Пра тысячагадовую гісторыю Гомелю распавядае пяціхвілінны мультфільм

Краязнаўцы, сябры суполкі «Пошукі старога Гомеля» стварылі мультфільм, у якім распавядаюць пра тысячагадовую гісторыю гораду.

Як распавяла БелаПАН гісторык Марыя Булавінская, у мультфільме адлюстраваныя найбольш важныя і цікавыя моманты гісторыі Гомеля, згадваюцца знакавыя асобы, у тым ліку тыя, хто дагэтуль у гарадской свядомасці застаецца недаацэненым ці ўвогуле забытым.

«Для тых, хто даўно цікавіцца гісторыяй Гомеля, гэтым мультфільмам мы не адкрыем новых амерык. Аднак для большасці гамяльчан, не кажучы ўжо пра жыхароў іншых мясцін Беларусі, многія факты стануць адкрыццём. Калі Румянцаўская эпоха, хаця б на ўзроўні стэрэатыпаў, нашымі землякамі засвоена, то часы, якія папярэднічалі ёй, часта ўяўляюцца цёмнымі, гэткай ахутанай змрокам terra incognita. Мы будзем толькі ўсцешаны тым, што здолеем прыўзняць для іх заслону часу, зацікавіўшы гісторыяй роднага горада розных перыядаў», — адзначыў адзін са сцэнарыстаў фільма, вядомы гомельскі пісьменнік-постмадэрніст Сяргей Балахонаў.

Булавінская спадзяецца, што з гэтай працы — стварэння анімацыйнага фільму, будзе плён, і калі-небудзь «звыклай для Гомеля з'явай стане не толькі сувенірны магніцік з партрэтам апошняга гомельскага старасты, але і помнік вызваліцелю Гомеля вялікаму князю Альгерду на адной з цэнтральных вуліц».

Праца над фільмам заняла больш за шэсць месяцаў. Сярод аўтараў — архітэктар і краязнаўца Сяргей Ляпін, мастак Філіп Какоша, гісторык Юры Панкоў. Тэкст да мультфільму агучыў Юры Жыгамонт.