Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. Баршчэўнік: прадпісанні — і рэальны стан рэчаў

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Лета, сезон барацьбы з баршчэўнікам. Мне даводзілася звяртацца ў розныя экалагічныя ўстановы. Гарадская на заяўку зрэагавала імгненна. (Гіганцкі парасон раскашаваў на дагледжанай прыватнай сядзібе.) Мінская раённая таксама па сваёй парафіі прыняла меры, хаця і не так аператыўна. Мінскі абласны камітэт па ахове прыроднага асяроддзя можа прыняць да ведама новае месца “праізрастанія”, як прынята выказвацца, а можа адаслаць да ніжэйстаячых.

З раённымі інспекцыямі справа дрэнь. Па тэлефоне яны выглядаюць зацікаўленымі і абяцаюць пазмагацца. Прынамсі, так было з валожынцамі. У рэальнасці змен не назіраецца, ачагі інвазіі не змяншаюцца, а штогод растуць.

Справа ў тым, што праца эколагаў-інспектараў зводзіцца да адсылання ва ўсе бакі прадпісанняў. Гэткая бяззубая “пісучая кантора” без відавочных вынікаў і вагі сярод іншых раённых службаў. Ну, адасалалі, ну, прыгразілі. Але ўчасткі “праізрастанія” павісаюць паміж рознымі карыстальнікамі — дарожнікамі, леснікамі, сельскагаспадарчымі кааператывамі.

Закон, па якім барацьба са шкоднікам ускладзена на землекарыстальнікаў, па сутнасці састарэў, бо даўно паказаў сваю недзееяздольнасць.

Прыклад са Смалявіцкага раёна. Там выяўлена 32 месцы распаўсюджання баршчэўніка, за якія адказваюць 25 землекарыстальнікаў. Гэта ж столькі паперак трэба напісюкаць! Усё афіцыйна, па правілах… Так вінаватыя і спалохаліся.

Смалявіцкай інспекцыі паскардзіліся грамадзяне на закінутую сядзібу, дзе расліна вышэй чалавечага росту. Начальнік інспекцыі “зрабіў усё, што мог”: ён шукаў гаспадара з дапамогай мінскай міліцыі. Не знайшоў. Ці мала народу з’ехала на заробкі ў РФ або іншыя краіны. А раптам гаспадар, не тут казана, бачыць неба ў клетачку? Альбо нездаровы і знаходзіцца ў якойсьці медычнай установе?

Дык што — баршчэўнік так і будзе беспакарана асемяняць усе суседнія агароды і паселішчы? З касой туды некага паслаць?

Наша дзяржава любіць штрафаваць — усіх і за ўсё. За Курапаты, за паперкі, прыклееныя на слупы… Аднак у дадзеным выпадку мы назіраем нейкую барскую “снисходительность”. Сами памяркуйце: за мінулы год смалявіцкія барацьбіты за экалогію выпісалі ажно 2 (два!) пратаколы тым, хто скрозь пальцы глядзіць на штучна выведзенага Сасноўскім монстра. Два штрафы на 25 існуючых “віноўнікаў”.

Таварышы, гэта смешна! Гэта доказ неэфектыўнай працы падраздзялення. У раёнах няблага было б стварыць мабільная невялікія брыгады ў камбінезонах і распіратарах, якія будуць выязджаць на кожнае новае месца і труціць баршчэўнік хіміяй. Незалежна ад таго, на чыёй зямлі ён вырас. Так, напрыклад, як патруцілі нядаўна свежанькую плантацыю каля Старога Ракава ў рамках рэспубліканскага праекта.

Дзякую тэлекампанію СТВ за талковы і падрабязны сюжэт на злабадзённую тэму. І за нечаканую выснову: касіць баршчэўнік няма сэнсу. Патрабуюцца больш радыкальныя меры. Інакш і Мінск давядзецца ратаваць ад зараснікаў танкамі, як гэта рабілася ў Санкт-Пецярбургу.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.



Оставьте комментарий (0)