Зміцер Вайцюшкевіч здымае народны кліп на песню “Жыве Беларусь”

Зміцер Вайцюшкевіч прадставіў у сеціве студыйны запіс песні “Жыве Беларусь” на словы Уладзіміра Някляева і запрашае ўсіх ўзяць удзел у стварэнні “народнага" кліпа на яе.

Кампазіцыя патрапіць на новы альбом Вайцюшкевіча“Наша песня”, прэзентацыя якога адбудзецца 6 чэрвеня на канцэрце ў Вільні. Амаль усе квіткі на яго ўжо прададзеныя.

“Песня пра нармальные чалавечае пачуццё непарыўнай сувязі са сваёй краінай. Яно ва ўсім, што мы робім. Яно з намі кожны дзень, — распавядае Зміцер. — Запрашаю ўсіх узяць удзел у народным кліпе на яе. Ідэя відэа ў тым, каб адыйсці ад плакатнага патрыятызму і сцягоў-транспарантаў. Давайце праспяваем гэтую песню ў працы і на адпачынку, з сябрамі, калегамі і роднымі. Давайце пакажам, што мы добрыя, працавітыя, шчырыя людзі”.


Тэхнічныя пажаданні ад творчай суполкі "Тры макі”, якая будзе ствараць відэа:

1) спявайце песню пад аўдыёзапіс твора, каб супадала хуткасць;

2) здымайце шырокае гарызантальнае відэа (не Instagram), пажадана на фотаапарат ці тэлефон з добрай камерай;

3) відэа запампуйце на файлаабменнік (напрыклад, Wetransfer, Dropbox) і дашліце спасылку на мэйл todar.klip@gmail.com.

Відэа прымаецца да 25 траўня (уключна). 5 найбольш цікавых і актыўных ўдзельнікаў атрымаюць CD “Наша песня“ з аўтографам Змітра Вайцюшкевіча.