Еўропа можа спаць спакойна?



Сяргей КРАЎЦОЎ



Апошні нумар польскага тыднёвіка "Wprost", пазначаны 15 снежня, выйшаў з сенсацыйным матэрыялам “Лавіна Лукашэнкі”. Польскія журналісты Пётр Кудзя і Гжэгаж Павельчук нібыта здабылі інфармацыю пра “спецаперацыю беларускага КДБ”, у выніку якой у Польшчу будуць перакінуты дзесяткі тысяч мігрантаў з азіяцкіх краін і Каўказа.





У беларускім КДБ гэтую публікацыю пакуль яшчэ не бачылі, але называюць яе “страшнай”.





Кірункі прарыву





Сутнасць “сенсацыі” у тым, што спецслужбы Беларусі па загаду найвышэйшага кіраўніцтва краіны нібыта рыхтуюць масавую перакідку ў Польшчу нелегальных мігрантаў з азіяцкіх краін. Яна павінна адбыцца ў сярэдзіне снежня, піша "Wprost". На працягу некалькіх дзён ахова беларуска-польскай мяжы на некалькіх участках будзе фактычна знятая і ў Польшчу хлынуць дзесяткі тысяч мігрантаў, якія цяпер знаходзяцца ў адмысловых лагерах, пераважна ў заходняй Беларусі (называюцца лагеры, што нібыта існуюць у Ваўкавыску, Лідзе, Кобрыне, Свіслачы, Жабінцы і інш.). Усяго ж у Беларусі цяпер налічваецца 150 тысяч імігрантаў, паведамляе польскае выданне. На вокладцы тыднёвіка ланцужок імігрантаў у Польшчу вядзе сам Лукашэнка, апрануты ў вайсковую куртку.





Тыднёвік "Wprost" не толькі друкуе карту размяшчэння названых лагераў, але і дэманструе, якімі шляхамі праваднікі будуць весці мігрантаў ў Польшчу. Карта нагадвае план вайсковых дзеянняў, на якім пазначаны тры асноўныя кірункі: праз Белавежскую пушчу, Малырыцкі і Гродзенскі раёны. Польскія журналісты сцвярджаюць, што ім удалося сустрэцца з некаторымі мігрантамі ў Беларусі, і тыя пацвердзілі, што ім абяцалі яшчэ да калядаў пераправіць іх за мяжу. Акрамя гэтага, "Wprost" спасылаецца на нібыта перахопленыя польскімі спецслужбамі тэлефонныя перамовы беларускіх памежнікаў з брэсцкім і гродзенскім КДБ, а таксама здабытыя польскай разведкай сакрэтныя дакументы.





Міністр унутраных спраў Польшчы Кшыштаф Янік у інтэрв'ю польскаму тыднёвіку "Wprost" паабяцаў, што польскія памежнікі не дапусцяць масавага пераходу мяжы, а “адзіночныя выпадкі нелегальнай іміграцыі… не створаць вялікіх праблем”.





“Штосьці страшнае” альбо “жарт”?





Былы старшыня Вярхоўнага савета 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч лічыць, што ад сённяшняга кіраўніцтва краіны “можна чакаць такога кроку, тым больш, што Лукашэнка ўжо пагражаў гэта зрабіць”. Не будзе “аперацыя” складанай і для выканаўцаў, лічыць Шушкевіч, бо для іх “гэта проста жарт у параўнанні з тым, што ўжо зроблена”. Што да наступстваў магчымага “прарыву” мігрантаў у Польшчу, дык, на думку С.Шушкевіча, рэакцыя Захаду будзе “вельмі жорсткай”, а беларускі бок “ад здзейсненага будзе адракацца”.





Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч лічыць, што “нельга казаць пра абсалютную нерэальнасць такога плана беларускага кіраўніцтва, бо самыя нерэальныя рэчы ім ужо рабіліся”. Аднак сённяшняя знешнепалітычная сітуацыя такая, што “Лукашэнка мусіць рабіць пэўныя крокі, каб прымірыцца з Захадам, каб атрымаць манеўр супраць спроб Масквы знішчыць беларускую дзяржаўнасць”, гаворыць Статкевіч. Акрамя таго, па словах кіраўніка БСДП (НГ), у А.Лукашэнкі “мусіць спрацаваць інстынкт самазахавання”, які выратаваў бы яго ад гэтага авантурнага плана.





У цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі карэспандэнту “Белорусских новостей” паведамілі, што публікацыі “Лавіна Лукашэнкі” ў тыднёвіку "Wprost" яшчэ не бачылі. Па словах выконваючага абавязкі кіраўніка цэнтра Аляксандра Базанава, пра артыкул ён ведае найперш са слоў журналістаў і яму падаецца, што "Wprost" надрукаваў “штосьці страшнае”. Рэакцыя КДБ Беларусі на публікацыю ў польскім выданні, калі яна наогул будзе, з'явіцца крыху пазней. У чацвер яшчэ не чытала згаданы артыкул і прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Пяткевіч.





“Уцечка” інфармацыі





Не выключана, што “сенсацыя” тлумачыцца вельмі проста: калі гэта не “вутка” саміх польскіх журналістаў, тады можна дапусціць, што афіцыйны Мінск вырашыў проста напалохаць Захад. Беларускія ўлады ніколі не маглі б пайсці на такі беспрэцэдэнтны крок — санкцыі ў адказ былі б адпаведнымі. Таму і была зроблена “уцечка інфармацыі” праз польскія СМІ, бо менавіта Польшчу як суседку Беларусі ці не найболей хвалюе праблема мігрантаў з азіяцкіх краін. Гэта быў і своеасаблівы адказ на нядаўнія перашкоды, якія чынілі польскія памежнікі чачэнцам, што ехалі з Расеі праз Беларусь. Чыста прапагандысцкімі былі мэты і ў Аляксандра Лукашэнкі, калі ён, пасля няўдалай спробы візіту на саміт НАТО ў Прагу, палохаў Захад гэтымі самымі мігрантамі і наркотыкамі.





Паўторым, гэта толькі дапушчэнне. Але так ці іначай беларускі прэзыдэнт працягвае лавіраваць паміж Захадам і Усходам, спрабуючы гуляць на іх супярэчнасцях і дамагацца дапамогі, якая гарантуе трываласць ягонага рэжыму. Еўропа ж пакуль можа спаць спакойна.