Вайцюшкевіч і Някляеў прадставілі дыск «У нашых снах»

Зміцер Вайцюшкевіч і Уладзімір Някляеў прадставілі дыск «У нашых снах» справаздачу за 10 год творчай супрацы. Сярод 18 запісаў шмат добра вядомых песень, а таксама шэраг новых запісаў і вершаў. Прэзентацыя дыска адбудзецца ўжо ў гэтую суботу на юбілейным канцэрце Вайцюшкевіча і Някляева ў Вільні.

“Можна сказаць, што гэта такі зрэз за 10 год. Лепшыя песні з розных альбомаў, а таксама тое, што выдавалася ці стваралася па-за межамі дыскаў, – распавядае Зміцер Вайцюшкевіч. – Я вырашыў запісаць сваю версію песні «Гуляць дык гуляць», бо па пэўнай інфармацыі яе ўнеслі ў чорны спіс дзеля выканання нават аматарскімі калектывамі праз аўтарства Уладзіміра Пракопавіча. Яшчэ адзін асабісты фаварыт на дыску – песня «Шалік», бо таксама маю некалькі шалікаў ад даўно мінулых рамантычных сустрэч. Чалавека ў тваім жыцці ўжо няма, а шалік вось ён – вісіць. Вельмі дакладны вобраз”.

“У 2001 годзе Леанід Дранько-Майсюк прынёс мне дыск «Цацачная крама», запісаны Вайцюшкевічам на яго вершы. Не скажу, што ён мне надта глянуўся. Ну, песенькі як песенькі. Такі а-ля фальклор. Не «Песняры», карацей, – узгадвае Уладзімір Някляеў. – Але потым я пачуў на нейкім канцэрце балады Вайцюшкевіча. Зноў жа – фальклорныя матывы. Толькі там ужо і аранжыроўкі, і якасць падачы матэрыялу была іншай. Лепшай – як на мой густ. А яшчэ больш мне спадабалася вернасць тэме. Вернасць беларускай песне, увогуле беларушчыне. І я падумаў: гэты прыгожы хлопец, які некалі граў у групе Kriwi, маёй групы крыві… 15 гадоў, якія прамінулі з тае пары, адчуванне гэтае толькі пацвердзілі”.

4 сакавіка ў Вільні адбудзецца юбілейны канцэрт Вайцюшкевіча, Някляева і WZ-Orkiestra з праграмай «Нашы каханыя». Імпрэза прымеркаваная да  10-годдзя творчага супрацоўніцтва, якое пачалося з альбома «Танга з ружай», выдадзенага напрыканцы 2006 года. Апошнія квіткі на сайце Kvitki.by і ў «Тэатральнай касе» (Мінск, вул. Калініна 5).