Усю інтэлігенцыю на сход не збярэш!



Кірыла ПАЗНЯК



Cёлета ў нашай краіне мусіць адбыцца Усебеларускі сход інтэлігенцыі "Незалежная Беларусь — свабоднае і заможнае грамадства". 19 студзеня ў сталічным Палацы мастацтваў пройдзе вылучэнне на яго дэлегатаў ад Мінску.





Мінская інтэлігенцыя на сходзе будзе прадстаўленая сотняй чалавек, квота ад кожнай вобласці — 50 чалавек. Як паведамілі ў аргкамітэце Усебеларускага схода інтэлігенцыі, ягоная праца "будзе падзеленая на тры тэматычныя блокі: духоўна-культурніцкі, сацыяльна-эканамічны і палітычны. Арганізатары форуму вызначылі шэраг тэмаў, якія будуць асвятляцца ў спецыяльных дакладах і абмяркоўвацца падчас дыскусіяў: "Роля інтэлігенцыі ў сучасным беларускім грамадстве", "Шляхі выхаду Беларусі з эканамічнага крызісу", "Інтэлігенцыя і ўлада", "Праблемы раз'яднанасці беларускай інтэлігенцыі", "Лінгвацыд беларускай дзяржаўнай мовы", "Інфармацыйная прастора Беларусі", "Глабалізацыя і нацыянальнае адраджэнне", "Экалогія і дэмаграфія", "Праблемы адукацыі". Аркамітэт будзе звяртацца з прапановай выступіць на форуме да такіх вядомых у Беларусі асобаў, як гісторыкі Анатоль Грыцкевіч і Леанід Лыч, палітолаг Валерый Карбалевіч, палітык Станіслаў Шушкевіч, пісьменніца Вольга Іпатава, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў...





Як кажуць, знаёмыя ўсё твары! Па ўсім на Усебеларускім сходзе інтэлігенцыі іх будзе багата. Прычым хутчэй за ўсё збольшага — так званая гуманітарная інтэлігенцыя, да ўсяго пэўным чынам заангажаваная. Ёсць падазрэнне і апасенне, што сход інтэлігенцыі не будзе як след прадстаўнічым і шматстайным, а пройдзе, як кажуць, у адныя вароты — з высакароднымі заклікамі бараніць усё нацыянальнае, з жальбамі на гаротнае становішча інтэлігенцыі і з вербальным лупцаваннем зманкуртызаваных і недэмакратычных уладаў.





Што праўда, арганізатары запрашаюць на сход не толькі гуманітарыяў, але і тэхнічную інтэлігенцыю, адмыслоўцаў па эканоміцы, экалогіі і медыцыне і наогул усіх, хто хоча выступіць сам ці прапанаваць чыюсьці кандыдатуру ў якасці прамоўцы на сходзе. Але на ім плануецца агучыць агульную грамадска-палітычную пазіцыю беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі: "Неабходна, каб наш Сход адбыўся як сапраўдны форум нацыянальнай інтэлігенцыі і дапамог нам нарэшце адчуць нашую еднасць і салідарнасць, скансалідаваць нашыя намаганні дзеля таго, каб ясна і цвёрда выказаць нашую думку народу Беларусі, афіцыйным уладам, палітычнай апазіцыі і ўсяму свету", гаворыцца ў адозве аргкамітэта Усебеларускага схода інтэлігенцыі. Але тая ж тэхнічная інтэлігенцыя збольшага нацыянальна і палітычна, што ў нашай краіне ўзаемазалежна, мала ангажаваная, а таму проста праігнаруе гэты загадзя камерны сход. Ужо не кажучы пра тых, хто стаіць на праўладных пазіцыях. А пераважная ж частка інтэлігенцыі пра яго проста не ведае і, можа быць, ніколі не даведаецца. Гэтаксама, у вузкім коле, прайшоў падчас абмеркавання варыянтаў новага дзяржаўнага беларускага гімну адмысловы сход інтэлігенцыі, якая лесам рук выбрала нацыянальным гімнам Беларусі "Магутны Божа".





Гэтак у нас неяк ужо павялося і лічыцца, што інтэлігенцыя знаходзіцца ўрожкі з уладай, апрыёры ў апазіцыі. Зрэшты, у нас усё, груба кажучы, зманапалізаванае ці то ўладамі, ці то апазіцыяй: перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, 25 сакавіка, Чарнобыльская трагедыя, Курапаты і гэтак далей.





Карацей, называць мерапрыемства, якое рыхтуецца, Усебеларускім сходам інтэлігенцыі ўсё-такі не зусім карэктна. Не будзе яна прадстаўленая на ім поўна — і ўсе тут. Калі ўтрыраваць, хутчэй за ўсё атрымаецца сход вядомых у Беларусі нацыянальна свядомых беларусаў і маральных аўтарытэтаў. І гэта калі не разважаць над тым, што такое наогул інтэлігенцыя і хто такі інтэлігент...