Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Быкаў і выбух
Быкаў для ўсіх беларусаў — асоба, якая бясспрэчна заслугоўвае пашаны і павагі…
Уладзімір Някляеў. Паэт, лідэр агульнабеларускай кампаніі “Гавары праўду!” |
Калі напярэдадні дня Пермогі я паабяцаў, што праз паўтары месяцы (да 22 чэрвеня, дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны) актывісты кампаніі «Гавары праўду!» збяруць 50 тысяч подпісаў за тое, каб у Мінску была вуліца імя Васіля Быкава, я яшчэ не ведаў пра рашэнне ўлады расправіцца з кампаніяй. Але мне было вядома, што нашы актывісты — пераважна маладыя людзі, і калі 18 траўня на кампанію быў здзейснены напад спецслужбаў, я падумаў: можам не выканаць абяцанае! Хлопцы і дзяўчаты могуць не справіцца, не вытрываць.
Але яны справіліся. На іх ціснуў КГБ, іх запалохвала міліцыя, а яны вытрывалі. Не хіснуліся. Сабралі па Мінску 65 тысяч, па Гродна - 5 тысяч подпісаў. Разам з падпіснымі лістамі, канфіскаванымі ў час ператрусу ў нашым офісе, подпісаў сабрана амаль 100 тысяч. З улікам умоў, у якіх яны збіраліся, нашы хлопцы з дзяўчатамі здзейснілі амаль подзвіг. Дзякуй ім вялікі!
Апошнім часам да людзей, якія паставлі свае подпісы за тое, каб вуліцы імя Васіля Быкава з’явіліся ў Мінску і Гародні, сталі тэлефанаваць незнаёмыя людзі і настойліва пытацца, ці насамрэч падпісанты свае подпісы паставілі? Таму мы вырашылі (на ўсялякі выпадак) усе падпісныя лісты дадаткова праверыць — і толькі пасля гэтага перадаць іх у Мінскі і Гродзенскі гарвыканкамы.
Праверым, перададзім — і што далей?
Далей — слова (і справа) за ўладай.
70 тысяч (пра канфіскаваныя подпісы ўжо не кажу) мінчукоў і гарадзенцаў, выбаршчыкаў і падаткаплацельшчыкаў, выказаліся за тое, каб у іх гарадах была ўвекавечаная памяць пра найвыбітнага беларускага пісьменніка ХХ стагоддзя. Патрыёта, які не толькі ў кнігах, але і на яве, са зброяй у руках выявіў свой патрыятызм. Вялікага сына беларускай зямлі, слыннага ва ўсім свеце. Ці, можа, патрыёты Беларусі, слынныя яе сыны — гэта Кнорын, Берут, Свярдлоў, Мяснікоў, Валадарскі, імёнамі якіх названыя цэнтральныя вуліцы Мінска?..
Калі пераймяноўваліся праспекты Скарыны і Машэрава, колькасць подпісаў ветэранаў, якія (нібыта) выступілі з гэтай іцыятывай, не паведамлялася. Аднак наўрад ці іх было 70 тысяч. Тады б увесь Мінск гудзеў.
Пакуль жа гудзе інтэрнэт. У каментарах пішуць: «Навошто гэта? Улада ўсё адно адмахнецца!».
Што ж, пабачым, як яна гэта зробіць. Ці знойдуцца ў Менскім і Гродзенскім гарсаветах дэпутаты, якія здольныя ўважыць не адно ўладу (што азначае сёння: аднаго чалавека), але і тых, каму (згодна з Канстытуцыяй) яна належыць. Што азначае: народ. Ці 70 тысяч мінчукоў і гарадзенцаў ніякіх адносінаў да народа не маюць? У такім разе яны будуць ведаць, што тыя, хто называе сябе іх абраннікамі, не маюць права так называцца. Бо адмахнуліся ад тых, хто іх абіраў. Адпрэчылі залатое правіла дэмакрытыі: не адштурхвай людзей, не адмаўляй ім у іх законным праве! А права — ці, калі заўгодна, просьба, пад якой паставілі подпісы 70 тысяч чалавек — зусім законнае. За тое, каб яно спраўдзілася, падпісаліся не толькі тыя, хто супраць Лукашэнкі. Падпісаліся і тыя, хто за яго. Бо гэта не палітычная, а маральная акцыя. Выяўленне не ідэялагічных перакананняў (хоць і без іх, зразумела, не абыйшлося), а сумлення. Быкаў для ўсіх беларусаў — асоба, якая бясспрэчна заслугоўвае пашаны і павагі.
Дзякуй усім, хто гэта зразумеў. Як тым, хто збіраў подпісы, гэтак і тым, хто падпісаўся. А ці спрацуе залатое правіла дэмакратыі, ці гонар і сумленне перамогуць страх і ўгодлівасць — будзе відаць у бліжэйшым часе.
Пераадоленне страху, канфлікт гонару і ўгодлівасці — адна з ключавых тэмаў творчасці Быкава. І гэтым Васіль Уадзіміравіч як быў, так і застаецца сучасным. Не гадаючы, як вырашаць гэты канфлікт нашы сучаснікі, дазволю сабе заўважыць: калі воля народа не ўлічваецца паслядоўна і доўга, калі ягоныя інтарэсы падмінаюцца пад інтэрэсы купкі людзей, клана, тады непазбежны выбух.
Курманбек Бакіеў можа гэта пацвердзіць. Якраз асколкам такога выбуху яго і крамсанула.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Обсудим?