Алесь Мікус. ПРАЕКЦЫІ. Дэманалітызацыя

Алесь МІКУС

Алесь МІКУС

Нарадзіўся ў 1982 г. у Мінску. Адукацыя: аддзяленне псіхалогіі БДУ, аспірантура АПА. Музыка, перакладчык, публіцыст.

Чаму прадстаўнікі нацыянальных пазіцый так здрабнелі? Апазіцыя зрабілася настолькі стыгматызаванай, што часам назіраеш парадаксальнае: выразны, далей няма куды, прадстаўнік апазіцыі ўжывае рыторыку, якою сябе ад апазіцыі адгароджвае.

Ніхто не хоча быць у апазіцыі, нават сама апазіцыя. Палітычна не ангажаваныя жыхары ў выпадку якіх грамадскіх віхураў паўтараюць як мантру: мы не з апазіцыяй, толькі не падумайце, што мы апазіцыя. Так, вы толькі не думайце, што аўтар гэтых радкоў атаесамляе сябе з апазіцыяй.

Наўрад ці час змяніў усіх нас так моцна, што больш не паўстаюць маштабныя асобы. Час, ясна, накладае свой адбітак, але хутчэй рэч у нашым успрыманні. Чаму нацыянальны лагер у нашым успрыманні зменшаў, здрабнеў? Можна назіраць бясконцыя спробы выкараскацца з таго стану, які ёсць, але не даводзілася чуць, каб хтось халодна зірнуў на гэты стан збоку. Такім чынам, рэч ва ўспрыманні.

Шмат хто адышоў, з’явілася шмат маладзейшых твараў, і не ўсе ўжо памятаюць, як успрымалася абрэвіятура БНФ чвэрць стагоддзя таму. Так, былі ўзнікнуўшы яшчэ колькі партый, большых ці меншых, але ўся альтэрнатыўшчына сярод шырэйшага люду ўспрымалася як БНФ. Нягледзячы на шматпартыйнасць, якая тады зараджалася, было тое, што можна назваць маналітам. Гэта першае, што хочацца сцвердзіць. Было маналітна, той лагер быў маналітным, адным кавалкам.

Тады, якія былі характарыстыкі таго маналіту? Там стаялі за дзве рэчы: незалежнасць і мова. Еўрапейскі вектар, свая гісторыя, эканамічнае пераўтварэнне — гэта спадарожнічала тым дзвюм ідэям. Яны ішлі адной звязкай, не дзяліліся. Тыя, хто быў за гэта, былі ў адным лагеры, ішлі адной калонай.

Шмат што пазнейшае гаворыць пра тое, што потым узяліся расколваць той маналіт. Ён уяўляў небяспеку. Можна паспрабаваць аднавіць хаду думак і дзеянняў, у выніку якіх ад маналіту прыйшлі да сённяшняй падробленасці і дэзарыентаванасці. Мова, ясна, пра эвентуальныя думкі і дзеянні не нас, але непрыяцельскіх іх.

Адлік, відаць, трэба пачынаць з расколу таго самага БНФ. Зразумела, раней было і збіццё дэпутатаў, і круцельства з наступнымі парламенцкімі выбарамі, каб такіх муцяроў больш не дапусціць да трыбунаў і мікрафонаў. Але дабіваць, дэманалітызаваць, узяліся з расколу БНФ, гэта адбылося ў 1999-м.

Як вядома, той раскол узнік на глебе ад’езду ў замежжа нязменнага датуль кіраўніка БНФ. Што там было з тым ад’ездам — дазнаемся, відаць, хіба ў будучыні, але пэўна адно: знікненне такой асобы з тутэйшай арэны — гэта было неверагодна згубна. Чаму “такой асобы”, з такім прыдыханнем? З.П. быў нашым Гунцісам Улманісам. Нагадаю, што той быў унукам апошняга прэзідэнта Латвіі Карліса Улманіса. А З.П. — унук аднаго з лідараў даваеннага заходнебеларускага палітыкуму. З.П. — гэта як БНР, толькі бліжэй да нас і ў часе і ў прасторы. Момант гэтай пераемнасці намі тут зусім недаацэнены.

Пра тое, што расколванне мела быць у плане, можа сведчыць таксама, напрыклад, пазнейшае ўзнікненне цэлай пляяды сацыял-дэмакратычных “грамадаў”. Калі твараў многа, гэта дэзарыентуе. Колькі цяпер тых “грамадаў”, вы ўзгадаеце? Па адным твары на кожную такую “грамаду”. Яшчэ адна праява — дзясятак апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнта ў 2010-м. Гэта ёсць у іх арсенале.

Другі варты ўвагі момант можна вывесці з таго расколу 1999-га. Да аскепку, які меў быў лакалізаваны і павінен знікаць старэючы, быў чагось прычэплены “хрысціянскі” цэтлік (“Кансерватыўна-хрысціянская…”). У другі раз такі ж цэтлік (“хрысціянская дэмакратыя”) узнік у сярэдзіне 2000-х. Беларусы — людзі не зусім каб рэлігійныя; тая ж дужа масавая веснавая Радаўніца — паганскі рэлікт, а не сведчанне лаяльнасці да цэркваў-касцёлаў. Паказальна, што нядаўні так званы “крыжалом” у Курапатах не выклікаў масавага абурэння, затое шал хрысціянізаваных актывістаў — выклікаў.

Загнаныя ў гета “хрысціяністаў”, актывісты выганяюцца на ўзбочыну. Акцэнт мяняецца з ідэй мовы і незалежнасці на малаўцямнае сектанцкае “пакайся”. Беларусы — кантрабандысты (не хочацца ўжываць зацяганае “партызаны”), якое тут “пакайся”. Зразумела, што пазбаўленыя энергіі актывісты мусілі яе дзесь шукаць — і знайшлі ў рэлігіі, пайшлі туды бы авечкі. Таксама, асобнае пытанне — рэзкая хрысціянізацыя маладафронтаўскага лідара Севярынца ў турме ў 1998-м. Гэта таксама, відаць, праяснее ў сваім часе, але, на жаль, ужо пастфактум.

Такім чынам, маналіт быў паколаты і працягваў калоцца. Але мала пакалоць маналіт арганізацыйна — трэба яшчэ і ідэйна. Пакуль ідэйны маналіт захоўваецца — ён можа спарадзіць сваю арганізацыйную праяву ў хоць які момант.

Як здрабніць такі ідэйны маналіт? Рассаджваць па турмах, выціскаць на выгнанне — зусім не выйсце, так груба цяпер не робяць, гэта толькі сціскае спружыну. Трэба ўзяцца працаваць з мяжой, што адасабляе адзін лагер ад другога. Думаецца, накірункаў можа быць тры.

Па-першае, непасрэдна перацягнуць колькі асобаў з альтэрнатыўнага лагера (эмблематычная постаць тут — Марзалюк), каб паказаць крохкасць.

Па-другое, намножыць такіх, якія былі б “паміж”, размываючы мяжу, — такія і не з уладай, і не з апазіцыяй, і нібыта яднаюць грамадства, а на справе падмываюць моц альтэрнатывы.

Па-трэцяе, пасылаць у той альтэрнатыўны лагер месіджаў, якія б абялялі ўладны лагер. Тыя месіджы ніхто апроч апазіцыянераў не прачытвае (!), а тыя наіўна думаюць, што іх ловяць шырокія масы. Часам да смешнага: паставілі якісь “помнік агурцу”, напісалі на шыльдзе па-расійску — кіўнулі СМІ, тыя напісалі пра русіфікацыю, шыльду перамянілі па-беларуску — вось і беларусізацыя. Лялькаводы зусім лічаць свой аб’ект за дурнічак.

Вось так у агульных рысах уяўляецца той працэс здрабнення. Як з маналітнага БНФ пераўтварыліся ў “пятую калону”, якой самі апазіцыянеры гідзяцца.

А пакуль, што робіцца з тымі самымі мовай і незалежнасцю? Гэта ж з іх усё і пачыналася.

Мова. Ужо для двух пакаленняў (тых, каму 25, і каму 15, умоўна кажучы) мова — зусім на перыферыі ўвагі, яны яе нідзе не чулі, апроч школьных урокаў. Беларускамоўнае школьніцтва знішчанае — вось дзе корань пытання пра мову. А не тое, каму на якой мове адказалі ў кавярні.

Незалежнасць. Пакуль ламаюць дзіды з-за “31-й дарожнай карты” — уся эканоміка завязаная на ўсходняга суседа. Прадпрыемствы і асобныя людзі. Плюс, поўная культурная залежнасць. У культурным і эканамічным сэнсе незалежнасці засталося — фармальнасць. А што яшчэ мы называем незалежнасцю?

Вядома, ніяк тут не абыдзешся без высновы. У выснове трэба было б, відаць, адказаць, ці змогуць аскепкі колісняга маналіту змагчы ўладных апанентаў. Думаецца, пра гэта нават і меркаваць ужо няварта. Існае на сёння грамадскае ўладкаванне — родам з 1990-х. Перамены будуць хіба калі, кажучы вобразна, фігуры на шахматнай дошцы будуць расстаўленыя зноў у пачатак гульні.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.