Журы прэміі Гедройца назвала кароткі спіс

Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца назвала кароткі спіс кніг, намінаваных на прэмію 2016 года. 

У шорт-ліст увайшлі: Андрэй Адамовіч “Таўсьціла і лешч”, Валянцін Акудовіч “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне”, Альгерд Бахарэвіч “Белая муха, забойца мужчын”, Алесь Пашкевіч “Рух”, Таня Скарынкіна “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі” і Макс Шчур “Завяршыць гештальт”.

Уручэнне прэміі Гедройца адбудзецца ў кастрычніку. На цырымоніі будуць названыя імёны трох пераможцаў. Аўтар кнігі, якая зойме трэцяе месца, атрымае двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калоквіуме, другое — творчую стыпендыю ў Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя), першае — чэк ад IdeaBank.

У журы прэміі сёлета ўвайшлі Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку. Ганаровы старшыня журы — пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.