Праз дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы вяскоўцам абразаюць гароды

На паўднёвым усходзе Гомельшчыны ў памежных беларускіх вёсках абразаюць гароды — тлумачаць, што гэта робіцца дзеля ўмацаваньня дзяржаўнай мяжы з Украінай.

Глыбоцкае, вуліца Ўсходняя

 

“Тры разы прыяжджалі, каб лапік зямлі адрэзаць”

У вёсцы Глыбоцкае Гомельскага раёну пад абразаньне патрапілі найперш прысядзібныя ўчасткі на вуліцы Ўсходняй — апошняй вуліцы ў паселішчы перад пунктам спрошчанага пропуску на шляху да ўкраінскага сяла Ільмаўка.

Сталага веку вясковец Міхаіл, які жыве на вуліцы Ўсходняй, тлумачыць:

“У мяне тут 42 соткі — сядзіба з участкам зямлі. Дванаццаць сотак абрэзалі. Казалі, што будзе тут ужо памежная паласа”.

Асабіста Міхаіл ня надта бядуе, што ягоны ўчастак падкарацілі: “Я ж ужо пэнсіянэр. Раней абрабляў увесь участак — араў, сеяў. Цяпер сілы ўжо ня тыя”.

Сям’я суседа Ўладзіміра атрымала дом і ўчастак на вуліцы Ўсходняй у спадчыну — раней тут жылі бацькі ягонай жонкі.

“Мы нават гной вывезьлі і зааралі, а цяпер гэтую дзялянку забіраюць”, — кажа Ўладзімір.

Андрэй: Гэты лапік зямлі адразаюць

Сын Уладзіміра Андрэй паказвае былую бабуліну сядзібу, дзе цяпер гаспадарыць з бацькамі:

“Да нас разы са тры прыяжджалі з сельскага савету і землеўпарадчай службы. Пакінулі спачатку 23 соткі, а апошні раз сказалі, што можам засяваць гарод толькі да сьцежкі — гэта каля 12 сотак. Цяпер заробкі на працы слабыя, таму садзім бульбу і ўсё іншае, каб неяк выжываць”, — тлумачыць Андрэй.

Ад вясковых гародаў да ўкраінскай мяжы з кілямэтар ці нават крыху болей. Які сэнс быў адразаць нейкія тры дзесяткі мэтраў гародаў, вяскоўцы ў толк ня возьмуць. Выказваюць на гэты конт дзе здагодкі: альбо мясцовыя ўлады хочуць падкараціць прысядзібныя ўчасткі, якія не абрабляюцца, бо ёсьць і такія, альбо памежнікі маюць выраўняць памежную паласу ў лінейку з пунктам спрошчанага пропуску, які быў пастаўлены пры дарозе амаль адразу за хатамі вяскоўцаў.

“Да таго ж ў нас за сотню мэтраў да канца вуліцы паставілі папераджальны знак, што далей ісьці нельга — памежная паласа”, — паказваюць вяскоўцы ў канец вуліцы Ўсходняй.

Дзеля паўнаты малюнку варта дадаць, што прысядзібныя ўчасткі ў Глыбоцкім абрэзалі ня толькі на вуліцы Ўсходняй, але й Леніна — па правы бок пры ўезьдзе. Сказаць, што сюды блізка падступае беларуска-ўкраінская мяжа ніяк не выпадае.

“На нашым баку таксама падкарацілі ўчасткі, бо некаторыя пуставалі. — распавядае сярэдніх гадоў кабета, якая назвалася Людмілай. — Як па мне, то гэта не бяда, у мяне тут побач соткі сьвёкра —іх засяваем”.

Вядома, далёка ня ў кожнага такая сытуацыя.

“Зямля ў вёсцы патрэбная — трэба ж і бульбу, і гарбузы пасадзіць, і збожжа пасеяць. Мы ж гаспадарку трымаем — безь яе як у вёсцы не пражывеш. У мяне сямнаццаць сотак, дык сказалі, што пяць абрэжуць і перададуць калгасу”, — паведаміла вяскоўка Ала.

 

“На Усходняй — там вядзецца дэмаркацыя мяжы”

Глыбоцкае адносіцца да Маркавіцкага сельскага савету. Туды й зьвяртаемся па тлумачэньні.

Маркавіцкі сельскі савет

“Калі соткі зарастаюць пустазельлем і не абрабляюцца, то мы іх абразаем і перадаем ў карыстаньне мясцовай сельгасгаспадарцы. Трэба ж наводзіць парадак на зямлі, як патрабуе наш прэзыдэнт. Тут такая сытуацыя: альбо абрабляй, альбо аддавай. А за вуліцай Усходняй — там вядзецца дэмаркацыя мяжы, і рашэньні прымаюцца на больш высокім узроўні”, — заяўляе кіраўніца спраў Валянціна Сьлюнькова.

У раённай землеўпарадчай службе дадаюць, што пры зьмене межаў прысядзібных участкаў гаспадарам дасылаюцца паведамленьні, на падставе якога рашэньня яны перагледжаны. Аднак падобных паведамленьняў у Глыбоцкім мясцовыя жыхары, у тым ліку і з вуліцы Ўсходняй, пакуль не атрымлівалі.

 

Ад Гомеля да Берасьця — 3000 памежных знакаў

Першы памежны знак на беларуска-ўкраінскай мяжы быў пастаўлены 13 лістапада 2014 году блізу вёскі Весялоўка Добрускага раёну, прыкладна за паўсотні кілямэтраў ад Глыбоцкага.

Памежны знак  каля Весялоўкі

Рана ці позна дэмаркацыя, то бок пазначэньне лініі мяжы на мясцовасьці, дойдзе і да гэтай вёскі. Тым больш, што вяскоўцы, ходзячы ў лес па грыбы, бачылі ўжо ў ваколіцах драцяную загараду. Але ці паўстане такая загарада ўшчыльную да сядзібаў глыбоцкіх вяскоўцаў, пакуль не зразумела.

Апошнія пабудовы у Глыбоцкім перад мяжой

Зьдзіўляе і такая акалічнасьць. За прыватнымі гародамі ўбок украінскай Ільмаўкі зелянее масіў азіміны тутэйшага калгасу — цяперашняга ААТ “Сьцяг Радзімы”. Калі памежную паласу правядуць паўз падворкі і паставяць загараду, то за ёй застанецца калгаснае поле. Не пуставаць жа яму падчас усеабдымнага навядзеньня парадку на зямлі!

Паміж беларускім Глыбоцкім і ўкраінскай Ільмаўкай здавён існавалі цесныя повязі — і сваяцкія, і сяброўскія. Да апошняга часу беларусы часьцяком наведваліся да ўкраінцаў, каб прыкупіць харчу, гарэлкі ці віна, ласункаў для дзяцей і дарослых.

“Лічы, у два разы там усё таньней. Цяпер нічога несьці нельга праз наш спрошчаны пункт пропуску. Хочаш што везьці, едзь на памежны пераход у Новую Гуту”, — расказваюць пра тутэйшыя парадкі глыбоцкія вяскоўцы.

Як і што будзе, калі паставяць загарад, ніхто прагназаваць нават не бярэцца.

 

Даведка

Беларуска-ўкраінская дзяржаўная мяжа ўсталявана дамовай паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай аб дзяржаўнай мяжы ад 12 траўня 1997 году. Дэмаркацыя робіцца ў адпаведнасьці з пагадненьнем паміж урадамі дзьвюх краінаў, падпісаным 30 ліпеня 2014 году.

Агульная працягласьць беларуска-ўкраінскай мяжы складае 1084 кілямэтры. Каб правесьці дэмаркацыю, патрэбна ачысьціць каля 760 кілямэтраў прасекаў, усталяваць тры тысячы памежных знакаў, падрыхтаваць дэмаркацыйныя дакумэнты. На гэта спатрэбіцца сем-восем гадоў і 16-17 мільёнаў дэнамінаваных рублёў.

Дзяржаўны памежны камітэт на пачатку мінулага лета падаваў інфармацыю, што амаль на траціне мяжы дэмаркацыя ўжо зроблена.