Уладзімір Падгол. ПЫТАНЬНЕ РУБАМ. Ці пойдзе апазыцыйны народ на Ўсенародны сход?

Лукашэнка ладзіць генеральную рэпетыцыю выбараў у парламант — Усенародны сход.

Уладзімір Падгол

Уладзімір Падгол. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Кіраўнік ГА «Інфармацыйныя і сацыяльныя іннавацыі». Стваральнік Музея жорнаў.

Лідары і актывісты суполак дысыдэнтаў Беларусі рыхтуюцца да выбараў у парламант. Ствараюць хаўрусы на розных прынцыпах, ладзяць кангрэсы, праводзяць паседжанні і соймы, да таго ж распрацоўваюць розныя праграмы, платформы, пішуць дэкларацыі, прагназуюць перспектывы. Шмат палітыкаў з нацыянальным і дэмакратычным менталітэтам трэніруюцца стаць апазыцыянерамі. А гэта адбудзецца тады, калі нашы дысыдэнты будуць зарэгістраваны і змогуць данесці да выбаршчыкаў свае платформы і праграмы, якія кардынальна пярэчаць генеральнай лініі Лукашэнкі.

Пры гэтым практычна ўсе разумеюць і кажуць, што выбараў не будзе, дэпутатаў прызначаць, падлік галасоў будзе з’імітаваны.

Для адных такі адмысловы пераход са стану дысыдэнтаў да стану апазыцыянераў мае сэнс самаахвярнасці, каб даказаць безпрынцыпным палітыка ЭЗ, што выбараў як не было ў Беларусі так і няма, і пры Лукашэнку ня будзе. Для другіх галоўным сэнсам удзелу ў выбарчай дзейнасці ёсць данясенне сваіх апазыцыйных поглядаў да выбаршчыкаў, каб яны вучыліся выбіраць шляхі развіцця рэспублікі. Для трэціх, такіх як сябры БНФ, выбары ў парлямант разглядаюцца як спроба адрадзіць страчаныя Незалежнасьць і Суверэнітэт, арганізаваўшы ціск на ўладатрымальнікаў па прынцыпу: ня хочаце нас пускаць у парламант, тады будзеце змушаны самі рабіць нашу палітычную справу пад нашу дыктоўку. Карацей кажучы, хочуць зладзіць агульнапалітычную ўсенародную дыктоўку дыктатару і ягоным паслугачам.

Падставай таму ёсьць абвал рэйтынгу ўладара рэйтынгаў і шэраг непапулярных антынародных мераў.

А што ж ён?

Ён ладзіць генеральную рэпетыцыю выбараў у парламант — Усенародны сход. Тут адбудзецца трэніроўка пошука і вылучэння самых адданых лініі галоўнакамандуючага краінай. Можа адбыцца сеанс масавага гіпноза на базе гіпнатычных формул кшталту “нам заробка ня трэба, нам працу давай, ад вайны абараняй”.

І вось гэту рэпетыцыю парада перамогі войскаў чыноўнікаў нашы дысыдэнты покуль ігнаруюць абсалютна. А ці правільна гэта?

Давайце разбярэмся.

Пытанне першае. Ці мае законны грунт Усенародны сход?

Па законе — мае. Там прапісаныя мясцовыя і рэспубліканскій сходы. Вось Усенародны і падыходзіць пад закон аб рэспубліканскім сходе. 

Для чаго ён праводзіцца?

Чытаем закон:

Артыкул 6. Агульная кампетэнцыя рэспубліканскіх і мясцовых сходаў

Удзельнікі рэспубліканскіх і мясцовых сходаў маюць права абмяркоўваць пытанні дзяржаўнага і грамадскага жыцця рэспублiканскага або мясцовага значэння, уносіць па іх прапановы і прымаць рашэнні.

Рэспубліканскія і мясцовыя сходы маюць права звяртацца з прапановамі да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы i iншыя арганiзацыi, да іншых службоўцаў. Звароту рэспубліканскіх і мясцовых сходаў разглядаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.

Зразумела, што патэнцыйным кандыдатам ў дэпутаты парламанта (кандыдатам на пераход з дысыдэнтаў у апазыцыянеры) ёсць шмат чаго сказаць кіраўнікам і народу.

У законе, дарэчы, ёсьць такі пункт (артыкул 4):

“Падрыхтоўка і правядзенне рэспубліканскіх і мясцовых сходаў павінны ажыццяўляцца адкрыта і галосна: на сходы могуць запрашацца прадстаўнікі дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і іншыя асобы”.

Вось тутака ўсе нашы дысыдэнты, якія згуртаваліся ў партыі і рухі, маглі б і паназіраць, як вылучаюць на Ўсенародны сход дэлегатаў, і самі маглі б сабраць мясцовыя сходы, каб вылучыць кандыдатаў на Усенародны сход.

Вядома ж, нікога з дысыдэнтаў нікуды не пусьцяць, не запросяць паназіраць. І цудоўна. Хай еўраадвакаты д’ябла паглядзяць на першы этап палітычнага спектакля ў Беларусі. Ім жа трэба давесці і першую частку сцэнару Сходу, якую прэзэнтаваў прэм’ер-міністр Кабякоў: 

“Трэба забяспечыць вылучэнне годных кандыдатур і інфармаваць пра іх насельніцтва з прыцягненнем шырокага кола сродкаў масавай інфармацыі. Неабходна арганізаваць запрашэнне прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва, а таксама замежных гасцей”.

Народжаным у дэмакратыі эўрапейцам трэба будзе давесці, што азначае фраза “трэба забяспечыць вылучэнне годных кандыдатур”.

Партыі і рухі могуць вылучыць сваіх дэлегатаў на Усенародны сход. Імі маглі б стаць былыя кандыдаты ў прэзыдэнты і патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты парламанта. Іх, вядома ж, на Сход не пусцяць. Цудоўна! Зноўку эўраадвакаты д’ябла хай чэшуць сваім правым еўрапейскім рогам за левым эўравухам. Тым вухам, у якое паслугачы дыктатара ўклалі казку пра дэмакратычныя зрухі ў нашай рэспубліцы.

Я пра рогі пішу, маючы на ўвазе статак палітычных казлоў і баранаў, якія праблеялі “А-а-а-д-м-я-н-і-ць са-а-а-нкцы-і!” Класіфікацыю еўрапалітычных жывёл увёў у эўрапескую дэмакратыю Лукашэнка:

В Евросоюзе, “ну, просто негодяи поэтому я про них говорить не хочу не про Баррозу, ни других там козлов, быков и прочее… Разве можно против страны, которая больше всего потерпела от чужой расхлябаности (аварии на ЧАЭС) даже речь вести о том, что надо ввести какие-то санкции. Нам помогать надо… Это не люди. Ну, козлы они и есть козлы, у нас такой термин в Беларуси существует. Ну, что про них сегодня говорить?”

І, як паказала жыццё, А.Г. вельмі пасьпяхова іх перавыхаваў, выдрэсіраваў, а камусьці рогі так абламаў, што яны сталі плюшавымі мядзьведзікамі, кшталту тых, каго дэсанціравалі шведы на Мінск.

І вось на этапе, калі ў дэлегаты Схода нікога з дысыдэнтаў не прапусцяць, нягледзячы на кабякоўскае “неабходна арганізаваць запрашэнне прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва”, для дысыдэнтаў узнікае два варыянты дзеяньняў:

1. Варыянт Казуліна. Для тых, хто падзабыў, нагадаю, што кандыдат у прэзыдэнты А.Казулін 2 сакавіка 2006 года падчас выбарчай кампаніі паспрабаваў прайсці ў Палац чыгуначнікаў, дзе мусіла адбыцца вылучэнне дэлегатаў на Ўсенародны сход. Казулін паспрабаваў мірна зарэгістравацца. І тут на яго накінулісь і жорстка зьбілі людзі ў чорным пад камандаваннем сусветна вядомага Паўлючэнкі. Ганак, па якім цягнулі Казуліна, быў заліты ягонай крывёю. Казуліна завезлі ў РУУС, які ачапілі спецназаўцы.

2. Варыянт Някляева. Кандыдат у прэзыдэнты ў 2010 годзе заявіў, што не пойдзе шляхам Казуліна. Будзе дамагацца мандата дэлегата. Аднак яго таксама не пусцілі на пасяджэнне, дзе выбіралі дэлегатаў.

“Сход упаўнаважаных Ленінскага раёна Мінска адбываўся ў ліцэі БДУ, — распавёў Уладзімір Пракопавіч “Народнай волі”. — Там павінны былі абраць дэлегатаў на Усебеларускі народны сход, куды я імкнуся патрапіць. Мяне вылучылі ўпаўнаважаным ад жыхароў аднаго з мікрараёнаў Ленінскага раёна. Але ў ліцэй БДУ не пусцілі. І тут я бачу, што на гэта мерапрыемства ідзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька, з якім мы знаёмыя тысячу гадоў. Я ў яго пытаюся: чаму мяне не пускаюць? Ён кажа: не ведаю. Пачалі разбірацца. Потым Давыдзька сказаў, што нічога не разумее, што ён сам па запрашэнні. Потым яму патэлефанавалі і наша размова скончылася. Мне чамусьці здаецца, што Давыдзька дакладна трапіць на Усебеларускі народны сход”.

Паводле слоў Някляева, перад прыступкамі ліцэя БДУ стаялі супрацоўнікі праваахоўных органаў, людзі ў цывільным.

“Учыняць там нейкія тузанні, маючы вопыт Аляксандра Казуліна, мы не сталі, бо гэта было б смешнавата ў дадзеным выпадку, — тлумачыць Някляеў. — Але я прынёс 27 тысяч подпісаў, якія аддалі мне людзі для таго, каб я прыняў удзел ва Усебеларускім сходзе і выказаў іх пункт гледжання на сітуацыю ў краіне”. 

У гэтым паліттэхналагічным моманце лёсы Казуліна і Някляева сталі тоеснымі. Някляева не дапусцілі да плошчы, а жорстка зьбілі далёка да яе. Потым сцягнулі з ложка і голым пацягнулі па падлозе больніцы ў турму КДБ.

Наўрадці нехта з нашых дысыдэнтаў пойдзе на сход па варыянту Казуліна. Хаця Лябедзька можа натхніцца прыкладам. Тым больш, што падчас дваравых футбольных гульняў ён навучыўся трымаць удары і па нагах, і па галаве.

Але бальшыня дысыдэнтаў магла б пайсьці на Сход з праграмамі, платформамі, планамі, намерамі, марамі. Можна зладзіць супольную палітычную дэманстрацыю, каб народ у захапленні загукаў: “А хто там ідзе? Хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе?!”

Для гэтага трэба перадаць свае перадвыбарчыя платформы і праграмы і прызначаным чыноўнікамі дэлегатам Усенароднага схода, і ў дзяржаўныя СМІ, у працоўныя калектывы, як тая ж АГП ля прахадных заводаў.

Хай ненадрукуюць і ў чарговы раз дакажуць эўрапейскім адвакатам лукашэнкаўскай дэмакратыі, чаго варта іхняя санкцыйная гуманнасць.

Калі ж Уладар настрояў беларускага народа правядзе Усенародны сход у рэжыме аднаго актора, без лётаючых таматаў, яек і праклёнаў (за падвышку пенсыйнага ўзросту), тады ён і надалей будзе трымаць усіх пад контролем: і лёсы, і свядомасьць.

І на выбарах у парламант паўторыцца сцэнар Усенародного сходу.

Але тады эўрапейскія санкцыйныя гуманісты будуць псыхалагічна падрыхтаваныя да парламантскіх выбараў па схеме Усенароднага сходу.

А народ крыху прачнецца ад агітацыйнага чмуру ўладатрымальнікаў. На выбарах у парламант людзей можна будзе абудзіць болей.

Ці могуць пайсці дысыдэнты на Усенародны сход?

Верагоднасьць мізэрная. Лукашэнка прыватызаваў Усенародны сход настолькі, што ў галаве нашых дысыдэнтаў глузд не варушыцца ў яго бок. А публічны зьдзек над Казуліным з мардабоем спарадзіў стрэмку страху ў галовах дысыдэнтаў.

Больш таго, асноўны касцяк лідараў знаходзіцца ў рэсурснай баразне, якая скіраваная на выбары ў парламант. І калі пажадаюць прапахаць дадатковую баразну, дык такому каню корму не будзе дзе ўзяць. А як жа без корму, пракорму для хаўрусьнікаў ды паліва для аўто араць палітычные поле?

Ці веру я ў мажлівасьць прапанаванага сцэнару пераходу нашых дысыдэнтаў у стан апазыцыянераў падчас Усенароднага сходу і выбараў у парламант? Амаль што не.

А на тое ёсьць дзьве прычыны:

1. Так склалася, што мне давялося пазнаёміцца з падрыхтоўкай шэрагу патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты парламанту. Большасьць зь іх ідзе на выбары ў парлямант з праграмай дэпутата мясцовага савета: лужыны засыпаць, дахі цыраваць.

2. Большасьць ня ведае функцыяў дэпутата парляманта па Канстытуцыі і не чытала яе.

3. І гэта галоўнае. Абсалютная большасьць дысыдэнтаў і іх лідараў на выбарах у парламант нават не зьбіраецца стаць у кардынальную апазыцыю дыктатару. Яны кажуць: “Гэта не прэзыдэнскія выбары…”.

Адзінае што тут можна параіць — чытайце і перачытвайце Канстытуцыю. Вось частка зь яе пра функцыі дэпутата:

Артыкул 97. Палата прадстаўнікоў:

2) разглядае праекты законаў, у тым ліку аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дагавораў;
...
8) прымае адстаўку Прэзідэнта;

9) выстаўляе большасцю галасоў ад поўнага складу Палаты прадстаўнікоў абвінавачванне супраць Прэзідэнта ў здзяйсненні дзяржаўнай здрады або іншага цяжкага злачынства; на падставе адпаведнага рашэння Савета Рэспублікі прымае большасцю не менш як дзве трэці галасоў ад поўнага складу рашэнне аб зняцці Прэзідэнта з пасады.

На выбарах у парламант і на шоў Усенародны сход прапагандысты будуць спяваць адну песьню: “Падтрымаем кандыдатаў, якія пойдуць па лініі прэзыдэнта. Адлупцуем бюлеценямі пятую калону”. Прасцей кажучы, народу будуць прапанаваць простую формулу — аддадзім галасы за адданых справе прэзыдэнта.

А дысыдэнты будуць на розныя галасы спяваць “за мірныя перамены”, “за працоўныя месцы”, “супроць карупцыі”, “за ўсё харошае супроць усяго дрэннага” і гэтак далей.

А зараз паспрабуйце прадказаць, ці будзе сярод кандыдатаў ад дысыдэнтаў хоць адзін, хто першым пунктам запіша “адстаўка Лукашэнкі”?

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.