Эканоміку нельга падмяняць арыфметыкай



Такую задачу паставіў перад кіраўнікамі падведамных прадпрыемстваў новы міністр прамысловасці Анатоль Русецкі. Вядома, зазначана гэта было ў іншасказальным сэнсе. Тым не меней, сапраўдны сэнс гэтай задачы — добра зразумелы. I вельмі актуальны.





Сорамна, калі кіраўніку прадпрыемства задаеш пытанні, а ён і паняцця не мае, якая ў яго працаёмістасць вырабу, колькі ў яго асноўных рабочых і колькі дапаможных, колькі вытворчых плошчаў, колькі ён плаціць за энергетыку і г.д., — гаварыў Анатоль Русецкі на нядаўняй пашыранай калегіі міністэрства прамысловасці, на якой абмяркоўваліся вынікі работы прадпрыемстваў у мінулым годзе і задачы на гэты. — Я проста здзіўляюся такому кіраўніку. Значыць, усё ў яго так добра, што не трэба і ўнікаць у адпаведныя праблемы... Многія намеснікі кіраўнікоў па эканоміцы займаюцца. не эканомікай, а арыфметыкай, складаннем артыкулаў калькуляцый. А мы павінны шукаць нармальныя рашэнні для таго, каб эканоміка нашых прадпрыемстваў была эфектыўнай... Не гаворачы пра штукі і працэнты, мы будзем вельмі ўважліва сачыць за эфектыўнасцю работы прадпрыемстваў, глядзець, ці зарабляюць яны прыбытак. Каб не было так: лічым штукі, а потым, глядзіш, рэнтабельнасць мінус 30 працэнтаў. Каму патрэбны такая рэнтабельнасць і такія штукі?...





А яшчэ новы міністр прамысловасці зазначаў: разам з тым, што мы маем шмат прадпрыемстваў, на якіх добра адпрацаваная тэхналогія, якія маюць мінімальныя страты, аптымальную колькасць дапаможнага персаналу і інжынерна-тэхнічных работнікаў, плошчаў; прадпрыемстваў, на якіх добра задзейнічана абсталяванне, — даволі шмат і такіх, на якіх усе гэтыя моманты "залішнія", якія маюць "гіпертрафіраваную колькасць" людзей...





Прадпрыемствы галіны ў асноўным выканалі паказчыкі мінулага года. Пры гэтым рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў галіне перавысіла 12 працэнтаў, практычна напалову зменшана колькасць стратных прадпрыемстваў, у параўнанні з пазалеташнім годам зніжаны складскія запасы (у адносінах да сярэднямесячнага аб'ёму), на рахункі прадпрыемстваў стала паступаць болей "жывых грошай" (удзельная вага бартару ва ўзаемаразліках склала за адзінаццаць месяцаў 24,5 працэнта пры амаль 38 працэнтах у пазалеташнім годзе); суб'ектамі гаспадарання міністэрства асвоена каля 900 відаў новай прадукцыі; экспарт за 11 месяцаў павялічыўся больш чым на 25 працэнтаў, пры гэтым забяспечана станоўчае знешнегандлёвае сальда ў суме амаль мільярд долараў; выкананы заданні па энергазберажэнню і зніжэнню выдаткаў. Аднак пры ўсім гэтым прадпрыемствы галіны па-ранейшаму адчувалі дэфіцыт абаротных сродкаў, не змаглі прыцягнуць запланаваную колькасць інвестыцый. Як падкрэсліў міністр, малапрывабныя вынікі ў сельгасмашынабудаванні, не вытрымлівае ніякай крытыкі вытворчасць металарэзных станкоў.





Хто лідары ў міністэрстве? Гэта "Атлант", МТЗ, аб'яднанне "БелаўтаМАЗ", БелАЗ (для апошняга, паводле слоў міністра, мінулы год быў вельмі цяжкім: з улікам патрабаванняў партнёраў з Расійскай Федэрацыі, на прадпрыемстве "вымушаны былі перайсці на "Еўра-1" і "Еўра-2", практычна прама на канвееры праводзілася работа па мадэрнізацыі серыйна выпускаемай тэхнікі... Гэта была велізарная работа"), а таксама Беларускі і Магілёўскі металургічныя заводы, Рэчыцкі метызны завод, Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання, "Амкадор-Ударнік", БАТЭ, Мінскі маторны завод, "Інтэграл", "Гарызонт", Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання, "Магілёўліфтмаш", Мінскі электратэхнічны завод, "Тэхнапрыбор" (Магілёў), "БелОМА" і шэраг іншых прадпрыемстваў.





На чым суб'екты павінны засяродзіць першачарговую ўвагу ў гэтым годзе (не варта пры гэтым нагадваць пра тое, што сёлета да іх даведзены больш напружаныя заданні)?





Асаблівая ўвага — эканоміцы прадпрыемстваў, г.зн. умеламу, зфектыўнаму гаспадаранню (пра гэта ўжо зазначалася вышэй). Добрыя дасягненні павінны таксама забяспечыць сучасныя, прагрэсіўныя тэхналогіі і аснашчэнне вытворчасці сучасным абсталяваннем, адпаведна, прыцягненне інвестыцый, што "дазволіць дабіцца адпаведнай якасці і выйграць у канкурэнтаў". А выйграваць — крайне неабходна. Гэта важна ўжо ў сувязі з тым, што прадпрыемствы галіны ў цэлым з'яўляюцца экспартаарыентаванымі — яны прадаюць на ўнутраным рынку толькі 1/3 сваёй прадукцыі. Перад імі ставіцца задача не толькі паспяхова ўтрымацца на існуючых замежных рынках, але і "пашырыць геаграфію паставак".





Павышэнне якасці прадукцыі — трэці лагічны накірунак развіцця. На калегіі нямала добрых слоў было сказана пра работу МТЗ. Разам з тым зазначалася, што, напрыклад, адна адмова (у рабоце) на адну гарантыйную машыну — гэта вельмі шмат. Асабліва калі ўлічваць, што ў асноўнага канкурэнта — вядомай у свеце кампаніі "Джон Дзір" гэты паказчык роўны 0,27... Час пастаўляць выключна якасную тэхніку для айчынных спажыўцоў "Гомсельмашу", "не гаворачы пра пастаўкі на экспарт".





Сярод перспектыўных накірункаў таксама маркетынг і рзструктурызацыя. Прычым, што датычыць апошняй, ухіл робіцца на стварэнне так званых карпаратыўных структур. У прыватнасці, такая структура ўжо з'явілася ў складзе БелАЗа і Магілёўскага. аўтамабільнага завода...





Варта, аднак, у сувязі з гэтай ідэяй заўважыць: а ці не можа ўсё тут звесціся (ці не зводзіцца?) да таго, каб больш моцны суб'ект узяў на буксір слабага? Тым болей калі ўлічваць, што, напрыклад, МаАЗ на сённяшні дзень — яўны аўтсайдар сярод прадпрыемстваў галіны. I ці будзе ўсё гэта на карысць таму ж БелАЗу, на карысць яго цяперашняй устойлівасці? Зрэшты, усё магчыма; і, можа, гэта і іншыя карпаратыўныя структуры дакажуць сваю жыццяздольнасць. Бясспрэчна, відаць, толькі наступнае ва ўсёй гэтай справе: гэта каб суб'екты гаспадарання "сыходзіліся-разыходзіліся" выключна па ўласным жаданні, маючы на ўвазе ў першую чаргу сваю выгаду, сваю эфектыўнасць, а не "карпаратыўную". Бо тое, што выгадна для суб'екта, тое выгадна і для дзяржавы (ва ўсякім разе, павінна быць менавіта так). Карацей кажучы, і ў дадзеным выпадку баль павінна спраўляць выключна ўсё тая ж "эканоміка".





На калегіі суб'екты былі папярэджаныя пра жорсткі кантроль, які датычыць выканання імі ў гэтым годзе прагнозных паказчыкаў, пра тое, што ўрад таксама павысіць патрабаванні да своечасовасці іх разлікаў за энергарэсурсы і бартару; самыя жорсткія патрабаванні будуць прад'яўляцца да неплацельшчыкаў у бюджэт... Тэлевізійнай галіне прадпісана паказаць сёлета, на што яна здольная: яна павінна забяспечыць рынак "у колькасных адносінах", ёй належыць "адпрацоўваць прэферэнцыі". Адна з асноўных задач, якая стаіць не толькі перад прадпрыемствамі міністэрства прамысловасці, але і перад іншымі, — павелічэнне ўзроўню заработнай платы да 195 долараў. "Гэта вельмі цяжкая для нас лічба з улікам усіх задач", — зазначыў міністр прамысловасці. Але пры гэтым, паводле яго слоў, гэтая ж заработная плата павінна быць менавіта заробленая; плаціць незаробленую заработную плату яшчэ больш шкодна, чым не плаціць яе ўвогуле...





Што хвалявала, скажам так, радавых удзельнікаў калегіі, або тых жа кіраўнікоў прадпрыемстваў, якім усё намечанае, па сутнасці, і "ўвасабляць"?





Спрэчнымі для іх (ва ўсякім разе — нямала для каго) з'яўляюцца патрабаванні цалкам адмовіцца ад так званых бартарных аперацый (гэта пытанне ўзнімалася і на нядаўнім пасяджэнні рэспубліканскага клуба дырэктараў). У прыватнасці вось што сказаў адзін з удзельнікаў калегіі: "Паспрабавалі ўвесці грашовыя разлікі — і сталі страчваць аб'ёмы і эфектыўнасць". Тут жа варта зазначыць: як падкрэсліваюць самі суб'екты, бартар у той ці іншай ступені існуе ва ўзаемаразліках ва ўсіх краінах, прычым усё тут вырашае зноў-такі сам суб'ект — наколькі ўсё гэта выгадна менавіта для яго самога.





У кіраўніка БМЗ выклікае сумненні давядзенне да прадпрыемства задання па вытворчасці тавараў народнага спажывання: "выпуск ТНС патрабуе вялікіх інвестыцый, якія па сваёй эфектыўнасці несупастаўныя з укладаннямі ў асноўную вытвррчасць". Яшчэ адно са спрэчных пытанняў — давядзенне паказчыкаў прыросту аб'ёмаў для вытворчасцяў, якія маюць поўную загрузку і вызначаюцца пры гэтым строга дакладным тэхналагічным цыклам: спробы такога прыросту могуць выклікаць "непрадказальныя наступствы"...





Нямала нязручнасцяў для суб’ектаў прыносіць іх удзел у абавязковых тэндэрных торгах пры закупцы абсталявання і нават запасных частак да яго — "недасканаласць нарматыўнай базы ўскладняе работу". Пры гэтым справа часам даходзіць, як зазначалася, да абсурду. Напрыклад, у свеце ёсць толькі адзін вытворца пэўнага віду абсталявання, тым не менш, і ў дадзеным выпадку трэба праводзіць тэндар. А пры набыцці складанатэхналагічнага абсталявання коштам больш за тры тысячы еўра тэндар павінен праводзіцца з абавязковым удзелам у ім прадстаўніка Нацыянальнай акадэміі і Камітэта па навуцы і тэхніцы. Вытворцы жадалі б мець большую свабоду ў сваіх дзеяннях і пры перадачы імі са свайго балансу маёмасці дзяржаўнай уласнасці.





"Паказчыкі ёсць — грошай няма", — так абазначыў праблемы свайго прадпрыемства кіраўнік БелОМА. А грошы з яго бяруць за ўсё патрохі: за дазвол на падаўжэнне тэрміну паставак (звыш прызначанага тэрміну) па імпартных кантрактах (каля 500 долараў за кожны дазвол); за ліцэнзіі на кантрактны тавар; за афармленне дазволу на рэжым часовага вывазу тавару (для ўдзелу ў выстаўках, выпрабаваннях і г.д.), прычым нярэдка ў такіх выпадках адпаведныя ў краіне арганізацыі не спяшаюцца з тымі ж афармленнямі, што прыводзіць да страты патэнцыяльных партнёраў...





На калегіі, як зазначалася ўжо, узнімалася і надзвычай актуальнае цяпер пытанне інвестыцый. Варта прывесці ў сувязі з гэтым думкі прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча адносна прыходу ў краіну замежных інвестыцый. Іх, на яго погляд, чакаць нельга. Чаму? Па-першае, у нас невялікі ўласны рынак, па-другое, няма дастатковых сыравінных рэсурсаў, па-трэцяе, павялічваецца кошт рабочай сілы і, па-чацвёртае, у нас даволі высокія выдаткі вытворчасці. А ў выніку нам трэба арыентавацца выключна на ўласныя сілы і ўласныя сродкі...





Выснова, увогуле, правільная, — наконт таго, каб спадзявацца ў першую чаргу на саміх сябе. Але, напэўна, у дадзеным выпадку трэба было б сказаць і наконт пэўных уступак таму ж патэнцыяльнаму інвестару, на якія ў нас вельмі і вельмі неахвочыя. Напрыклад, у выступленні кіраўніка БелОМА таксама прагучала: да іх гатовы быў прайсці той жа замежны інвестар, але ён хацеў бы займацца не ўсім адразу, а толькі выключна вытворчасцю газавых лічыльнікаў. Зразумела, гэта ў нас — не прайшло.





Іван БАРАНОЎСКІ, "Звязда"