Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Ад чаго залежаць настрой і рашэнні Лукашэнкі

Рыгор КАСТУСЁЎ

Рыгор КАСТУСЁЎ

Старшыня Партыі БНФ і грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэнне", экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, канцэпцыі дзяржаўнай палітыкі лесакарыстання ды іншых праграмных дакументаў БНФ.

Падводзячы вынікі наведвання шэрагу сельскагаспадарчых аб’ектаў Віцебшчыны, Лукашэнка станоўча ацаніў вопыт вобласці па стварэнні інтэграцыйных структур у сельскай гаспадарцы.

Арганізатары працоўнай паездкі кіраўніка краіны на Віцебшчыне паспяхова сумелі паказаць менавіта тыя аб’екты, якія хацелі паказаць. Лукашэнка пабачыў добра засеяныя палі, чыстых кароў на ферме, падрыхтаваную сельскагаспадарчую тэхніку.

Віцябляне ўлічылі недахопы і прамашкі сваіх калегаў з Магілёўшчыны, дзе пры наведванні аграхолдынга “Купалаўскае” Шклоўскага раёна 26 сакавіка 2019 года Лукашэнка пабачыў “абасраных” кароў, разрабаваную сельскагаспадарчую тэхніку, забруджаную гноем ферму. Тая працоўная паездка для шматлікіх чыноўнікаў скончылась адстаўкай.

Лукашэнка даручыў распаўсюдзіць вопыт Віцебскай вобласці па стварэнні інтэграцыйных структураў (іх у рэгіёне створана сем) на іншыя рэгіёны краіны. Але Лукашэнка пакінуў па-за ўвагай у ва што, у фінансавым плане, выліўся гэты “вопыт” для дзяржаўнага бюджэта.

Аб першым пачыне па стварэнні чатырох буйных аграхолдынгаў у Віцебскай вобласці, куды павінны былі ўвайсці 37 прадпрыемстваў з 15 раёнаў, узахлёб пісала “СБ. Беларусь сегодня” яшчэ ў сакавіку 2015 года.

Рашэнне аб стварэнні інтэграцыйных структураў па тыпу аграхолдынгаў на базе Віцебскага мясакамбіната, Глубокскага камбікормавага завода, Полацкага і Аршанскага КХП тады падпісаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

У сярэднім у кожнага з гэтых аграхолдынгаў плошча сельгасугоддзяў склала 45 тысяч гектараў, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 25 тысяч галоў, у т.л. 8 тысяч кароў, а колькасць супрацоўнікаў — ад 2,5 да 4 тыс. чалавек.

Па заявах старшыні аблвыканкама пяцігадовай даўніны, такая кааперацыя павінна была прывесці да паніжэння сабекошту канчатковага прадукта і дазволіць зрабіць крок наперад у плане засваення сучасных тэхналогій, і, галоўнае, дзякуючы новым падыходам у аплаце працы, сяляне змогуць зарабляць у тры разы болей.

Ці ўдалося кіраўніцтву вобласці дасягнуць планаванага паніжэння сабекошту канчатковага прадукта і зрабіць крок наперад у засваенні сучасных тэхналогій, пакінем пакуль па-за ўвагай. А вось сяляне так і засталіся са сваімі жабрацкімі заробкамі.

І нават Лукашэнка на нарадзе ў Віцебску па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплекса вобласці ў мінулым лістападзе вымушаны быў прызнаць недахопы ў рабоце інтэграцыйных структур.

Бо па выніках працы, на той момант, пяці аграхолдынгаў у Віцебскай вобласці, па чатырох быў атрыманы адмоўны вынік.

Дурницы, мужики, больше не будет”,эмацыйна выказаўся Лукашэнка ў адрас распрацоўшчыкаў праекта па стварэнні супераграхолдынга.

Што ж такое станоўчае адбылося ў АПК Віцебшчыны за гэтыя чатыры месяцы, што Лукашэнка кардынальна памяняў свае мяркаванні і стаўленне да “віцебскіх інтэгратаршчыкаў” і загадаў прыняць меры да распаўсюда “вопыта” віцяблян на іншыя рэгіёны краіны?

Ды нічога кардынальна станоўчага не адбылося. Проста віцябляне ў адрозненні ад прадстаўнікоў Магілёўшчыны своечасова памылі кароў.

Такім чынам, па загадзе Лукашэнкі, замест правядзення сапраўдных, так неабходных рэформаў у сельскай гаспадарцы, віцябляне будуць вучыць аграрыяў з іншых рэгіёнаў краіны, як своечасова, да яго прыезду мыць “абасраных” кароў.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.