Глеб Лабадзенка: няхай толькі нехта паспрабуе забраць Касцюшку ў беларусаў!

На 33-ю сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая прайшла 1-2 верасня ў Нью-Ёрку, былі запрошаныя некалькі вядомых грамадскіх актывістаў з Менску, сярод якіх быў арганізатар курсаў “Мова нанова” Глеб Лабадзенка.

На Беларусі ён, апроч усяго, вядомы сваёй дзейнасцю па захаванні спадчыны Быкава, Барадуліна і Караткевіча, а таксама нядаўняй кампаніяй па збору сродкаў на ўсталяванне помніка нашаму славутаму земляку Тадэвушу Касцюшку.

Карэспандэнт БелаПАН сустрэлася з Глебам у Вашынгтоне, куды ён завітаў па запрашэнні мясцовай беларускай суполкі.

— Якую мэту вы асабіста перад сабой ставілі, едучы на сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі?

Мне хацелася расказаць, якія культурніцкія справы робяцца ў Беларусі, зацікавіць гэтым нашую дыяспару ў Амерыцы, каб яны далучаліся да гэтай працы. Вельмі прыемна, што беларусы тут памятаюць пра радзіму, вядуць нейкае культурнае жыццё, што ў іх ёсць сваё памяшканне — царква Кірылы Тураўскага. Але нам яшчэ трэба вучыцца у некаторых нацыяў, як можна трымаюцца адно аднаго.

Многія беларусы за мяжой чамусьці застаюцца самі па сабе. Я ведаю, што ў Нью-Ёрку жыве шмат нашых суайчыннікаў, але на сустрэчу прыехала вельмі малая іх частка — прыкладна 40-50 чалавек.

— Сустракаліся нейкія вядомыя імёны?

З тых людзей, пра якіх я раней чуў, гэта Ала Орса-Рамана — вядомая мецэнатка, якая шмат праектаў падтрымлівае ў Беларусі; Валянціна Трыгубовіч — мастацтвазнаўца, якая асабіста ведала Ларысу Геніюш; Ганна Сурмач — былая старшыня БАЗА (Беларуска-амерыканскае задзіночанне — рэд.).

Для мяне асабіста падзеяй стала знаёмства з Зянонам Пазьняком, які быў адным з галоўных удзельнікаў падзей, звязанных з набыццём нашай незалежнасці. Раней мы, зразумела, не сустракаліся, бо ў 1996 годзе, калі ён з’ехаў за мяжу, я яшчэ вучыўся ў трэцім класе.

Зянон Пазьняк

Хаця, трэба сказаць, што ў майго бацькі ёсць чорна-белыя фатаграфіі пачатку 90-х — я думаю, усе хадзілі на мітынгі, і мой бацька таксама хадзіў — і ёсць здымкі, дзе Пазьняк перад Домам урада выступае перад натоўпам. Так што тут нейкая сувязь усёж-такі ёсць.

— Беларусы Паўночнай Амерыкі былі не толькі жыхарамі ЗША прадстаўленыя?

— Так, яшчэ была дэлегацыя з Канады — людзі, з якімі я пазнаёміўся падчас маёй паездкі туды ў мінулым годзе. На чале з Івонкай Сурвілай, якая ўжо больш за 20 гадоў з’яўляецца старшынёй Рады БНР. Калі я з ёй пазнаёміўся, высветлілася, што маё лецішча знаходзіцца недалёка ад таго месца, дзе яна нарадзілася і дзе стаяла хата яе дзеда. Мы на гэтай глебе з ёй вельмі добра паразмаўлялі.

— Вы чалавек, які любіць дакапвацца да розных архіўных дакументаў, фотаздымкаў. Ці хапае ў Беларусі матэрыялу для такой працы?

— У нас праблема не ў тым, каб дакапвацца да матэрыялаў, а ў тым, каб папулярызоўваць гэты матэрыял і прыдаваць яму форму, вядомую для шырокіх мас. Таму што нашы гісторыкі паназбіралі тоны матэрыялаў, якія не працуюць.

Я да такіх рэчаў стаўлюся як журналіст —для мяне важна, каб гэта зацікавіла як мага большую колькасць людзей. Гісторыя, літаратура, мастацтва нашае. Таму у мяне ў галаве стаіць чарга з праектаў на некалькі гадоў наперад. І мне самому гэта вельмі цікава, таму што шмат у якіх рэчах у Беларусі ты можаш быць першаадкрывальнікам.

Ты праходзіш у архіў, бярэш вершы Геніюш і бачыш, што да цябе іх ніхто яшчэ не браў, ніхто не распісаўся ў ведамасці. Альбо, калі бярэш у рукі аркушы, на якіх Караткевіч пісаў свой твор — для мяне гэта было, нібыта я Біблію Скарыны ў руках патрымаў.

— Вы былі арганізатарам усталявання фактычна першага ў Беларусі помніка Касцюшку, на яго радзіме ў Мерачоўшчыне. З якімі пачуццямі вы наведалі аналагічны помнік тут, каля Белага дома?

— Я, дарэчы, пабываў яшчэ ў вайсковай акадэміі Ўэст-пойнт, якую будаваў Касцюшка. Бачыў яго шаблю, там таксама стаіць помнік яму. Мне, зразумела, прыемна, што наша зямля нарадзіла чалавека, які праславіўся на ўвесь свет.

Сэлфі з Касцюшкам

На жаль, некалькі нацыяў спрабуюць нацягнуць коўдру на сябе, падзяліць Касцюшку. Але яго немагчыма забраць ні ў адной краіны, дзе ён пакінуў след. Касцюшку немагчыма забраць у амерыканцаў, немагчыма забраць у палякаў. І няхай толькі нехта паспрабуе забраць Касцюшку ў беларусаў!

На адкрыцці помніка мы казалі пра самую важную рэч: мы стаім каля роднай хаты Тадэвуша Касцюшкі. Гэта — Беларусь. І з гэтым не можа паспрачацца ніводзін культурны і прыстойны чалавек у свеце.

 

 

Фота Глеба Лабадзенкі і БелаПАН

 

Вашынгтон