Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Незалежнасць. Мова. Касцёл

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Сто гадоў таму, увесну 1917-га, цягам некалькіх тыдняў пасля пераходу ўлады да Часовага ураду і ўсталявання ў Расеі дэмакратычнай рэспублікі, кіраўнікі петраградскай супольнасці ксяндзоў-беларусаў стварылі арганізацыйны камітэт З’езду беларускага каталіцкага духавенства, які вырашылі праводзіць у Менску. Менск, на той момант прыфрантавы губернскі горад, укрыжаваны паміж занятай немцамі Вільняй і запруджаным расейскімі войскамі Магілёвам, стаўся ідэальнай пляцоўкай для пачатку беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху.

У арганізацыйны камітэт З’езду ўвайшлі Люцыян Хвецька, Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Францішак Будзька і Андрэй Цікота.

На зьезд, які адчыніўся раніцай 24 траўня 1917 году у Менскім катэдральным касцёле, прыбыло каля 30 святароў, пераважна з Усходняй Беларусі і Петраграду.

Парадак першага дня З’езду ўлучаў даклады арганізатараў і стварэнне камісіяў. Ксёндз Адам Станкевіч падае поўную праграму гэтага гістарычнага паседжання:

І. Даклады.

  1. Беларускі рух і яго адносіны да жыцця касцёльнага, а такжа да акцыі каталіцкай у Беларусі. Рэферэнт Адам Станкевіч.
  2. Акцыя палітычна-народная каталіцкага духавенства на Беларусі ў нашых часах. Стварэнне каталіцкай партыі. Рэферэнт ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.
  3. Акцыя духавенства грамадска-эканамічная. Рэферэнт ксёндз Вінцэнт Гарасімовіч.
  4. Акцыя прасветная. Рэферэнт ксёндз Фабіян Абрантовіч.
  5. Акцыя выдавецкая. Рэферэнт ксёндз Люцыян Хвецька.

 

ІІ. Выбар пяці камісіяў: жыцця касцельнага, палітычна-арганізацыйнага, школьнай, грамадска-эканамічнай, выдавецкай.

 

Як бачым, першы зьезд беларускай хрысціянскай дэмакратыі выявіў і ключавыя кірункі развіцця хадэцыі, і адначасова вызначыў лідэраў, якія павядуць за сабой БХД. Галоўнымі рашэннямі з’езду былі:

  1. Патрабаванне шырокай аўтаноміі Беларусі ў Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы.
  2. Навучанне ў школах па-беларуску.
  3. Увядзенне памалу ў касцёлах казанняў і дадатковых набажэнстваў у беларускай мове.
  4. Стварэнне беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі.
  5. Выданне уласнай беларускай газеты.

 

Рашэнне аб выданні ўласнай газеты аказалася найважнейшым вынікам з’езду 24-25 траўня. У віхуры падзеяў, калі цягам некалькіх месяцаў дэмакратычная ўлада змянялася бальшавіцкай, калі хвалямі пракочваліся па Беларусі грамадзянская вайна, нямецкая акупацыя, польская акупацыя, зноў савецкая акупацыя, крывавыя межы і падзелы — менавіта рэгулярнае выданне злучала і натхняла рассечаны франтамі паўсюдны беларускі рух да Хрыста і свабоды. Рэдакцыя і падпісчыкі “Крыніцы” 1917-1925 гадоў склалі аснову масавай хадэцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

На з’ездзе прапанавалі назваць газету “Бацькаўшчына”. Але 8 кастрычніка ў Петраградзе, які застаўся базай БХДЗ, выйшаў першы нумар “Крыніцы”. Арганізацыйна рыхтаваў гэта яшчэ з 1916 году Фабіян Абрантовіч, рэдактарам стаўся ксёндз Люцыян Хвецька.

Да канца 1917 году выйшла 6 нумароў “Крыніцы”, прычым № 3 быў надрукаваны ў Менску — але паколькі Менск апынуўся ў самым жарале вайны, рэдакцыйная праца вялася па-ранейшаму ў Петраградзе. Наклад першых нумароў складаў 300 асобнікаў, затым павялічыўся да 500 і 700-800, і далей дасягаў 4-5, а падчас выбараў і 10 тысячаў асобнікаў.

Напачатку, паколькі асноўная частка газеты пашыралася праз каталіцкія парафіі, “Крыніца” выходзіла лацінкай.

Менавіта ў “Крыніцы” былі скшталтаваныя ідэйныя асновы БХД. У адным з першых нумароў чытаем: “ Найлепшая тая арганізацыя, каторая можа даваць сваім сябрам прасьвету, а зь ёю культуру, каторая дбае аб дабро сяброў эканамічнае, ды тож не выкідае з сваёй мэты жыцьця рэлігійнага. Гэткай арганізацыяй ёсьць Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць. Яна будуецца на вялікіх хрысьціянскіх законах, выказаных праз папежа Лявона ХІІІ, у яго акружных пісьмах. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце злучыць усіх хрысьціян, найбольш каталікоў, у адну моцную арганізацыю, каторая памагала б у барацьбе з труднасьцямі жыцьця і супакойвала б патрэбы душы. Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць мае на мэце не рэлігійныя патрэбы, а эканамічныя і грамадзянскія, пранікнутыя духам Хрыстовым — безь ненавісьці, безь несправядлівай барацьбы.”

Пасля гістарычнага з’езду 24-25 траўня 1917 года вызначыліся два галоўныя агмяні БХДЗ — Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць у Петраградзе і Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць Беларусаў у Менску.

Галоўнымі працаўнікамі заснаванай ХДЗ у Петраградзе былі айцец Фабіян Абрантовіч і ксёндз Люцыян Хвецька. На іх кватэрах штонядзелі адбываліся сустрэчы й нарады. У касцёле святога Станіслава хрысціянскія дэмакраты збіраліся слухаць беларускія казані, спевы, ладзілі прадстаўленні. Да Злучнасці найперш гарнуліся беларусы-уцекачы ды супрацоўнікі сталічных грамадскіх установаў-каталікі. Па-ранейшаму вялікую ролю адыгрываў тут Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Ужо ў другой палове 1917 года спісавы склад ХДЗ у Петраградзе дасягнуў 300 чалавек, сотні удзельнічалі ў мерапрыемствах. Ксёндз Станкевіч апісвае сцяг ХДЗ: на адным баку“Пагоня” на васільковым тле, на іншым — абраз Маці Божай Вастрабрамскай на белым.

Сталіца імперыі перажывала страшныя часы рэвалюцыйнай разрухі, гвалту, голаду, тэрору — але і напрыканцы 1917-га, і ўвесь 1918 год гняздо хрысціянскай дэмакратыі прыцягвала, выхоўвала, адагравала адарваных ад Радзімы беларусаў і рыхтавала актыў для працы на сваёй зруйнаванай зямлі.

23 студзеня 1918 года бальшавікі абвясцілі пра аддзяленне Царквы ад дзяржавы — што азначала пераслед як святароў і вернікаў, так і ўсякай хрысціянскай дзейнасці.

Тым ня менш, 14-16 лютага 1918 года менавіта ў Петраградзе прайшоў ІІ зьезд беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў. Сярод іншага, ён прыняў рашэнне аб імкненні да незалежнасці Беларусі:

“У адносінах да малых народаў як Літва, Латвія, Беларусь, Україна трэба стаяць на грунце поўнага іх самаазначэньня”.

Нагадаем, да прыняцця ІІІ статутнай граматы БНР заставалася яшчэ больш месяца.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

 

 


  • Как не ставь оценку, будет 5. КЛАСС.
  • Незалежнасць. Мова. Касцёл - и борец с онкобольными за мову Случак.