Аляксандр СТАРЫКЕВІЧ: Паўсюль салому не пасцеліш



Беларускі журналіст Аляксандр Старыкевіч толькі што вярнуўся з Бруселя. На мінулым тыдні там, у будынку Еўрапарламента, міжнародная асацыяцыя "Solidar" уручала свае штогадовыя прэміі "Сярэбраная ружа". Старыкевіч узнагароджаны "за выбітныя дасягненні ў будаўніцтве сумленнага і справядлівага грамадства". Такім чынам адзначаная двухгадовая дзейнасць Старыкевіча на пасадзе галоўнага рэдактара газеты "Беларускі час".





З гэтай нагоды з Аляксандрам Старыкевічам гутарыць карэспандэнт "Белорусских новостей". Зрэшты, не столькі пра ўзнагароду, колькі пра стан беларускай журналістыкі ў цяперашняй палітычнай сітуацыі.





— Аляксандр, беларускай журналістыкай у свеце цікавяцца з палітычных матываў. А які, на вашую, думку ўласна прафесійны ўзровень нашай журналістыкі і нашых журналістаў, бо гэтыя два паняцці ўсё-такі, відаць, трэба падзяляць?





— Як і ў любой краіне, у нас ёсць як моцныя, так і слабыя журналісты, але агульны ўзровень беларускіх журналістаў даволі прыстойны. У нас дастаткова прафесіяналаў, пра што сведчыць поспех многіх з іх у расійскіх сродках масавай інфармацыі. У Маскве цэлая прафесійная дыяспара ўтварылася. Што да беларускай журналістыкі наогул, то ейныя магчымасці і развіццё абмежаваныя матэрыяльнымі рэсурсамі, якія ў нас значна меншыя, чымсьці нават у суседніх краінах. Аднак пры спрыяльных умовах сітуацыя зменіцца і мы дагонім суседзяў.





— Ці не шкодзіць беларускай журналістыцы крайняя палярызавансць нашых СМІ?





— У рынкавай прасторы могуць існаваць самыя розныя выданні, і за мяжой, дарэчы, адлегласць паміж гэтымі палюсамі значна большая за тую, што ёсць у Беларусі. Іншая справа, як гэтая палярызаванасць забяспечваецца. За мяжой кожны выплывае як можа, а ў нас адзін з газетных палюсоў падтрымліваецца на дзяржаўныя сродкі, за кошт падаткаплацельшчыкаў. Прычым гэтыя СМІ абслугоўваюць вузкую групоўку людзей, што пры ўладзе. Калі стварыць усім роўныя ўмовы, то гіганты дзяржаўнай прэсы праз два месяцы апынуцца ў даўгах.





— Але ж гэта матэрыяльны бок. А вось ці не замінае пэўная ангажаванасць СМІ аб'ектыўнасці?





— Крытэрыяў аб'ектыўнасці няма. Адно што можна казаць пра журналісцкую этыку — падаваць ці не падаваць некалькі поглядаў на тую ці іншую праблему. Але ж і тут абсалютнай ісціны быць не можа. Нават самае нейтральнае выданне ўсё роўна будзе збівацца на суб'ектывізм.





— Аляксандр, што да ўзаемадачыненняў незалежных СМІ і ўладаў. Ці мусяць нашы незалежныя журналісты неяк вучыцца паводзіцца меней агрэсіўна, не лезці пад рэпрэсіі?





— Правілы гульні вызначае адзін бок, і, натуральна, даводзіцца, да іх прыстасоўвацца. Так, варта сцяліць салому, але ж паўсюдна гэтага не зробіш. Усялякая падстрахоўка сёння ненадзейная. Усе сферы жыцця ў Беларусі пад жорсткім кантролем, і таму закрыць любую газету — гэта для ўлад толькі справа тэхнікі.





— Пасля звальнення з пасады галоўнага рэдактара "Беларускага часу" ці сочыце за падзеямі ў прафсаюзным руху?





— Так, я пісаў у "Новых Известиях" пра з'езд ФПБ, сустракаюся з тымі прафсаюзнымі дзеячамі, хто выступае за незалежныя прафсаюзы. Праўда, цяпер я гляджу на ўвесь прафсаюзны рух не знутры, а больш шырока. Прафсаюзную праблему можна развязаць толькі знізу. Але, на жаль, большасць працоўных ставяцца абыякава да таго, што робяць прафсаюзныя актывісты, якіх яны самі абіралі. Таму ўлады так лёгка ажыццявілі нядаўна сцэнарый адзяржаўлення Федэрацыі прафсаюзаў.





Гутарыў Кірыла ПАЗНЯК



Оставьте комментарий (0)