Шведы святкуюць дзень святой Люсіі

Дзень св. Люсіі — адно з найбольш папулярных шведскіх зімніх святаў. З самай раніцы...

13 снежня, калі дні самыя кароткія, а ночы самыя доўгія, у Швецыі святкуецца дзень св. Люсіі — адно з найбольш папулярных шведскіх зімніх святаў. З самай раніцы з’яўляецца Люсія, дзяўчына ў белай кашулі са свечкамі ў валасах. Разам са сваёй світай яна частуе кавай, імбірным печывам і шафранавымі булачкамі пад гукі традыцыйных песень пра Люсію.

дзень св. Люсіі

Усе дзеці жадаюць быць Люсіяй

У сённяшняй Швецыі, дзе мужчыны і жанчыны раўнапраўныя, у дзіцячых садках Люсію могуць прадстаўляць усе дзеці ва ўрачыстай працэсіі — не толькі прыгожыя светлавалосыя дзяўчаткі, але і хлопчыкі. Аднак хлопчыкі часцей жадаюць быць «зорнымі хлопчыкамі», пернікавымі чалавечкамі, дамавікамі, а некаторыя дзяўчынкі пагаджаюцца на ролю сябровак Люсіі. Сапраўдныя палаючыя свечкі цяпер замяніліся свечкамі на батарэйках, але ж атмасфера, як і раней, урачыстая, таямнічая, асабліва калі ў паўцемры ўсе выразней чуюцца дзіцячыя галасы, што спяваюць пра св. Люсію, і з суседняга пакоя з’яўляецца ўрачыстая працэсія. Па традыцыі Люсія павінна быць «са свечкамі ў валасах», таму на галаве ў яе карона з палаючых свечак. Яе сяброўкі трымаюць свечкі ў руках.

дзень святой Люсіі

Зорныя хлопчыкі, як і сяброўкі Люсіі, апранутыя ў доўгія белыя кашулі, у руках яны трымаюць залатыя і срэбраныя зоркі на палачках, а на галовах маюць вастраверхія каўпакі. Працэсію завяршаюць «дамавікі» з ліхтарыкамі ў руках.

Люсія спявае на прадпрыемствах, у школах і крамах

дзень святой Люсіі
дзень святой Люсіі

Кожны год выбіраюць Люсію Швецыі, усю цырымонію транслююць па адным з тэлеканалаў, а кожны паважаючы сябе горад ці населены пункт выбірае сваю ўласную Люсію. Канкурэнцыя за права быць Люсіяй года можа быть вельмі жорсткай. Мясцовыя газеты публікуюць партрэты кандыдатак за некалькі тыдняў да галасавання. Дзеля роўнасці Швецыя заўседы старалася пазбегнуць падзялення людзей на класы і рангі, і таму конкурсы і каралевы прыгажосці ў Швеции — з’ява не частая. Аднак ёсць адно выключэнне — абранне Люсіі.

Кожны год да тых, хто выпісвае мясцовыя газеты, звяртаюцца з просьбай запоўніць спецыяльныя талоны для галасавання, размешчаныя ў газеце под кожнай фатаграфіяй кандыдатак у Люсію. І далёка не заўсёды перамагае бландзінка, хоць і шмат хто са светлавалосых «міс Швецыі» пачынаў сваю кар’еру каралевы прыгажосці як мясцовая Люсія. У дзень св. Люсіі (13 снежня) абвяшчаюць пераможцу, якую ўрачыста вязуць у кареце, запрэжанай коньмі, праз увесь горад, і яна прыносіць святло і песні на фабрыкі, у крамы, дамы састарэлых і шпіталі.

Свята св. Люсіі, таксама як і свята сярэдзіны лета, адзін з самых важных звычаяў шведскай культуры, які відавочна сведчыць пра сувязь з жыццём і побытам скандынаўскага сялянскага грамадства: цемрай і святлом, холадам і цеплынёй.

Вобраз Люсіі існуе шмат стагоддзяў, і заўжды Люсія прыносіць людзям святло сярод цёмнай шведскай зімы.

Песня пра Люсію

Ноч апусцілася,
схаваўшы ўсё ў цень;
Сонейка скрылася,
Цёмна ды змрочна ўдзень.
Толькі ў цемры той
Свечка гарыць свая,
Санта Люсія, Санта Люсія.

Час прыдзе — знікне змрок,
Дзень будзе новы,
Дзева спявае нам
Дзіўныя словы.
З’явіцца ззянне святла
Ў небе ружовым,
У душах пакіне след, Санта Люсія.

шафранавыя булачкіУсе шведы ведаюць песню пра Люсію на памяць, усе могуць спяваць яе больш ці менш чыста. Раным рана ў дзень св. Люсіі гэтую песню можна пачуць па радыё ў выкананні вучняў музычных школ.

Глінтвейн і шафранавыя булачкі

У гэты дзень неад’емнымі атрыбутамі з’яўляюцца імбірнае печыва і «lussekatter» — шафранавыя булачкі, якія нагадваюць па форме ката з вачыма з разынак. А запіваюць іх глінтвейнам ці кавай.