Кнізе Альгерда Бахарэвiча «Дзеці Аліндаркі» прысвечаны другi этап лiтаратурнага праекта MOVABOX

20 снежня завяршыўся першы этап рэалізацыі праекта MOVABOX — маштабнай ініцыятывы кампаніі velcom, прысвечанай падтрымцы беларускай культуры, мовы і літаратуры. Арганізатары падвялі вынікі мінулых васьмiтыдняў, а таксама абвясцілі, якому аўтару і якому твору будзе прысвечаны наступны MOVABOX. Гэта Альгерд Бахарэвіч і яго казка-антыўтопія «Дзеці Аліндаркі».

Ужо зараз на абноўленым сайце movabox.by можна прайсці тэст па гэтым творы і пазмагацца за эксклюзіўны набор з кнiгi і звязаных з ёю артэфактаў.

MOVABOX — гэта вялікі інтэрактыўны праект, які спалучае магчымасці анлайн-камунікацыі і класічнае ўспрыманне друкаванай кнігі як каштоўнасці. Яго мэта — пазнаёміць шырокую аўдыторыю з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, прадэманстраваць, што беларускі літаратурны працэс разнастайны і цікавы ў міжнародным кантэксце.

Кожны з чатырох этапаў, з якіх складаецца праект, знаёміць чытачоў з той ці іншай кнігай аднаго з сучасных беларускіх аўтараў і, разам з тым, імкнецца абудзіць больш пільную ўвагу да беларускай літаратуры ўвогуле.

Кожны твор, на базе якога будуюцца асноўныя падзеі праекта, ператвараецца ў асобны MOVABOX — унікальны набор, у які ўваходзяць кніга і звязаныя з ёй артэфакты. Апошнія восем тыдняў агульная ўвага была прыцягнута да кнігі Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» — прыгодніцкага рамана ў жанры гістарычнага фэнтэзі, сюжэт якога разгортваецца вакол персоны шляхціца Пранціша Вырвіча і яго спадарожніка доктара Баўтрамея Лёдніка.

Дарэчы, вызначылася, што за гэтыя восем тыдняў сайт movabox.by наведалі 20 206 чалавек, сярод якіх 7285 прайшлі тэст, а 4270 прынялі ўдзел у розыгрышы скрыні MOVABOX з артэфактамі.

«Старт праекта MOVABOX склаўся менавіта так, як нам хацелася: яго заўважылі, успрынялі з цікавасцю і прыязнасцю. Аб гэтым можна меркаваць і па шматлікіх публікацыях у СМІ і сацыяльных сетках, і па колькасці наведвальнікаў інтэрнэт-старонкі праекта, і па тым, як актыўна яны праходзілі тэст, прысвечаны тэматыцы першага MOVABOX. Не засталася незаўважанай і «афлайн»-частка праекта: усталяваныя у кавярнях Мінска і іншых гарадоў боксы для буккросінгу таксама карыстаюцца папулярнасцю сярод наведвальнікаў, якія з задавальненнем чытаюць прапанаваныя кнігі і часопісы з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў», — распавёў кіраўнік аддзелу брэнд-менеджменту velcom Зміцер Курловіч.

«Эстафету» удзелу ў праекце прыняў беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Прайшоўшы тэст па яго кнізе на сайце www.movabox.by можна ўдзельнічаць у розыгрышы MOVABOX з артэфактамі па «Дзецях Аліндаркі». Сярод iх вы знойдзеце ліхтарык, дарожную гульню, лясную шышку, мазь «Зорачка» як сродак ад камароў, салодкія «вітаміны» і рэцэпт на іх, кавалачак гліны для лепкі і пасланне ад аўтара.

Выбар артэфактаў, як і ў мінулы раз, абумоўлены сюжэтам кнігі: у «Дзецях Аліндаркі» галоўныя героі — дзяўчынка і гліняны хлопчык — спрабуюць на лясных сцежках адшукаць саміх сябе. Дарэчы, за раман «Дзецi Аліндаркі» пісьменнік атрымаў званне лаўрэата прэміі імя Ежы Гедройца ў 2015 годзе.

«Галоўнае, што робіць праект MOVABOX, — ён дапамагае сучаснай беларускай літаратуры існаваць для сапраўднага, а не ўяўнага чытача. Толькі так напісанае слова застаецца жывым: калі знаходзяцца тыя, хто прачытае і зразумее яго. Я шчыра ўдзячны за магчымасць удзельнічаць у гэтым праекце і лічу, што MOVABOX на самой справе здольны дапамагчы сапраўдным «дзецям Аліндаркі» знайсці сваю сцежачку праз лес»,адзначыў Альгерд Бахарэвіч.

Падчас мерапрыемства першая скрыня для буккросінга MOVABOX, усталяваная ў кавярні «Утопія 60», папоўнілася раманам Альгерда Бахарэвіча «Белая муха, забойца мужчын» з аўтографам аўтара. Да канца года кніга з’явіцца і ў іншых кавярнях, дзе ўсталяваныя скрыні для буккросінга. Азнаёміцца з поўным спісам можна тут.