“Гэта для нас сур’ёзна”. Беларускамоўны бізнес ужо не экзотыка

Беларускамоўны бізнес па-ранейшаму з’яўляецца не вельмі распаўсюджаным.

У Дзень роднай мовы Naviny.by успомнілі бізнес, які імкнецца прасоўваць беларускую мову.

 

“А-100”: прасоўванне беларускай мовы — доўгатэрміновы праект

Сталыя кліенты “А-100” ужо прызвычаіліся атрымліваць sms-паведамленні на беларускай мове. Людзі ведаюць, што на аўтазапраўках і кавярнях “А-100” да іх будуць звяртацца на мове.

Фота svaboda.org

Беларуская мова не ўспрымаецца як нешта экзатычнае, бо над гэтым працуюць. Кіраўнік аддзела маркетынга сеткі заправак “А-100” Вольга Цішкевіч рассказала, што кампанія імкнецца, каб беларуская мова гучала як можна часцей:

“Усе аператары ведаюць мову на базавым узроўні, некаторыя карыстаюцца ёю заўсёды. Мы хочам, каб мова была як мага больш распаўсюджаная, гэта доўгатэрміновая палітыка кампаніі, гэта для нас сур’ёзна”.

На тое, каб на рэкламных плакатах, у sms, на сайце мова была чыстая і пісьменная, выдаткоўваюцца чалавечыя і матэрыяльные рэсурсы, працуе спецыяліст, які добра ведае мову.

“Гэта пытанне павагі да беларускай мовы і нацыянальнай культуры. Мы і далей будзем прасоўваць палітыку распаўсюджвання беларускай мовы, у нас ёсць канкрэтныя планы на гэты конт, пра рэалізацыю якіх вы хутка даведаецеся”, — сказала Цішкевіч.

 

З velcom дзеці чытаюць па-беларуску

У розныя гады кампанія velcom дэманстравала стаўленне да мовы праз добрую беларускамоўную рэкламу.

Фота facebook.com/velcomlikes

Зараз тэлеком-аператар рэалізуе праект “Чытаем па-беларуску з velcom”, удзельнікамі якога з’яўляюцца школьнікі з усёй Беларусі. Мэта праекта — адкрыць для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, а таксама выкарыстаць магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі.

“За першыя два гады рэалізацыі праекта “Чытаем па-беларуску з velcom” наша каманда праехала 21 000 кіламетраў і правяла ўрокі ў 184 школах і гімназіях у 40 населеных пунктах. Сёння мы рады пачаць новы этап праекта, які дазволіць ахапіць кожную школу Беларусі, — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — І калі першы этап быў скіраваны на малодшых школьнікаў, то цяпер мы звяртаемся да вучняў 7-8-х класаў. Новы фармат конкурсу дыктуе сам час, для падлеткаў цяпер звыклыя смартфоны і сацыяльныя сеткі. Наша мэта — выкарыстаць сучасныя тэхналогіі, каб звярнуць увагу школьнікаў на прыгажосць беларускага слова, велізарны і разнастайны пласт выдатных твораў нашых аўтараў».

velcom мае і добры сайт на беларускай мове.

Беларускамоўныя сайты ёсць і у іншых айчынных аператараў сувязі. У 2016 годзе ў байнэце праходзіла кампанія “За МТС па-беларуску!”. Людзі прасілі кіраўніцтва кампаніі даць магчымасць выбіраць мову карыстання паслугамі на сайце. МТС пайшоў насустрач. З лета 2016 года ў кампаніі паўнавартасны сайт і на беларускай мове.

Беларускамоўны сайт ёсць і ў аператара life : )

 

Успомніць мову можна і ў “Еўраопце”

У 2016-м кампанія «МакДональдс» святкавала 20-годдзе працы ў Беларусі і тады ж пачала размаўляць з наведвальнікамі па-беларуску. У той перыяд з’явілася і беларуская версія сайта, і беларускамоўнае меню.

А на білбордах кампаніі можна было прачытаць: “Тое, што нам блізка”. Спадзяемся, што гэта і пра мову.

Фота marketing.by

Кампанія “Еўраторг”, якая валодае буйной сеткай крамаў, таксама імкнецца прасоўваць беларускую мову, адзначылі Naviny.by ў кампаніі. Беларускай версіі сайта evroopt.by пакуль няма, але ў некалькіх супермаркетах “Еўраопт” ёсць беларускія касы, а ў крамах “Бруснічка” выкарыстоўваецца беларускамоўнае афармленне.

Фото agt.by

Напрыклад, у вялікім “Еўраопце”, што месціцца ў гандлёва-забаўляльным цэнтры Galleria Minsk, дзве касы — беларускамоўныя. Персанал падбіралі такі, каб на мове размаўлялі добра і з задавальненнем. Да таго ж з супрацоўнікамі праводзілі заняткі, каб ім было лягчэй мову аднавіць.

Шыльды, указальнікі і гэтак далей у гэтай краме таксама на беларускай, а яшчэ на рускай і англійскай мовах.

 

“Лідскае” з поспехам перайшло на беларускамоўную камунікацыю

“Лідскае піва” актыўна карыстаецца беларускай мовай. А пачыналася ўсё ў 2016 годзе, калі з’явілася “Лідскае Легенда” і адбыўся рэбрэндынг з пераходам лінейкі “Лідскага” на беларускамоўную камунікацыю.

Рэкламу бровар дае пераважна на беларускай мове, як і кантактуе ў “Фэйсбуку”.

Яшчэ некалькі гадоў таму пра рэкламу на беларускай мове казалі, што яна элітарная, што вылучаецца і таму мае патрэбнае ўздзеянне. На беларускай мове актыўна рэкламаваўся, напрыклад, сусветны брэнд Samsung. На беларускай былі праекты velcom, “Аліварыі” ды іншых.

Сёння прасоўваць брэнд на беларускай мове можна без асцярогі, бо ўлады самі за мяккую беларусізацыю. І ўжо не глядзяць на тых, хто размаўляе па-беларуску, як на палітычных апанентаў.

 




Оставьте комментарий (0)
  • Мне очень нравится, когда говорят на правильном белорусском языке, Особенно реклама. Будучи директором предприятия в девяностые,я старался внедрить белорусский язык. Однако всё погубило двуязычие. Дело в том, что договоры с инозаказчиками составлялись на русском ,английском и языке заказчика. В белорусском была проблема отображать технические термины и связанные с ними взаимоотношения сторон. Свою лепту в это бездействие внёс и институт белорусского языка.Так отодвинули мы белорусский язык на потом. В энергетике принято проводить оперативки ежедневно. Были у нас энтузиасты говорить на этих совещаниях на мове. Однако , хотя большинству это нравилось, включались в это единицы. Стесняются . Вот когда первый руководитель подключается процесс становиться успешным.В добрый путь.