Культурна-асьветніцкаму аб’яднаньню са Слоніма «Залаты леў» адмовілі ў рэгістрацыі

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама вырашыла адмовіць у рэгістрацыі слонімскаму аб’яднаньню «Залаты леў». Асноўная падстава адмовы — неадпаведнасьць заканадаўству асобных палажэньняў статута аб’яднаньня, у тым ліку датычных парадку ўнясеньня зьменаў у статут і парадку абскарджаньня рашэньняў органаў аб’яднаньня. Аднак самая абсурдная прычына адмовы ў рэгістрацыі, пазначаная чыноўнікамі ўпраўленьня юстыцыі, — гэта сьцьвярджэньне, што ў «тэксьце статута арганізацыі адсутнічае расшыфроўка назвы «Залаты леў».

Зь неканструктыўнай пазыцыяй органа юстыцыі ня згодны юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў: «Юрыдычныя падставы для адмовы ў рэгістрацыі Культурна-асьветніцкага аб’яднаньня «Залаты леў» адсутнічаюць цалкам. Прэтэнзіі да статута не грунтуюцца на заканадаўстве і зьяўляюцца вынікам адвольнгага тлумачэньня чыноўнікамі нормаў права. Заснавальнікі маглі бы лёгка ў працоўным парадку задаволіць пажаданьні органа рэгістрацыі і ўнесьці ў статут патрэбныя выпраўленьні. Тым больш, заканадаўства прадугледжвае такую магчымасьць».

Адзін зь ініцыятараў стварэньня Культурна-асьветніцкага аб’яднаньня «Залаты леў» Алесь Масюк лічыць рашэньне абласнога ўпраўленьня юстыцыі палітычна матываваным: «Улады працягваюць палітыку нерэгістрацыі ў дачыненьні да асобаў, якіх яны залічылі ў апазыцыю. Усе недапрацоўкі статута мы маглі б выправіць цягам дня, а нас проста вырашылі забараніць. Паўторная спроба рэгістрацыі каштуе 10 базавых велічыняў. Магчыма, улады проста на нас зарабляюць грошы». Прадстаўнікі арганізацыі намераныя аспрэчваць рашэньне рэгістравальнага органу ў судзе.

Мэтамі дзейнасьці Культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Залаты леў» зьяўляюцца павышэньне культурна-асьветніцкай грамадзкай актыўнасьці жыхароў Слонімскага раёна для вырашэньня грамадзка значных праблемаў мясцовасьці, аб’яднаньне грамадзянаў, якія выступаюць за духоўнае, нацыянальнае і культурнае адраджэньне беларускага грамадзтва, павышэньне культурна-асьветніцкай ролі моладзі ў працэсе фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.

Заснавальнікі Культурна-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Залаты Леў» раней уваходзілі ў склад іншай няўрадавай арганізацыі — Слонімскага моладзёвага аб’яднаньня «Ветразь», якое некалькі год таму было прымусова ліквідаванае рашэньнем суда на падставе адсутнасьці юрыдычнай адрэсы.