Інтэрнат таннейшы за інтэрнет



Не паспелi студэнты засялiцца ў iнтэрнаты, як плата за пакоi там павялiчылася. Змянiлася базавая велiчыня, якая з верасня складае 11 тысяч 100 рублёў. I хаця павелiчэнне невялiкае, тым, хто лiчыць кожную капейчыну, магчыма, давядзецца перагледзець расходы, запланаваныя са стыпендыi. Апошняя ж пакуль засталася ранейшай.





Такiм чынам, аплата за пражыванне ў iнтэрнатах па-ранейшаму дыферэнцыруецца ў залежнасцi ад ступенi iх камфортнасцi (першага разраду — 50 працэнтаў ад базавай велiчынi, другога — 48, трэцяга — 46 i гэтак далей). У некаторых ВНУ ўлiчваюць таксама, з’яўляецца студэнт бюджэтнiкам або плацiць за навучанне сам. Напрыклад, у БДЭУ за месяц пражывання ў iнтэрнаце № 1 (4-га разраду) бюджэтнiкi плацяць 4.662 рублi, а студэнты платнага аддзялення — 10.120. Прычым многiя з задавальненнем згадзiлiся б перасялiцца ў iнтэрнат першага разраду (№ 5), дзе ўмовы лепшыя, а плата не нашмат большая (5.550 для бюджэтнiкаў i 12.494 — для платнiкаў).





Пакой у самым дарагiм iнтэрнаце каштуе ўсё адно танней, чым самая танная кватэра, зняць якую ў сталiцы нават па вялiкім блаце можна не менш чым за 50 долараў. Як зазначыў дырэктар студгарадка БДУIР Анатоль Луцкi, тыя ж 5.550 рублёў за месяц уключаюць усё: электрычнасць, ацяпленне, гарачую ваду, лiфт, вываз смецця i г.д. Прычым iнтэрнаты цяпер пераважна блочнага тыпу (на кожныя два пакоi — прыбiральня з душам). Старыя ж iнтэрнаты калiдорнага тыпу таксама не з горшых (прынамсi, туалет там не на вулiцы, а душ ёсць на кожным паверсе). Акрамя таго, студэнты-праграмiсты, натуральна, маюць звычку ставiць у пакоях камп’ютары — з 836 чалавек, якiя жывуць у 1-м iнтэрнаце, 700 абзавялiся гэтай тэхнiкай. А паколькi выдаткi на камунальныя паслугi не пакрываюцца за кошт бюджэту, сумы, якiя iнтэрнаты аддаюць за электрычнасць, сталi проста гiганцкiмi.





Адзначым, што БДУIР бярэ аднолькавую плату за месца i з платнiкаў, i з бюджэтнiкаў. А вось у БДУ згаданая няроўнасць iснуе. Хаця студэнты кажуць, што «хаткi» Белдзяржунiверсiтэта таго вартыя. Напрыклад, iнтэрнаты № 1 i № 10 маюць на кожны блок не толькi прыбiральню з усiмi "прыбамбасамi", але i кухнi з мэбляй i плiтамi. А ў блiжэйшы час будуць зроблены нават пральнi для студэнтаў.





Адна з самых нiзкiх — плата ў iнтэрнатах унiверсiтэта культуры i акадэмii мастацтваў адпаведна (2.775 рублёў i 2.553 рублi за месца для любога студэнта). Прычым «культурнiцкiя» iнтэрнаты — блочнай сiстэмы: прыбiральня з душам на два пакоi i дзве кухнi на паверх. Зрэшты, стыпендыя ў мясцовых навучэнцаў не перавышае 35 тысяч рублёў, таму аплата за пражыванне якраз па "заробках".





Дарэчы, самая вялiкая зараз праблема — нават не кошт iнтэрната, а недахоп месцаў у iм. Штогод як мiнiмум 10 працэнтаў студэнтаў ВНУ застаюцца "за бортам" i вымушаны здымаць кватэры. У некаторых унiверсiтэтах "незасяленцамi" пакiдаюць платнiкаў, у некаторых — малодшыя курсы, а дзесьцi — старэйшыя. Так цi iнакш, гэтым студэнтам даводзiцца цяжэй, чым iнтэрнацкiм.







Валерыя АЎСЯНIК, "Звязда"