“Белсат” пакажа дакументальны серыял, прысвечаны “белым плямам” беларускай гісторыі

Тэлеканал “Белсат” падрыхтаваў новы шматсерыйны гістарычны дакументальны цыкл “Даты праўды”, прэм’ера першай сэрыі якога адбудзецца ў святочным вечаровым эфіры 25 сакавіка. Аўтар сцэнарыя і рэжысёр Вячаслаў Ракіцкі прысвяціў яго 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

 

 

Але ўласна абвяшчэнню незалежнасці БНР прысвечаны толькі першы з дзесяці фільмаў цыклу. Як лічыць аўтар, менавіта рэвалюцыйная для Беларусі дата 25 сакавіка 1918 года з’яўляецца кропкай адліку новай беларускай гісторыі, а не так званая Вялікая кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя 7 лістапада 1917 года ў Петраградзе ці ўтварэнне БССР 1 студзеня 1919 года ў Смаленску, як аж дагэтуль даводзяць беларусам афіцыйныя ідэолагі.

Неўміручасць ідэі БНР, ідэі самастойнага беларускага дому, якую беларусы цягам стагоддзя адстойвалі і на ўзроўні дыпламатыі, і ў культуры, і са зброяй у руках, і ёсць лейтматывам дакументальнага цыклу.

“Палітычная гісторыя Беларусі была напісаная савецкімі гісторыкамі ў імя апраўдання панавання ў Беларусі бальшавіцкага рэжыму і “брацкага адзінства з вялікім рускім народам”.Таму перакручана падаюцца падзеі, звязаныя з утварэннем БНР і БССР, — кажа Вячаслаў Ракіцкі. — Факты змагання нацыянальных сілаў з камуністычным рэжымам не адлюстраваныя цалкам. Замоўчваюцца рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі і сялянства. Па сённяшні дзень у школьных і ўніверсітэцкіх падручніках падаецца савецкая трактоўка падзеяў, якія папярэднічалі пачатку Другой сусветнай вайны і пасля яе завяршэння. Зусім не адлюстраваны антыкамуністычны супраціў у першыя пасляваенныя гады”.

“Сучасны рэжым у якасці ідэалагічнага падмурку ўзяў менавіта савецкую сфальшаваную гісторыю, міфы якой выконваюць ахоўныя функцыі, — лічыць аўтар дакументальнага цыклу. — І, натуральна ж, “перапісаць” іх цяперашняя ўлада пагражае нікому не дазволіць. Вось таму мы ў гэтым дакументальным цыкле на незалежным канале “Белсат” і ставім задачу зняць савецкую хлуслівую абалонку з найважнейшых гістарычных падзеяў. Мы вяртаем скрадзеную ў нас гістарычную праўду, падаем важныя, ці нават лёсавызначальныя для нацыі гістарычныя падзеі менавіта вачыма беларусаў, з гледзішча беларускага гістарычнага інтарэсу”.

“У цэнтры нашай увагі — найважнейшыя даты менавіта беларускай праўды.Мы распавядаем і пра ўтварэнне БССР, і пра Слуцкі збройны чын, і пра Рыжскую мірную дамову, і пра спробу стварэння беларускай аўтакефальнай царквы, і пра так званае ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР, таксама — пра чырвоны сталінскі тэрор, пра пачатак так званай Вялікай Айчыннай вайны і вызваленне Менска 3 ліпеня 1944 года, пра антысавецкую партызанку ў пасляваенны перыяд. Датаў, які патрабуюць праўды, шмат, але для пачатку мы абмежаваліся дзесяццю”, — удакладніў Ракіцкі.

У якасці экспертаў выступаюць ленныя беларускія даследчыкі — дактары гістарычных навук Леанід Лыч і Валянцін Голубеў, кандыдаты гістарычных навук Ніна Стужынская, Уладзімір Ляхоўскі, Алег Трусаў, кандыдат філасофскіх навук Таццяна Процька, гісторык Анатоль Сідарэвіч, культуролаг Сяргей Харэўскі, публіцыст Сяргей Дубавец.

У фільмах багата выкарыстоўваюцца архіўныя дакументы, фота- і кінахроніка, нямала з іх будзе паказана ўпершыню.




Оставьте комментарий (0)