Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Колькі вяровачцы не віцца…

Дык для каго Лукашэнка стварыў і захоўвае, як ён кажа, сацыяльна арыентаваную мадэль у развіцці дзяржавы? І які чалавек знаходзіцца ў цэнтры гэтай мадэлі?

 

Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ.

29 студзеня ў час правядзення прэс-канферэнцыі для журналістаў беларускіх і замежных СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да канца свайго прэзідэнства не адмовіцца ад сацыяльна арыентаванай мадэлі ў развіцці дзяржавы.

«Та модель, которая была у нас с вами и существует до сих пор, мы от неё не отказываемся. Мы называем её социально ориентированной, то есть в центре стоит человек. Я от неё не откажусь до конца своего президентства. Мы эту модель нащупали, мы эту модель создали, мы этот путь определили и по нему надо идти, не шарахаясь, особенно в период кризиса», — адзначыў Лукашэнка.

Чытаючы падобныя выказванні кіраўніка краіны, міжволі ўсплываюць успаміны аб падзеях 60-х, 70-х, 80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі разнастайныя лідары камуністычнай партыі Савецкага Саюзу такім жа чынам заяўлялі аб пабудове дзяржавы, дзе забяспечаны клопат аб кожным савецкім чалавеку.

У часы Савецкага Саюзу, як і зараз у незалежнай Беларусі, таксама прымаліся самыя разнастайныя праграмы, накшталт харчовай, або жыллёвай. Некаторыя кіраўнікі краіны нават заяўялі аб хуткай пабудове “камунізму” з галоўным яго прынцыпам — “ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбе”, а чыноўнікі меншага маштабу ва ўвесь голас падпявалі ім. І як заяўлялі тагачасныя лідары, у цэнтры савецкай сістэмы таксама знаходзіўся чалавек.

Як паказаў час, і сапраўды, для некаторай катэгорыі грамадзян Саюзу камунізм быў усёжтакі створаны. У гэты разрад пападала высокапастаўленае партыйнае чынавенства, для якога і было арганізавана забяспячэнне па поўных патрэбах. Для асноўнай жа часткі грамадзян усё гэта так і засталося на ўзроўні мараў…

Канешне, сучасныя магчымасці грамадзян Беларусі ў забяспячэнні сваіх патрэбаў непараўнальна вышэйшыя за магчымасці часоў Савецкага Саюзу.

Але ж прынцып сацыяльнага размежавання грамадзян з забеспячэннем яго на карысць высокапастаўленага беларускага чынавенства за кошт бюджэтных сродкаў у нашай краіне да гэтай пары захаваўся.

Як і ў савецкія часы, беларускае чынавенства зноўку прымае на кожную пяцігодку самыя разнастайныя праграмы развіцця і рэфармавання розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы з мэтай павышэння ўзроўню жыцця грамадзян краіны, прымае рашэнні па фінансаванні гэтых праграмаў і, як склалася на практыцы, па заканчэнні пяцігодак забывае адсправаздачыцца перад гэтымі ж грамадзянамі аб іх выкананні, як і аб скарыстанні фінансавых сродкаў.

Колькі, напрыклад, прагучала заяваў аб хуткім поўным пераводзе забяспячэння Мінска пітной вадой з падземных крыніцаў. Згодна дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада” на 2011-2015 гады, ў 2013 годзе Мінск павінен быў цалкам перайсці на падземныя крыніцы водазабеспячэня.

Нават тагачасны міністр ЖКГ Андрэй Шорэц, а зараз — старшыня Мінскага гарвыканкаму, яшчэ ў чэрвені 2012 г. заяўляў, што пастаўленая задача — аб завяршэнні пераводу Мінска на падземныя крыніцы водазабеспячэння — будзе выканана дзякуючы будаўніцтву водазабора “Вязынка”, рэканструкцыі іншых вадазабораў. Такім чынам будзе вырашана праблема забеспячэнне падземнай вадой жыхароў Фрунзенскага, Маскоўскага, часткова Кастрычніцкага раёнаў сталіцы, да якіх да гэтай пары пастаўляецца вада з вадасховішча Крылова Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.

Сёння на двары ўжо 2015 год, а аб чыстай артэзіянскай вадзе жыхарам гэтых раёнаў застаецца толькі марыць.

Працэсамі фінансавання і выкарыстання дзяржаўных сродкаў па набыццю абсталявання для станцый абезжалезвання вады водазабора “Вязынка”, на іншыя водазаборы Мінска, працэсамі будаўніцтва аб’ектаў водазабора яшчэ ў 2012 годзе зацікавіліся Генеральная пракуратура і Камітэт дзяржкантролю Беларусі. Але далей цікавасці справа не пайшла, відаць, праца для іх аказалася “непад’ёмная”. Як і праца па вызначэнню маршрута выдзеляемых фінансавых сродкаў на выкананне разнастайных праграм у сферы аказання насельніцтву жыллёва-камунальных паслуг…

Толькі канстатацыяй фактаў завершыліся і іншыя выяўленыя справы аб беспарадках у выкарыстанні фінансавых сродкаў.

Так, напрыклад, 30 мая 2012 года на паседжанні калегіі КДК тагачасны старшыня Аляксандр Якабсон у сваім выступе паедаміў пра шматлікія факты беспарадкаў і парушэнняў пры выкарыстанні дзяржаўных сродкаў і маёмасці ў ЖКГ Мінска па выніках работы за 2010-2011 гады. У 25 правераных са 182 дзеючых на той час у сталіцы арганізацый ЖКГ неабгрунтаваныя страты склалі 48 млрд. рублёў. Па разліках старшыні КДК, агульны памер страт толькі дзяржсродкаў па гораду склаў каля 120 млрд. руб.

І зараз як здзек над гараджанамі гучыць прапанова новага старшыні Мінскага гарвыканкама А.Шорэца да жыхароў сталіцы аб неабходнасці іх далучэння да стварэння так званай “народнай праграмы” па развіцці горада.

Не лепшым чынам адбываецца выкарыстанне чыноўнікамі народных фінансавых сродкаў і ў іншых рэгіёнах нашай краіны.

Як, напрыклад, можна разумець распараджэнне Магілёўскіх уладаў аб неабходнасці набыцця гарадскім водаканалам у 2013 годзе прагулачнага цеплахода за 420 тысяч даляраў?

З якімі мэтамі Магілеўскім водаканалам набываўся дадзены цеплаход, калі ў горадзе існуе цэлае ўпраўленне па спорту і турызму і рачны порт, дзе ўжо меліся два прагулачныя цеплаходы, эксплуатацыя якіх да гэтай пары не акуплялася з-за іх неэфектыўнага выкарыстання?

І чаму менавіта за 420 тысяч даляраў, калі падобнага класа цеплаходы з невялікім тэрмінам эксплуатацыі выстаўляліся на продаж у Беларусі па кошце каля 150 тысяч даляраў?

А зараз кошт гэтага цеплахода і страты ад яго эксплуатацыі (толькі за 2013 год — 280 млн. руб.) кладуцца на сабекошт прадукцыі і паслуг водаканала і ў сваю чаргу — на плечы гараджан у выглядзе “пацяжэўшых жыровак”.

На плечы грамадзян краіны перакладваюць свае “вольнасці” чыноўнікі і іншых ведамстваў.

Так, у сферу мадэрнізацыі аб’ектаў “вялікай” энэргетыкі толькі за 2006-2010 гады з розных крыніц фінансавання ўкладзена больш 5 млрд. даляраў. Але ж грамадзяне не пабачылі ні змяншэння коштаў на электраэнэргію, ні змяншэння коштаў іншых паслугаў.

Толькі, згодна справаздач Міністэрства эканомікі, мадэрнізацыя энэргетычных магутнасцяў з 2006 па 2013 гады прывяла да эканоміі больш 2,3 млрд. кубаметраў прыроднага газу. Але чаму тады пры адсутнасці новаўведзеных аб’ектаў, спажываючых прыродны газ, пры скарачэнні насельніцтва краіны, пры змяншэнні энэргаёмістасці прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў згодна статыстычных дадзеных мы закупілі ў 2013 годзе па аб’ёму столькі ж газу як і ў 2006 годзе?

Аб фактах безгаспадарчасці на розных узроўнях сферы ЖКГ, што перакладваюцца на плечы грамадзян, ад міністэрстваў да прадпрыемстваў на месцах, як, напрыклад, у жылкамгасе Шклоўскага райвыканкаму, можна казаць яшчэ вельмі шмат.

Побач з цэлым шэрагам карупцыйных фактаў па злоўжыванню службовым становішчам з боку кіраўнікоў і супрацоўнікаў ЖКГ і Шклоўскага райвыканкаму за апошняе дзесяцігоддзе выяўлены і новыя.

Некалькі гадоў таму прадпрыемствам ЖКГ Шклоўскага раёну была закуплена лінія па перапрацоўцы цвёрдых бытавых адходаў. Але яна так і не была ўсталявана па прычыне неправільнай камплектацыі абсталявання і з часам цалкам прыйшла ў непрыгоднасць. Пры ўсіх “намаганнях” супрацоўнікаў КДК і сілавых ведамстваў Магілёўскай вобласці, вінаватых у дадзенай сітуацыі знайсці не змаглі …

Дык для каго Лукашэнка стварыў і захоўвае, як ён кажа, сацыяльна арыентаваную мадэль у развіцці дзяржавы? І які чалавек знаходзіцца ў цэнтры гэтай мадэлі?

Зыходзячы з сітуацыі, што склалася ў нашай краіне, у цэнтры стаіць беларускі чыноўнік. А “сацыяльна арыентаваная” мадэль у развіцці дзяржавы забяспечвае яму і ягонай сям’і жыццё па прынцыпу “ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбе”. І пры гэтым здольнасці яго ўвесь час звужаюцца, а патрэбы толькі пашыраюцца.

Ад “цэнтральнай фігуры” беларускай мадэлі развіцця дзяржавы цвёрда патрабуецца толькі адно — гэта забяспячэнне яскравай перамогі ў час чарговай выбарчай кампаніі. Вось на гэтае яна здольная. Таму і Лукашэнка не жадае адмаўляцца да канца свайго “прэзідэнства” ад створанай мадэлі.

Але ж, як кажуць у народзе, колькі б вяровачцы не віцца, а канец будзе, як і з існуючай мадэллю. І што тады будзе рабіць гэтая “цэнтральная фігура”?

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.