Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Дынама

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

«Дынама» — вядучае беларускае спартовае таварыства. «Дынама» — футбольны клуб з Мінску, які ў 1982 годзе стаў чэмпіёнам СССР. «Дынама» — галоўная арэна Беларусі, стадыён з катлавінаю на 22 тысячы месцаў, наш Калізей.

Таварыства «Дынама» (з грэцкай — «моц»), заснаванае ў 1923 г. як фізкультурнае аб'яднанне міліцыянтаў і пажарных, за некалькі дзесяцігоддзяў дынамічнага развіцця зрабілася сілай і славай беларускага спорту.

Зараз «Дынама» — гэта інфраструктура клубаў па ўсёй краіне, 20 алімпійскіх відаў спорту, дзясяткі медалёў чэмпіянатаў свету, Еўропы і алімпіядаў, стадыёны і спарткомплексы ў Стайках і Раўбічах. Легендарныя фехтавальшчыкі Самусенка, Бялова, Раманькоў, весляры Макаранка і Парфяновіч, баксёр Яноўскі, біятланіст Папоў, стралкі Шылава і Лукашык — «дынамаўцы».

Для Беларусі «Дынама» — правобраз магутнага спартовага брацтва нацыянальнай гвардыі, паліцыі, войска, выратавальнікаў, спецназу. Брацтва, якое б выхоўвала сапраўдных патрыётаў і абаронцаў, беларусаў, гатовых адстойваць гонар Айчыны перад ўсім светам.

«Дынама», Мінск — легенда беларускага футболу. «Бела-сінія» — у колерах Беларусі і неба.

За «Дынама» гулялі беларускія знакамітасці ХХ ст. — Мустыгін, Малафееў, Зарэмба, Савосцікаў. 19 лістапада 1982 г., выйграўшы ў апошнім туры саюзнага першынства ў маскоўскага «Спартака» і пакінуўшы ззаду дынамаўцаў Кіева, «Дынама» Мінск стала чэмпіёнам СССР.

«Дынама-82» — наша залатая футбольная мара, гістарычныя перамогі ў еўракубках і найярчэйшыя імёны: Пракапенка, Пудышаў, Гоцманаў, Алейнікаў, Зыгмантовіч, Бароўскі, Гурыновіч, Курненін... Каманда зорак, якія гулялі за зборную Савецкага Саюза, лепшыя клюбы Еўропы і нават зборную свету.

Сёньня «Дынама» Мінск — адзін з лідэраў футбольнага чэмпіянату незалежнай Беларусі, самы папулярны сталічны клуб, культ для выбуховых голагаловых фанатаў — «дынамітаў».

Нарэшце, «Дынама» — гэта стадыён у самым цэнтры беларускае сталіцы, збудаваны яшчэ ў 1934 годзе, адноўлены пасля вайны і рэканструяваны да Алімпіяды 1980 г. Калісці найбуйнейшы рэчавы кірмаш у Беларусі, дзе атаварвалася паўкраіны — зараз эпіцэнтр галоўных відовішчаў. «Дынама» бачыла і канцэрты сусветных зорак, і перадвыбарчы мітынг БНФ пры поўных трыбунах, і евангелізацыю на 50 тысячаў чалавек.

«Дынама» — гэта ўся моц дзясяткаў тысячаў вачэй. Непаўторнае пачуццё арэны, дзе можна разглядзець у твар амаль кожнага. Усе ўскрыкваюць, ускокваюць і нават уздыхаюць разам! Калі на «Дынама» штосці адбываецца — увесь цэнтар горада ракоча раскатамі і скаланаецца ад выбухаў голасу народа. Ад рову і рэха, якім вялізарны дынамаўскі рупар надае розгалас грымотаў, дробна дрыжыць шкло і ў Доме Ураду, і ў будынку КДБ, і ў прэзыдэнцкай Адміністрацыі.

Калі Беларусь жыве гэтым матчам, гэтым выступам, гэтым шоў, калі ўся астатняя нацыя ля тэлевізараў — сэрца краіны замірае і шалёна калоціцца там, у гіганцкім дынаміку «Дынама».

«Дынама» — генератар велізарнай энэргіі, зарад магутнасці, што дрыжыць ўнутры гэтага народу. Той самай стоенай сілы, што гатова падняць усю Беларусь — грандыёзнай стадыённай хваляй.

 

 

З кнігі «Люблю Беларусь»

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.



Оставьте комментарий (0)