18 лютага Вялікі тэатр Беларусі запрашае на імпрэзу #Чытаемразам

Для Вялікага тэатра Беларусі ўжо стала добрай традыцыяй адзначаць Дзень роднай мовы паказам оперы Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда”. А перад спектаклем кожны год адбываюцца цікавыя імпрэзы. На гэты раз вершы беларускіх паэтаў прачытаюць вядомыя людзі нашай краіны і не толькі яны.

Дзень роднай мовы ва ўсім свеце адзначаецца21 лютага. Напярэдадні гэтай падзеі — 18 лютага — Вялікі тэатр Беларусі запрашае прыйсці сваіх любімых гледачоў: у 18:15 пачнецца імпрэза #Чытаемразам, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія паэты, зоркі сталічных тэатраў, кіно, тэлебачання.

“Народныя артысткі Беларусі Ядвіга Паплаўская і Настасся Масквіна, зорка беларускага тэлебачання актрыса Святлана Бароўская, паэт Андрэй Хадановіч, спявачка Вялікага тэатра Ірына Кучынская, карэспандэнт тэлеканала АНТ Аляксандр Мацяс — вядомыя людзі краіны абавязкова прыйдуць на наш вечар, каб падарыць вам, дарагія гледачы, часцінку сваёй любові да нашай зямлі, да нашай роднай мовы. Усе яны прачытаюць улюбёныя радкі з твораў беларускіх аўтараў”, — паведамілі ў тэатры.

Гэта імпрэза стане сапраўдным падарункам для тых, хто набыў квіткі на оперу Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда», лібрэта да якой напісаў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч. У пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ 18 лютага галоўныя партыі выканаюць зоркі беларускай оперы: народная артыстка Настасся Масквіна (Ірына), заслужаныя артысты Аксана Якушэвіч (Любка), Уладзімір Громаў (Кізгайла), Алег Мельнікаў (Найміт), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Мікуцель (Раман). За дырыжорскім пультам — Алег Лясун.

Але і кожны гледачы зможа на некаторы час прымерыць на сябе новую ролю: выйсці на сцэну малой залы, адчуць святло сафітаў — і прачытаць свае любімыя творы беларускіх паэтаў. Дарэчы, ёсць шанец падрыхтавацца загадзя: павыкладваць у любую соцсетку відэазапіс таго, як вы чытаеце творы беларускіх аўтараў, з абавязковымі хэштэгамі: #чытаемразам, #мойтэатрмаясцэна, #матчынамова, #маямова. Адміністратары тэатральных сацсетак абавязкова будуць сачыць за актыўнасцю публікі, і гледачы, якія праявяць сябе найбольш крэатыўна, атрымаюць падарунак — запрашальны квіток на вечар, прысвечаны Дню роднай мовы.

Цэнтральны ўваход у тэатр будзе адчынены з 17:45, імпрэза ў Камернай зале пачнецца ў 18:15, пачатак спектакля, як звычайна, у 19:00.