Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Для чаго пустуе зямля ў цэнтры Мінска?

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

2 красавіка ў кіраўніка краіны А.Лукашэнкі адбылася чарговая нарада па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў.

У ліку ўдзельнікаў нарады было ўсё кіраўніцтва урада, Нацыянальнага сходу, Адміністрацыі прэзідэнта, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, абласцей, г.Мінска, памочнікі Лукашэнкі ў рэгіёнах.

Адным з пытанняў, якое было закранута на нарадзе, было пытанне аб навядзенні парадку, каб наша Беларусь, як выказаўся Лукашэнка, уся была ў кветках і зеляніне.

«У кожнай вёсачцы, аграгарадку, у кожным раёне, вобласці, у Мінску — на кожным пятачку павінны быць высаджаны дрэвы. Гэта здароўе людзей, у рэшце рэшт. Гэта наша візітная картка. І вам трэба навесці парадак раз і назаўсёды — тады людзі будуць разумець, які парадак павінен быць і як яго падтрымліваць», — адзначыў ён.

Па завяршэнні нарады ў інтэрв'ю шматлікім дзяржаўным СМІ прысутнае чынавенства дала высокую адзнаку вынікам працы і даручэнням кіраўніка краіны і выказалася аб неабходнасці тэрміновага і якаснага выканання гэтых даручэнняў на карысць сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў.

Але, мабыць, кожны чыноўнік даручэнні кіраўніка краіны аб навядзенні парадку, аб высаджванні дрэваў, клопат аб здароўі людзей зразумеў па-свойму.

І, напрыклад, ужо 10 красавіка ў адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска гарадское чынавенства спрабавала правесці прэзентацыю і грамадскае абмеркаванне ўшчыльнення квартала ў цэнтры горада ў межах вуліц Коласа — Калініна — Чоранага — Чарнышэўскага з будаўніцтвам пяці новых наземных паркінгаў, забаўляльнага цэнтра з адкрытым паркінгам і двух шматпавярховікаў з падземным паркінгам.

Дадзены праект, які прадугледжвае ўшчыльненне гарадской забудовы, вызваў абурэнне сярод гараджан. Але, нягледзечы на гэта, гарадскія ўлады плануюць да 2 чэрвеня завяршыць прэзентацыю дадзенага праекта і прыступіць да яго практычнай рэалізацыі.

Падобныя праекты з ушчыльненнем гарадской забудовы ў розных раёнах Мінска з'яўляюцца рэгулярна, што пастаянна вызывае незадавальненне сярод грамадзян.

Пры гэтым гарадскія ўлады, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Мінскага гарсавета, адміністрацыі раёнаў Мінска ўпарта не жадаюць заўважаць шматлікія пустуючыя тэрыторыі, або неэксплуатуемыя тэрыторыі прадпрыемстваў, якія можна выкарыстоўваць як для будаўніцтва жылля, так і для будаўніцтва іншых аб'ектаў.

Яскравым прыкладам такога безгаспадарчага выкарыстання тэрыторыі ў цэнтры горада з'яўляецца, напрыклад, неэксплуатуемая тэрыторыя Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кірава па вул. Чырвонаармейскай, Ленінскі раён, на калісці жывапісных берагах Свіслачы. А гэта некалькі гектараў зямлі з закінутымі былымі цахамі, якую кіраўніцтва завода ператварыла ў сапраўдную сметніцу і тэрыторыю для захавання непрыгодных будаўнічых матэрыялаў.

У неэксплуатуемых памяшканнях і на неахоўваемай тэрыторыі завода рэгулярна адбываюцца разнастайныя ЧП, для ліквідацыі якіх прыцягваюцца супрацоўнікі МНС.

Але ж, нягледзечы на гэта, гарадскія ўлады ўжо шмат гадоў упарта захоўваюць пустуючыя гектары гарадской зямлі, абнёсшы яе высокім плотам з калючым дротам, для незразумелых мэтаў, імкнучыся пры гэтым ушчыльняць жылыя кварталы горада.

Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, дэпутаты мабыць забылі, што іх праца ў плане распрацоўкі і прыняцця Канцэпцыі забудовы Мінска павінна быць скіравана, у першую чаргу, дзеля стварэння камфортных умоваў асяроддзя пражывання жыхароў, а не для лабіявання вузкаведамасных інтарэсаў установаў і інтарэсаў чыноўнікаў.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.