Павел Севярынец. ФЕНАМЕНАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ. Гаранты незалежнасці

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

За апошнія пяць гадоў мне давялося дзясяткі разоў чуць ад сваіх сяброў, паплечнікаў, палітыкаў, дыпламатаў: акрамя Лукашэнкі, у Беларусі не засталося перашкодаў для крамлёўскага аншлюса.

Зараз гэтая хваля дасягнула піку.

Тое, што гэты рэжым сам з дапамогай Крамля 25 гадоў расстаўляў пастку для незалежнасці, забіваў і кідаў у турмы лепшых беларусаў, нішчыў мову, культуру і парасткі грамадзянскай супольнасці, разбураў эканоміку, рабаваў народ, праядаў і раскрадаў нафтагазавую халяву — цяпер не бярэцца ў разлік.

Маўляў, Лукашэнка нарэшце “празрэў” і стаў незалежнікам. Дзяржысь, значыць, Рыгорыч, не здавай нас.

Добра. Гатовы прыняць такі паварот. Толькі пры ўмове, што “гарант” прынясе плод, варты пакаяньня:

- Выступіць са зваротам, дзе шчыра скажа: прабачце, людзі, 25 гадоў вёў вас не туды — каб усе, нарэшце, зразумелі, куды мы ідзем.

- Скасуе ўсе кабальныя дамовы з Расіяй — бо нават ягоны ўрад уголас кажа, што гэта кабала.

- Адменіць дурацкі “падатак на дармаедства”, кантрактную сістэму, скарачэнні пенсійнага стажу — каб вярнуць давер беларусаў да дзяржавы. Людзі не будуць абараняць дзяржаву, якая іх душыць.

- Выпусьціць палітвязняў.

- Падыме бел-чырвона-белы сцяг.

- Адчыніць Беларускі нацыянальны універсітэт.

- Перакрые каналы расійскай прапаганды і легалізуе “Белсат”, “Хартыю”, “Рацыю”.

- Падрыхтуецца аплаціць поўны кошт за газ, альбо купляць і везьці энэрганосьбіты з іншых рынкаў.

- Запросіць беларускіх дабраахвотнікаў ва Ўкраіне ўзначаліць войска, гатовае абараняць краіну ад крымскага і данбасскага сцэнару.

- Адменіць абмежаванні для дробнага і сярэдняга бізнэсу.

- І нарэшце абвесціць вольныя выбары, у якіх ня будзе прымаць удзел сам.

Вы верыце ў такія дзеянні “гаранта незалежнасці”? Нават калі Масква паставіць ультыматум і запусціць таймер?

Калі не — пара прызнаць: няма ніякіх гарантаў беларускай незалежнасці, акрамя Бога і беларускага народа. Як паказала Ўкраіна, нават Будапешцкі мемарандум нічога не гарантуе.

Лукашэнка можа выканаць ролю часовай заглушкі. Але вырашаць, ці быць Беларусі вольнай і незалежнай — нам. Не з яго спытаюцца потым. З нас.

Таму: трэба рыхтавацца браць адказнасць за краіну самім.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.