«Беларусы — добры народ. Адзіная праблема — нядбайныя кіраўнікі»

Жыхар Магілёва нігерыец Амос Акпанурам пра беларусаў, беларускае жыццё і бізнес.

«Беларусы — хрысціянскі народ, але тых, хто шчыра верыць у Бога, няшмат», — лічыць пратэстант зь Нігерыі, жыхар Магілёва, бізнесовец Амос Акпанурам. Ён перакананы: «Калі Бога ня будзе з народам, то прыйдзе голад, вайна ды нестабільнасць».

Як жывецца выхадцу з Афрыкі у Беларусі, ці не шкадуе ён, што застаўся тут, ці лёгка яму быць бізнэсоўцам? 

 

З Нігерыі ў Беларусь Амос Акпанурам прыехаў вучыцца ў 1989 годзе. Скончыўшы гадавы падрыхтоўчы курс у Беларускім дзяржаўным універсітэце, нігерыец апынуўся ў Магілёўскім будаўнічым каледжы. Затым — у Гомельскім дзяржаўным універсітэце транспарту. Па яго сканчэнні Амос уладкаваўся вядучым спецыялістам па камерцыйнай дзейнасці ў бізнес-цэнтр Міжнароднага недзяржаўнага інстытуту працоўных і сацыяльных адносінаў. Давялося Амосу папрацаваць і ў Нямеччыне. Але вярнуўся ў Магілёў да сям’і.

«Для мяне сям’я дужа важная, — кажа Амос. — Сям’я і дзеці — Божы дар. Бацькі абавязаныя гадаваць, забяспечваць ды бараніць сваіх дзяцей».

Амос вырас у пратэстанцкай сям’і. Ягоны бацька — святар. За час гутаркі суразмоўца ня раз спасылаўся на біблейскія законы, цытуючы іх:

«У мяне чатыры сястры і тры браты. Усіх гадавалі ў павазе да веры і Бога. Вывучалі слова Божае, і цяпер стараемся жыць паводле яго. Калі чалавек гэтак жыве, то адчувае адказнасць перад Богам і людзьмі. Гэтая адказнасць не дае рабіць шкоду іншым. У маёй сям’і таксама ўсе шчырыя вернікі. Мы спадзяемся на Божую ласку, і Бог дапамагае нам».

Амосу Акпанураму 47 гадоў. У яго трое дзяцей — дачка і два сыны. Па словах Амоса, ягоная жонка — беларуска, таксама шчырая верніца. Але ў Беларусі, тлумачыць Амос, яму найбольш сустракаюцца атэісты.

«Беларусы — хрысціянскі народ, але тых, хто шчыра верыць у Бога, няшмат, — распавядае вернік. — Многія кажуць, што вераць, але іхная вера ня ў сэрцы. Ня можа быць так: тут веру, а тут ня веру. Вернік тады вернік, калі верыць напоўніцу, на ўсе сто працэнтаў. І гэтая вера праяўляецца ў характары і паводзінах. Мусім памятаць: калі бога ня будзе з народам, то прыйдзе голад, вайна ды нестабільнасць».

А вось самі беларусы нігерыйскаму бізнесмену вельмі падабаюцца. «Калі б мне тут не падабалася, я б тут ня жыў», — кажа Амос Акпанурам. 

 
Амос Акпанурам у нігерыйскай вышыванцы

«Я езджу ў вёскі, — працягвае Амос. — Мне там падабаецца гутарыць са старымі людзьмі. Беларусы, як мне падаецца, народ, які выклікае сімпатыю да сябе адразу. Складваецца ўражанне, што ты ўвесь час жыў тут. Не ўзнікае пачуцця насцярожанасці.

Беларусы — надзвычай спакойны народ, гасцінны. Але, як мне падаецца, бываюць часам сітуацыі, якія вымагаюць ад беларусаў, перадусім тых, якія прэтэндуюць на лідэрства, каб яны паспрабавалі разабрацца самі з сабою. Гэта паспрыяла б росквіту і дабрабыту ў краіне».

Беларускай мовы сам Амос не вывучаў і яе не разумее — гаворыць па-расейску. А вось ягоныя дзеці ў школе беларускую вывучаюць.

«Я перакананы, што народ павінен даражыць і ганарыцца сваёй нацыянальнай мовай, каб ня страціць сваіх каранёў», — кажа ён.

У Амоса Акпанурама сваё невялікае прадпрыемства. Яно займаецца аддзелкай кватэраў. Бізнес залежыць ад стасункаў з кіраўнікамі буйных дзяржаўных будаўнічых арганізацыяў. Пра ўзаемадачыненні зь імі Амос кажа: «Не без праблемаў». 

 
Да рамонту кватэр у гэтых дамах прыклалі рукі і працоўныя прадпрыемства Амоса Акпанурама

Бывала, прызнаецца ён, выканаўшы працы, даводзілася дамагацца, каб выплацілі заробленыя грошы. Прыгадвае, як з адной дзяржаўнай арганізацыяй судзіўся.

«Намераў судзіцца ў мяне ніколі не было, але сітуацыя гэтага вымагла. Мне трэба было выплачваць сваім працаўнікам заробкі, а грошай у мяне няма», — апавядае суразмоўца.

«Вы ж самі ведаеце: у Беларусі жыццё цяпер няпростае. Многія людзі набралі крэдытаў, і іх трэба выплачваць, а заробленага мае працоўныя ня могуць атрымаць. Дырэктар арганізацыі, якая завінавацілася перад маім прадпрыемствам, заявіў: грошы аддасць толькі праз суд. Добраахвотна выплачваць адмовіўся. Тады я зразумеў: як апушчу рукі, свайго не дамагуся. Суд я выйграў, але і пасля грошы мне выплачвалі абы-як. Яны абясцэньваліся, і я меў вялікія страты. Пакрыць іх у мяне няма з чаго. Панесла страты і прадпрыемства, кіраўнік якога не хацеў выконваць сваіх абавязкаў».

«Беларусы — добры народ. Адзіная праблема — тут ёсць нядбайныя кіраўнікі, — мяркуе суразмоўца. — Калі б іх было меней, то тутэйшае жыццё было б лепшым. Такія кіраўнікі не нясуць адказнасці перад Богам і законам. За нядбайнасць іх, па сутнасці, не караюць. Акрамя таго, гэта не ўплывае на памер іхнага заробку ці прэміі. Адсюль і падыход да выканання партнёрскіх абавязкаў абы-які».

Ці не шкадуе Амос, што вярнуўся з Нямеччыны? Не шкадуе.

«У Нямеччыне, безумоўна, жыццё больш камфортнае. Але я так выхаваны, што людзі павінны аб’ядноўвацца дзеля лепшага жыцця паўсюль. У нас у Нігерыі такі парадак: калі чалавек ажаніўся ў іншай краіне, то яна становіцца для яго другой радзімай. Другая радзіма для мяне — Беларусь. Калі я нешта тут раблю, я заўжды думаю, ці прынясе гэта карысць маёй сям’і, Беларусі і... Нігерыі. Калі паступаць іначай, то што станецца з маёй сям’ёй, Беларуссю ды Нігерыяй?»

У Нігерыі жыццё рознае, адказвае суразмоўца на пытанне пра тамтэйшыя рэаліі. «Ёсць свае плюсы і мінусы», — кажа ён.

«Не магу сказаць, што ў Нігерыі ўсё гладка, як і тут, дарэчы. Як на мяне, то не бывае нідзе ідэалу. Мне думаецца, што беларусам, каб адчуць сябе гаспадарамі на сваёй зямлі, трэба быць гатовымі да самаахвярнасці і мець лідэраў. Лідэры ў Беларусі ёсць. Прэзідэнт — чым ня лідэр? За лідэраў трэба маліцца, каб Гасподзь блаславіў кожнага зь іх, узбагаціў ведамі, мудрасцю ды чэснасцю перад Богам і народам».