Забіт Самедаў. “Свецкая” зорка сусветнага кікбоксінгу

Зазвычай пасля замежных турніраў Забіт гадзінамі не можа пакінуць арэну, раздаючы аўтографы і фатаграфуючыся з прыхільнікамі...

 

Праект парталу
“Будзьма Беларусамі!” ― “Байцоўскі ген”

 

Іміграваўшы ў Мінск, ён захапіўся ўдарнымі адзінаборствамі і вырас у знанага байца. За што яго любяць замежныя заўзятары і ці разумее Забіт па-беларуску?

У Мінску кікбаксёр Забіт “Маўглі” Самедаў больш вядомы як актывіст свецкай тусоўкі. А на міжнародных байцоўскіх арэнах яго любяць за адкрытыя і эмацыйныя двубоі.

Забіт Самедаў

Сёлета ў сакавіку Забіт правёў самы драматычны паядынак сваёй кар’еры. Ён сышоўся з мараканцам Бадрам Хары. Той паўтара месяцы як выйшаў з вязніцы і прагнуў зрабіць брутальны накаўт. За сваю кар’еру Бадр змог накаўтаваць амаль кожнага суперцяжа з элітнага кікбаксёрскага дывізіёну. А таксама вызначаўся скандаламі, дыскваліфікацыямі і бойкамі на прэс-канферэнцыях.

Падчас паядынку зала гучна і хорам падтрымлівала харызматычнага Забіта Самедава. І хоць ён прайграў паядынак па пунктах, Бадра Хары вывезлі са спартовай арэны на вазку. Пасля гэтага двубою у мінскага кікбаксёра з’явіліся дзясяткі прапановаў па прафесійных баях на ўсіх кантынентах.

***

Забіт мае азербайджанскае грамадзянства. Але вырас у Мінску, таму інтэрв’ю ў яго бяру па-беларуску.

— А нарадзіўся я ў Грузіі, у памежным паселішчы Джандар, дзе жылі азербайджанцы. У той час там было не вельмі добра, меліся праблемы. Таму ў 90-х нашы таты паехалі ў Мінск, а потым пачалі перавозіць сюды сем’і, — згадвае Забіт дзяцінства. — Тут адразу спадабалася. Прыехалі ж у сталічны еўрапейскі горад! Было нязвыкла і цікава. Народ ставіўся гасцінна. Рускай мовы я не ведаў, таму прапусціў год школы. Бацька наймаў настаўніцу, якая выкладала дома. У школе вывучаў і беларускую, хоць настаўнікі рабілі паслабленні. Але сёння па-беларуску я ўсё разумею, хоць размаўляю не зусім добра.

Забіт Самедаў

З восьмага класа Забіт пачаў займацца тайскім боксам у клубе “Чынук”. Ужо тады з рук у рукі перадавалі відэакасеты з баямі беларуса Аляксея Ігнашова, які здабыў шалёную вядомасць у Японіі.

— І ў мяне з’явілася мара хоць раз выступіць у турніры К-1 (папулярная кікбаксёрская версія). Хоць быў тады юнаком і важыў каля 60 кг. А ў 2006 годзе я ў складзе зборнай Беларусі двойчы зрабіўся чэмпіёнам свету па муай-тай. І мне прапанавалі выступаць у адборачным турніры К-1.

Трэба патлумачыць, што байцом суперцяжкага дывізіёну Забіта Самедава на вока не назавеш. Вагавая катэгорыя ў турнірах па К-1 не была абмежаваная, некаторыя супернікі маглі важыць да 120, 140 і нават 160 кг. Пад Забітам жа шалі паказвалі блізу 85 кг. Тым не менш, большасць двубояў заканчваліся перамогамі.

***

Самы ўлюбёны занятак “Маўглі” па-за трэніровачным залам — свецкія мерапрыемствы. Ён заўсёдны госць у мінскіх клубах, удзельнік багемных вечарынаў і разнастайных прэзентацый.

Забіт Самедаў

Паказ новай машыны ў аўтасалоне ці спевы артыстаў на ТБ — паўсюль можна пабачыцца з Забітам. Баец не хавае таго, што часам можа адхіліцца ад рэжыму і пазней легчы ў ложак.

Але выніку “Маўглі” дасягае не толькі з дапамогай трэніровак, але і дзякуючы сваёй эмацыйнасці. Забіт цудоўна ведае, якую стратэгію выбраць на рынгу і як схіліць на свой бок заўзятараў.

Перад баямі ён часта лічыцца андэрдогам, то бок мае менш шанцаў на перамогу, чым апанент. Але на рынгу пачынаецца бескампрамісная бойка, дзе мінскі баец найчасцей эфектна перамагае.

Зазвычай пасля замежных турніраў Забіт гадзінамі не можа пакінуць арэну, раздаючы аўтографы і фатаграфуючыся з прыхільнікамі.

Забіт Самедаў

— Сёлета на фінальным турніры К-1 пад тваім прозвішчам паставілі азербайджанскі сцяг. Дык кім ты сам сябе лічыш?

— Я доўгія гады выступаў за Беларусь. А цяпер у федэрацыі K-1 змяніліся заснавальнікі. І яны ля ўсіх імёнаў ставяць гістарычную сімволіку. Нават байцы з Нідэрландаў, якія маюць нідэрландскі пашпарт, усё адно выходзяць пад сцягам Сурынама. Адзінае, што я скажу дакладна: я мінчук, тут жыву і люблю гэты горад. Днямі мы звярнуліся ў федэрацыю К-1 з просьбай выходзіць на рынг пад двума сцягамі…

Забіт Самедаў

Забіт арганізоўвае ўласныя байцоўскія шоу, але і сам збіраецца выступаць далей. Мяркуючы па ўсім, самы паспяховы этап яго кар’еры — наперадзе.

Забіт Самедаў