Ігар Барысаў. ПЫТАННЕ РУБАМ. Дасягненні і паразы апазіцыі

Ігар БАРЫСАЎ

Ігар БАРЫСАЎ

1982 года нараджэння, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Магістр палітычных навук. Галоўны рэдактар часопіса БСДП «Пазіцыя». 

10 студзеня на “Радыё Свабода” выйшаў артыкул Алеся Пілецкага “Дасягненні і паразы апазіцыі за 10 год. Што кажуць самі апазіцыянеры”.

Самі па сабе каментары кіраўнікоў арганізацый і аргкамітэтаў партый цікавыя, аднак ў маім паразуменні ў гэтым артыкуле не хапае ацэнкі кіраўнікоў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) для яго завершанасці.

Гэты каментар я раблю па просьбе некаторых маіх аднапартыйцаў, якія пажадалі дазнацца, як я ацэньваю дасягненні і паразы апазіцыі за апошнія 10 год.

 

Дасягненні

Беларускай дэмакратычнай апазіцыі ўдалося выжыць не дзякуючы, а насуперак існуючаму палітычнаму рэжыму Лукашэнкі. У першую чаргу таму, што амаль кожная з палітычных партый здолела знайсці сабе нішу і далучыцца да міжнароднай супольнасці блізкіх да сябе ідэалагічна арганізацый.

Напрыклад БСДП — сябра міжнароднай арганізацыі “Прагрэсіўны Альянс”; АГП, аргкамітэт па стварэнні БХД, Рух “За Свабоду” — сябры міжнароднай арганізацыі “Еўрапейская народная партыя”; Беларуская партыя “Зялёныя” — сябры міжнароднай арганізацыі “Еўрапейская партыя зялёных” , “Справядлівы свет” — сябра міжнароднай арганізацыі “Еўрапейскія левыя”, Партыя БНФ — сябра міжнароднай арганізацыі “Альянс еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў”.

Дзякуючы cалідарнай падтрымцы (не матэрыяльнай) дэмакратычных міжнародных арганізацый і закансерваванасці палітычнай сістэмы ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя партыі захавалі свае ідэалогіі і не сталі дадаткамі да асобы, як гэта адбылося праз прыход алігархата ў палітыку ва Украіне, Малдове ці Грузіі. Аргкамітэты палітычных партый тут не разглядаюцца, бо акурат амаль усе яны ў Беларусі створаны пад асобу.

Праз рэакцыю на непапулярныя рашэнні ўлады ў грамадстве захаваўся пратэстны патэнцыял, якім перыядычна скарыстоўваецца для мабілізацыі сваіх прыхільнікаў тая ці іншая апазіцыйная арганізацыя. Гэта дае ўладзе захаваць свой твар — адступіць ад непапулярна прынятага рашэння (прыклад змяненне дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, змены ў артыкул 328 Крымінальнага кодэкса “Незаконны абарот наркатычных сродкаў псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”), аднак ужыць пераслед на тых актывістаў апазіцыі, якія актыўна выступалі супраць гэтага. У выпадку, калі апазіцыя пратэстуе супраць інтэграцыі з Расіяй, прыхаваць аргумент для перамоваў з Крамлём, што “нацыяналісты” супраць, аднак мы іх кантралюем.

Яшчэ адным важным элементам з’яўляецца тое, што вынікі выбараў у Беларусі не прызнаюцца праз вынікі незалежнага назірання, якое арганізоўвае дэмакратычная апазіцыя. Гэтымі вынікамі ў сваіх справаздачах карыстаюцца і міжнародныя назіральнікі АБСЕ. Гэта істотна абмяжоўвае ўлады ў сваіх кантактах і стасунках з дэпутатамі парламентаў і мясцовых саветаў іншых дэмакратычных краін.

Яшчэ можна адзначыць тое, што зараз каля паловы, а то і больш беларусаў не лічаць выбары ў Беларусі свабоднымі і справядлівымі (да разгрому ўладамі НІСЭПД у 2016 годзе такіх было 40%). Гэта вынік інфармацыйнай працы дэмакратычнай апазіцыі.

Станоўчым таксама можна назваць змену фармата мерапрыемства па святкаванні Дня Волі пачынаючы з 2018 года з пратэстнага на святочнае, што істотна пашырыла мабілізацыйны патэнцыял дэмакратычных арганізацый пры правядзенні адносна бяспечных дазволеных мерапрыемстваў.

Акрамя таго, пачала назірацца тэндэнцыя, калі ўлада перахоплівае ініцыятыву ў апазіцыі ў раней варожых і непрымальных для яе пытаннях і ўжо не абмяжоўвае сваё бачанне гісторыі выключна пасляваенным часам, што паказвае на тое, што ідэалагічная глеба ў апазіцыі больш трывалая і аргументаваная, чым ва ўлады, на якую штатна працуе каля шасці тысяч ідэолагаў.

Некаторыя з палітычных партый пачалі больш сур’ёзна думаць пра тое, як жыць пасля Лукашэнкі і маюць ужо прапановы ў выглядзе канцэпцый законаў і законапраектаў у розных сферах жыццядзейнасці. Наяўнасць падобных напрацовак сведчыць пра тое, што некаторыя арганізацыі пераходзяць на новы якасны ўзровень ад лозунгаў “супраць” да аб’ёмных праграм дзеянняў.

 

Паразы

На вялікі жаль, дэмакратычная апазіцыя не стала суб’ектам палітыкі ў класічным паразуменні і не ў стане уплываць на большасць палітычных працэсаў, у тым ліку правядзенне свабодных і справядлівых выбараў.

Дэмакратычная апазіцыя захрасла ў абагульняючым зборным вобразе “супраць” і няздольнасці выйсці на свае электаральныя групы, бо гэтаму не спрыяе сучасная палітычная сітуацыя, а электаральныя групы, інтарэсы якіх дэкларавана прадстаўляюць тыя ці іншыя палітычныя партыі, трымаюцца далей ад гэтых партый альбо слаба з імі звязаныя ў сілу таго, што баяцца патрапіць пад рэпрэсіі.

Праз 25 год знаходжання ў апазіцыйным гета ў грамадстве назіраецца стомленасць як ад ўлады, так і ад апазіцыі, бо фактычна любое дзеянне таго ці іншага лідара апазіцыі разглядаецца як самапіяр, які не мае ніякага ўплыву на сітуацыю, а “гераізм” у выглядзе знаходжання “на сутках” у некаторых ужо стала асацыюецца з падтрыманнем статусу апазіцыянера для большай легітымацыі ў сваім асяродку альбо ладам жыцця.

Такі скепсіс сведчыць пра тое, што выбраная стратэгія змагання са сваімі апанентамі патрабуе моцнага перафарматавання.

За апошнія 10 год ні адзін з чыноўнікаў высокага рангу не далучыўся да дэмакратычнай апазіцыі і не стварыў сваю дэмакратычную арганізацыю. Ні адзін з сур’ёзных суб’ектаў бізнесу не падтрымаў дэмакратычную апазіцыю матэрыяльна. Усё гэта сведчыць пра тое, што рэсурсны патэнцыял у апазіцыі моцна абмежаваны.

 

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.