Галіна Каржанеўская. ПРАБЛЕМА. “Водны калапс” вачыма тэлежурналістаў

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ

Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала на рэспубліканскім тэлебачанні і ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Калі Беларускае тэлебачанне ўяўляла з сябе адзін канал, на міжрэдакцыйных лятучках прызначалі аглядальніка, які мусіў тыдзень глядзець усе перадачы і ацаніць іх узровень. Я ўспомніла маладосць і ўзяла на сябе абавязак паглядзець тры вячэрнія выпускі беларускіх навін за 25 чэрвеня. Мяне цікавіла асвятленне ЧП у сталіцы з пітной вадой.

 

18:00. АНТ.

Вялы, дабрадушны і малаінфармацыйны сюжэцік — ніякі з прафесійнага боку. Толькі што чэргі паказалі.

 

19:30. СТВ

На гэтым фоне СТВ выглядала лепш. Больш удзялілі часу, паведамілі лічбу дамоў, дзе вада стала неўжывальнай. Мы даведаліся, што акрамя трох пацярпелых раёнаў (яны жывяцца з адкрытага канала) былі закрануты змежныя — Цэнтральны і Партызанскі. Паказалі, як людзі з бутлямі марнеюць ля цыстэрнаў. Загадчыца садка пахвалілася, што ім дастаткова прывезлі вады. (Ці ўсім дзіцячым установам так пашанцавала?)

Бойкае інтэрв’ю дырэктара “Мінсквадаканала” патрабавала каментарыя. З яго вынікала, што ўжо ў шэсць гадзін раніцы ў чацвер у іх былі добрыя паказчыкі. Чаму ж у нас яны былі кепскія апоўдні? Хто павінен быў тэрмінова паведаміць жыхарам пра неабходнасць злівання? Можа, МЧС, чый міністр сказаў пару слоў?

Абурыла галоўны санітарны ўрач Н.Жукава: яна даводзіла, што вада ў кранах без адхіленняў, толькі пах не той. Адсутнасць бактэрый, між іншым, не адзіны паказчык якасці пітной вады. Нездарма ж нам не раілі прымяняць яе нават для мыцця.

Засмуціў анонс у пачатку выпуска, дзе гаворка ішла пра “няякасную ваду”. Ваду, не прыгодную для ўжывання, нельга называць такім нейтральным словам.

 

21:00. БТ

Сюжэт багаты, разнастайны, нават крыху перагружаны. Знайшлі слова для абазначэння экалагічнай катастрофы ў горадзе: “водны калапс”. Выступіў намеснік прэм’ер-міністра Кухараў, сказаў пра стварэнне рабочай групы па расследаванні. Па мне лепей бы спыталіся ў яго, калі астатнія раёны перавядуць на артэзіянскую, альбо з эколагамі паразмаўлялі.

“Вадаканал” на гэты раз скажа, што на станцыі збояў не было. Як гэта разумець? Гэта ж вам не дом-два, а некалькі раёнаў! Ясная справа, што мелі месца аварыя ці недагляд, і менавіта ў цэнтралізаванай сістэме водазабеспячэння. У іх там за суткі не з’явілася версіі, чаму такое магло адбыцца?

Чамусьці ўвесь час па БТ гаворка ішла пра два раёны — Фрунзенскі і Маскоўскі. Кастрычніцкі неяк выпаў. Затое мы даведаліся лічбы. Без пітной вады было 1400 дамоў у першым і 860 — у другім. У выніку пацярпела 770 тысяч жыхароў Мінска. (Штосьці лічба завялікая для двух раёнаў горада.) Нам не сказалі, як усё гэта перанеслі бальніцы — ім таксама падвозілі ці неяк па-іншаму выходзілі са становішча? Паколькі 2-і раддом, як нам паведамілі, перапыніў шпіталізацыю цяжарных, значыць, становішча цяжкае.

Нас абрадавалі, што пяцілітровікі ў крамах будуць і што цана “пад кантролем”. І нарэшце двойчы падкрэслілі, што сітуацыя на кантролі ў прэзідэнта. Далей будзем чакаць высноваў рабочай камісіі. Іх ніхто не зможа аспрэчыць, акрамя хіба саміх жыхароў сталіцы.

БТ — адзіны канал, які даў слова самім мінчукам. І пра “водар” сказалі, і паскардзіліся, што цяжка стаяць у чарзе з дзецьмі. Я асабіста не ўяўляю, як бы я стаяла на санцапёку ў чаканні чыстай вады. Добра, што дома запас быў…

Ніводзін журналіст не даваў інфармацыю ў кадры і не задаваў нязручных пытанняў. Цікава, адкуль яны ведаюць, што можна казаць у эфіры і што — не? Пра Вілейскую водную сістэму і пра брудную канаву ў Заслаўі дакладна забаронена, бо ніхто не ўпамінае.

Такім чынам па старой пяцібальнай сістэме: СТВ — чацвёрка, БТ — чацвёрка з плюсам. І толькі АНТ атрымлівае заслужаную двойку, бо не сказалі нават тое, што маглі.

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.