Аршанская бітва: гісторыкі ваююць і па сёньня



Стась ІВАШКЕВІЧ



Аршанская бітва, якая адбылася на Крапівенскім полі 8 верасьня 1514 году, да нядаўняга часу заставалася па-за ўвагай гісторыкаў і грамадзкасьці. З пачатку ж 90-х, яна, наадварот, сталася аб'ектам напружаных дэбатаў. Большасьць нацыянальна сьвядомых людзей сьвяткуюць дату бітвы як дзень беларускай вайсковай славы. З боку ўладаў выяўляецца ня меншая энэргія ў выкрываньні "нацыянал-экстрэмісцкай" фальсыфікацыі гістарычнай рэальнасьці і распальваньня міжнацыянальнай варажнечы паміж народамі саюзнай дзяржавы. Якім жа чынам пытаньне пра даўнюю бітву набыло такую вастрыню? Хто з кім біўся? За што? Ці маюць беларусы самастойную ваенную гісторыю, якую можна ўслаўляць на гэткіх сьвяткаваньнях?





Вернемся на 11 год назад — першае сьвяткаваньне Аршанскай бітвы. 8 верасьня 1992 года — 12 кадравых афіцэраў і яшчэ каля 3 000 мужчынаў прымаюць прысягу на вернасьць Беларусі на менскай плошчы Незалежнасьці. Акцыю праводзіць Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. "Цяпер цяжка сабе ўявіць значнасьць той падзеі, — распавядае адзін з заснавальнікаў і лідэраў БЗВ, цяперашні лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч. — Пасьля таго як высілкамі БЗВ, узімку 1992 году, беларускі парлямант прыняў закон аб стварэньні нацыянальнага беларускага войска, заставалася яшчэ адна пагроза. Да прысягі на вернасьць Беларусі былі прыведзеныя толькі шараговыя жаўнеры. Афіцэры, якія ўжо прыносілі прысягу, не мусілі рабіць гэтага паўторна. Адно толькі папярэдняя прысяга прыносілася Савецкаму Саюзу — такім чынам кадравы склад маладога беларускага войска меў юрыдычную падставу ў любы момант здрадзіць сваей краіне. Многія афіцэры нездарма ўхіляліся ад "перапрысягі". Пасьля здушэньня ГКЧП і развалу СССР у Рызе высьпела змова савецкіх афіцэраў, што мела на мэце ваенныя перавароты ў былых савецкіх рэспубліках, найперш у краінах Балтыі. Шматлікія беларускія афіцэры — расейцы па нацыянальнасьці калі не адкрыта падтрымлівалі змоўшчыкаў, то яўна вагаліся.





У гэтай сытуацыі БЗВ вырашыла самастойна правесьці публічную прысягу. Прымеркаваўшы дату — 8-га верасьня — да ўгодкаў Аршанскай бітвы, арганізатары сабралі людзей на плошчы Незалежнасьці. Нягледзячы на тое што міністр абароны Павел Казлоўскі напярэдадні прыгразіў звольніць усіх афіцэраў, якія возьмуць удзел у мерапрыемстве, 12 кадравікоў у вайсковай вопратцы і некалькі афіцэраў запасу не збаяліся прысягнуць ў той дзень Беларусі. У выніку кіраўніцтва краіны мусіла прывесьці да прысягі ўсіх афіцэраў. Адзін генэрал на сустрэчы з вайскоўцамі тады заявіў: "Калі мы не правядзем прысягу — БЗВ зробіць гэта само".





Такім чынам, як бачым, сам дзень угодкаў Аршанскай бітвы быў абраны як дзень вайсковай славы даволі выпадкова, пад ціскам палітычных абставінаў таго часу. Наколькі ж ён мае права на тое значэньне, якое яму зараз надаецца?





Сёньняшнія афіцыйныя ўлады маюць адназначны падыход да нашай гісторыі, трактуючы яе як пастаяннае імкненьне беларусаў вырвацца з-пад літоўскага ці польскага прыгнёту і далучыцца да ўсходняга "старэйшага брата". Якаў Трашчанок, аўтар новага афіцыйнага дапаможніка па гісторыі Беларусі для ВНУ, піша: "Белорусские национал-экстремисты неоднократно поднимали шумные кампании, посвященные неудачной для русских битве на реке Крапивна под Оршей 8 сентября 1514 г. Это событие трактуется как разгром "белорусским войском" "полчищ москалей". Ничего общего с исторической правдой подобные трактовки не имеют".





Бясспрэчна тое, што ў чыста ваенным сэнсе Аршанская бітва была выдатнай перамогай. З амаль утрая меншым войскам гетман Вялікага княства Літоўскага Канстанцін Астрожскі, умела манеўруючы коньніцай, пяхотай і артылерыяй, ушчэнт разграміў 80-тысячнае войска Маскоўскага княства. Значэньне гэтай перамогі было важкім: у той час існавала дамова паміж маскоўскім вялікім князем Васілем ІІІ і імператарам Сьвяшчэннай рымскай імперыі Максімільянам Габсбургам аб падзеле Літвы і Польшчы паміж іхнымі дзяржавамі. У выніку разгрому маскоўскіх войскаў дамова згубіла сілу і тэрыторыя Бедарусі засталася ў зоне заходняй цывілізацыі яшчэ на трыста год. Такім чынам, калі разглядаць гэтую бітву як сутыкненьне Усходу і Захаду за нашую краіну, становіцца зразумелым удзел на баку ВКЛ і літоўцаў, і палякаў, і швэйцарскіх ды нямецкіх наймітаў, а на баку маскоўскага княства — татараў ды чаркесаў. Пра тое ж, што адбылося б з беларусамі у выпадку заваевы Масковіяй ВКЛ у той час, можа сьведчыць прыклад Наўгародзкай рэспублікі, якая была разгромлена Масквой на паўстагодзьдзя пазьней. Насельніцтва яе было выразанае Іванам Грозным, а часткова адпраўленае ў высылку. Дзяржаўнасьць і нацыянальная адметнасьць былі зьліквідаваныя назаўжды.





Такім чынам, бітва пад Оршай калі ня вызначыла, то была важкім чыньнікам у выбары беларусамі свайго гістарычнага шляху. Што ж тычыцца пытання, наколькі гэтая дата можа сьвяткавацца як дзень вайсковай славы Беларусі, дык гісторык і пісьменьнік Кастусь Тарасаў лічыць, што ў сувязі з шматнацыянальным складам абодвух войскаў пад Оршай болей адэкватна было б выбраць у якасьці дня менавіта беларускай ваеннай славы, напрыклад, адну з датаў, калі войскі Полацкага княства біліся за ягоную незалежнасьць. Або Слуцкае паўстаньне супраць падзелу Беларусі бальшавікамі ды палякамі. Наогул жа спадар Тарасаў скептычна ставіцца да самога выразу "ваенная слава". "Калі гінуць тысячы людзей, то хто б ні перамог — гэта не сьвята, а трагедыя. Гэтыя даты варта было б успамінаць як дзень памяці загіблых. Як урок будучым пакаленьням".