У Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце змогуць вучыцца ня толькі беларусы

Студэнты з Украіны, Расеі й краінаў Эўропы атрымаюць мажлівасьць платна навучацца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні...

Студэнты з Украіны, Расеі й краінаў Эўропы атрымаюць мажлівасьць платна навучацца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні.

Студэнты ЭГУНавучаньне беларускіх студэнтаў застанецца бясплатным. Пра гэта заявіў прарэктар ЭГУ Ўладзімер Дунаеў на прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася 26 траўня з нагоды Дня адкрытых дзьвярэй ва ўнівэрсытэце.

Прычыны такога кроку Дунаеў бачыць у цяжкасьцях існаваньня ўнівэрсытэта ў выгнаньні.

"У будучыні мы пастараемся стаць на ногі — гэта таксама няпроста ў новых сытуацыях, нам трэба, па сутнасьці справы, вярнуцца да той праграмы, якая была ў Беларусі, калі мы гэнэравалі частку свайго прыбытку за кошт платных праграмаў, тут вось у Літве мы б таксама хацелі скарыстацца з канкурэнтнай перавагі нашага становішча ў Эўрапейскім Зьвязе й запрасіць на платныя праграмы ня толькі беларускіх студэнтаў, але й студэнтаў з другіх краінаў рэгіёну — з Расеі, Украіны, Малдовы, можа быць, зь некаторых краінаў Балтыі", — падкрэслiў прарэктар.

Уладзімер Дунаеў вызначыў спэцыфіку навучаньня ва ўнівэрсытэце.

Ен адзначыў: "Галоўнае, што студэнты тут могуць адчуць і чаму яны могуць навучыцца – гэта свабода й навыкі дэмакратычных паводзінаў".

Рэктар ЭГУ акадэмік Анатоль Міхайлаў падкрэсьліў унікальнасьць навучаньня ў ЭГУ. "Вельмі няпроста быць беларускім унівэрсытэтам, знаходзячыся ў іншай краіне, аднак у адрозьненьне ад шматлікіх праграмаў падтрымкі беларускіх студэнтаў, я думаю, ЭГУ, праграма ЭГУ, зьяўляецца ўнікальнай, таму што падтрымка гэтых студэнтаў рэалізуецца ў стасунках да беларускага ўнівэрсытэта, які мае статус літоўскага ўнівэрсытэта".

У прэс-канфэрэнцыі, акрамя кіраўніцтва ўнівэрсытэту, узялі ўдзел дэканы факультэтаў. Альміра Ўсманава, дэкан факультэта сацыяльных навук, адзначыла ўнікальнасьць праграмы "Масавыя камунікацыі й журналістыка", падкрэсьліўшы, што гэты накірунак навучаньня ня мае аналягаў сярод беларускіх вышэйшых навучальных установаў.

Аляксандар Калбаска, старшыня Сэнату ЭГУ, распавёў, што шмат факультэтаў амаль бязь зьменаў перайшлі ў новы ўнівэрсытэт, разам з гэтым зьявіліся й працягваюць зьяўляцца новыя бакалаўрскія й магістэрскія накірункі.

Пасьля закрыцьця ў Менску ў 2004 годзе Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт аднавіў сваю дзейнасьць у Літве і з восені 2005 году распачаў рэалізацыю дзённых і завочных праграмаў бакалаўрскай і магістэрскай падрыхтоўкі для студэнтаў зь Беларусі.

15 траўня 2007 году ЭГУ абвесьціў пачатак прыёму студэнтаў на дзённае й завочнае аддзяленне бакалаўрскіх праграмаў.