Літаратурна-музычная вечарына «Румынскія старонкі» адбудзецца 20 сакавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага

Падпісанне двухбаковай дамовы аб супрацоўніцтве паміж пасольствам Румыніі і Музеем гісторыі города Мінска, а таксама Музеем Марка Шагала ў Віцебску адбудзецца 20 сакавіка ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.

Гэта па сутнасці афіцыйнае мерапрыемства пройдзе ў творчай атмасферы, а менавіта адбудзецца літаратурна-музычная вечарына «Румынскія старонкі». У рамках мерапрыемства пройдзе прэзентацыя нумару літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя», прысвечанага румынскай паэзіі і прозе.

Госці пазнаёмяцца з новым перакладам паэмы «Лучафэр» Міхая Эмінэску. Таксама на вечарыне ўпершыню па-беларуску прагучаць вершы Дзіяны Маноле ды апавяданне яскравага прадстаўніка сучаснай літаратуры Мірчы Кэртэрэску, якое прачытае акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Дзмітрый Давідовіч.

Музычны складнік вечарыны ўключае творы Джорджа Энэску, Ціберыу Брэдзічану, Канстанціна Думітрэску, Грыгараша Дзініку ў выкананні выкладчыкаў і навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі.

Прысутныя змогуць пазнаёміцца з карцінамі мастака, першага намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеба Отчыка, напісанымі падчас наведвання Румыніі, а таксама паглядзець тэматычны відэафільм.

Кожны ўдзельнік вечарыны атрымае "мэрцішор" — мініяцюрную чырвона-белую бутаньерку, якая сімвалізуе вясну, надзею і адраджэнне.