпцы!
У Хамы душа зайшлася:
“Дурань ты, маленькі Ясю,
У раку пусціў бы рыбку
І ў музей аддаў бы скрыпку!”
Обсудим?