Уладзімір Някляеў: апазіцыю падзялілі на тых, хто ў трэндзе, і на тых, хто не

Дэлегацыя Еўрапарламента, якая знаходзіцца ў Мінску 18-19 ліпеня, сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі. Прычым сустрэлася двойчы: з рознымі апазіцыйнымі структурамі асобна.

Па каментар Naviny.by звярнулся да ўдзельніка адной з гэтых сустрэч — паэта і палітыка, аднаго з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзіміра Някляева.

Фота svaboda.org

— Так. Сустрэчы было дзве, чаго раней не практыкавалася. І звязана гэта не са складам дэлегацыі, а са станам апазіцыі…

19 ліпеня еўрапарламентарыі сустрэліся з кіраўнікамі партый БНФ і «Справядлівы свет», сацыял-дэмакратычнай партыі і руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць», які ўваходзіць у кааліцыю «Беларускі нацыянальны кангрэс». А на дзень раней, 18 ліпеня, з дэлегацыяй ЕП сустрэліся кіраўнікі АГП, руху «За свабоду» і БХД, якія стварылі правацэнтрысцкую кааліцыю. Прычым сустрэліся яны асобна ад партыі БНФ (правай), але разам з кампаніяй «Гавары праўду», якую старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі назваў напярэдадні спонсарамі рэжыму. І хоць яно не зусім так, бо нельга зграбаць да кучы ўсіх актывістаў «Гавары праўду» і яе цяперашніх кіраўнікоў, але разыходжанне ў словах і дзеяннях відавочнае.

Ці хаўрус барацьбітоў з рэжымам і ягоных спонсароў — гэта цяпер нармальна? Бо азначае: быць у трэндзе.

Не ведаю, хто ініцыяваў гэтую падвойную сустрэчу, але падзел на тых, хто ў трэндзе, і на тых, хто не, дадае да прычын, па якіх апазіцыя ўнутрана размежаваная, яшчэ і прычыны знешнія. І пры гэтым правацэнтрысцкая кааліцыя, згадзіўшыся, мяркуючы па фармаце сустрэчы, на гэтакі падзел, заклікае аб'яднацца, каб разам рыхтавацца да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году: вылучыць адзінага кандыдата з адзінай праграмай.

Дык як, хто і з кім збіраеццца аб'ядноўвацца?..

— А вы лічыце, што гэта ўвогуле магчыма? Адзіны кандыдат, адзіная праграма?

— Пры цяперашнім стане апазіцыі — не. Я ўпэўнена заяўляю пра гэта, маючы досвед працы па вылучэнні адзінага кандыдата на выбарах 2010 і 2015 гадоў. Нічога з таго часу пынцыпова ў апазіцыі не змянілася. На жаль.

Вакол якіх пытанняў вялася размова на сустрэчы с прадстаўнікамі Еўрапарламенту?

— Гэта пытанні наспелых палітычных і эканамічных рэформаў, правоў чалавека, рэгістрацыі недзяржаўных арганізацый, спрашчэння візавага рэжыму. Але самае найвострае пытанне — беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні «Захад-2017», пры абмеркаванні якога я заявіў пра намер Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікаць людзей на акцыю пратэсту супраць гэтых вучэнняў.

І хоць пратэстныя вулічныя акцыі зараз, так бы мовіць, не ў трэндзе, ніхто з прысутных не сказаў, што гэтага не варта рабіць. Вучэнні «Захад-2017» разглядаюцца як небяспечныя не толькі для Беларусі, але і для тых краін, прадстаўнікі якіх у складзе дэлегацыі — Польшчы, Літвы, Латвіі…

— У каментарах да складу дэлегацыі Еўрапарламента паведамлялася, што некаторыя еўрадэпутаты належаць да прарасійскіх партый у сваіх краінах. Падчас сустрэчы гэта ніяк не выяўлялася?

— Не. Магчыма, таму што кіраўнік дэлегацыі Богдан Здраеўскі, які ўваходзіць у фракцыю Еўрапейскай народнай партыі, ну ніяк не належыць да лабістаў «русского мира». А менавіта ён задаў напрамак і танальнасць размовы. Дый астатнія...

Ва ўсякім разе ў тых пытаннях, якія задаваліся мне, не было ніякай заангажаванасці, прарасійскасці. Была спроба адэкватна ацаніць сітуацыю ў Беларусі і вакол яе.

 

 


  • Хотели как лучше, а получилось как всегда, шиворотнавыворот.
  • Не сдерживай слёз, Некляев, реви, реви!